Сярод нараджэнцаў Жабінкаўшчыны няма ніводнага Героя Савецкага Саюза.
І ўсё ж, у ліпені 1944 года пры вызваленні нашага раёна вызначыліся дзве асобы, чые імёны цяпер красуюцца ў спісах герояў. Пра іх подзвігі — наш кароткі расказ.
Мікалай Пятровіч ПУСТЫНЦАЎ (1911–1990) нарадзіўся ў сяле Пакроўскае Хабараўскага края. Пасля заканчэння Варонежскага педінстытута да самай вайны ён настаўнічаў. Як выбухнула ліхалецце, 30-гадоваму педагогу давялося адкласці ўбок падручнікі ды вучнёўскія сшыткі і ўзяць у рукі аўтамат. Неўзабаве гвардыі сяржант Пустынцаў апынуўся ў самай гушчэчы падзей, трапіўшы ў разведку. Найбольш вызначыўся ў бітве за Днепр. 20 снежня 1943 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У ліпені 44-га гвардзейцы былі ўжо на подступах да Жабінкаўшчыны. Неацэнную дапамогу аказалі партызаны атрада імя Чарнака, якія 20 ліпеня паблізу Мажэйкаў перадалі каштоўныя звесткі пра ўмацаванні гітлераўцаў вакол Жабінкі і Брэста. Аднак карціна настолькі хутка мянялася, што камдыў Глеб Корчыкаў запатрабаваў неадкладна пераправерыць дадзеныя, атрыманыя ад народных мсціўцаў. У штаб былі выкліканы шэсць разведчыкаў на чале з камандзірам аддзялення разведроты Пустынцавым, якім было загадана неадкладна “прагуляцца” па варожых тылах. Паблізу Алізарава Става яны перайшлі лінію фронту і праз Сакалова, Веташкі, Плоску дабраліся да горада над Бугам. Стуль па рацыі перадалі дадзеныя пра сілы немцаў, каардынаты вогненных і абарончых пазіцый праціўніка, дабылі каштоўнага “языка”. Усё гэта дазволіла пачаць дывізіі паспяховае наступленне.
Свой вайсковы паход Мікалай Пятровіч завяршыў у Германіі. Дэмабілізаваўся ў званні гвардыі старшага лейтэнанта, вярнуўся да сваёй мірнай працы. Выкладаў у Мурманску і Маскве. Памёр Мікалай Пустынцаў 15 чэрвеня 1990 года ў расійскай сталіцы. Меў бясспрэчны пісьменніцкі талент. Самая вядомая кніга, што выйшла з-пад яго пяра, — “Скрозь свінцовую завею. Запіскі разведчыка”.
У ёй неаднойчы згадваецца імя гвардыі старшыны Аляксея Лявонцьевіча ПШАНІЧКІ (1924–1945). Менавіта Алёшка быў тым, каму Пустынцаў даверыў узяць “языка”. Ротны цудоўна ведаў, каму даць такое адказнае заданне…
Просты ўкраінскі хлопец з мілагучным прозвішчам Пшанічка, якому споўнілася толькі дваццаць, вызначаўся адчайнай смеласцю і адвагай, прайшоў шлях ад радавога разведчыка да камандзіра ўзвода. Ён ужо паспеў паваяваць на Курскай дузе, вызваляў родную Украіну, а цяпер і Беларусь. Больш за дзве сотні разоў Пшанічка і ягоныя “каласкі” пераходзілі лінію фронту, здабыўшы каля 60 палонных немцаў. Аляксей Лявонцьевіч меў два медалі “За адвагу”, стаў кавалерам ордэнаў Славы ІІ і ІІІ ступеняў, Айчыннай вайны ІІ ступені і Чырвонага Сцяга. Аднак гэты спісак невычарпальны. Яшчэ — ордэн Леніна і Зорка Героя, якія ён ніколі не апранаў, паколькі высокія ўзнагароды былі атрыманы за бой, з якога юнак не вярнуўся жывым.
Гэта адбылося ў лютым сорак пятага ва Усходняй Прусіі. Разведчыкі пад камандаваннем Аляксея адбілі чатыры атакі гітлераўцаў, пакрышылі да сотні варожых салдат, трымаючы абарончы рубеж. У крытычны момант Пшанічка ўзняў сваіх байцоў у контратаку, здабыўшы перамогу коштам уласнага жыцця.
На календары была пятніца 16 лютага 1945-га. У гэты самы дзень Алёшу споўніўся
21 год. Сумным надарыўся той дзень нараджэння, які стаў і днём смерці.
Главные новости
