Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Сёлета ўпершыню за парты Крыўлянскай сярэдняй школы сядуць 11 хлопчыкаў і дзяўчынак. 1 верасня яны, прыгожыя, крыху ўсхваляваныя, з вялізнымі букетамі кветак прыйшлі разам са сваімі любячымі бацькамі на ўрачыстую лінейку, прысвечаную Дню ведаў.
Павіншаваць школьнікаў з пачаткам іх цікавага і пазнавальнага шляху па Краіне ведаў прыйшлі шаноўныя госці. Цёплыя і шчырыя словы з пажаданнямі выдатных адзнак у дзённіках прагучалі ад дырэктара школы Аляксандра Казюры, старшыні раённага Савета дэпутатаў Анатоля Шалтанюка, настаўніцы першакласнікаў Алены Марковіч, матулі аднаго з іх Наталлі Лесавец.
Прысутнічаў на школьным свяце, прысвечаным Дню ведаў, паважаны госць – пракурор Брэсцкай вобласці, дзяржаўны саветнік юстыцыі 3 класа Віктар Клімаў.
– Дарагія дзеці, бацькі, настаўнікі, госці, – гаварыў Віктар Дзмітрыевіч. – Віншую вас з такім цудоўным і светлым святам! Беларусь – краіна магчымасцяў. Таму, дзеці, вучыцеся добра, веды вам спатрэбяцца ў жыцці. Асабліва віншую першакласнікаў і выпускнікоў. Маленькім жадаю добрай вучобы, а выпускнікам – каб знайшлі сваю самую лепшую жыццёвую дарогу. Радуйце бацькоў выдатнымі адзнакамі і трывалымі ведамі.
Залівісты школьны званок у руках першакласніка Рамана Лесаўца і выпускніцы Ганны Пікалюк паклікаў дзетак за парты. У адрамантаваных класах і калідорах пасля летніх канікулаў зноў зазвінелі дзіцячыя галасы.
