Прычынай большасці аварый, у якіх пацярпелі дзеці, з’яўляюцца грубейшыя парушэнні Правілаў дарожнага руху вадзіцелямі: перавышэнне хуткаснага рэжыму, парушэнне правілаў абгону, выезд на паласу сустрэчнага руху і невыкарыстанне ў аўтамабілях дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў. Пачаць барацьбу з ахвярамі дарог патрэбна з малога — з выкарыстання рамянёў і крэслаў бяспекі. Прынцыповая неабходнасць гэтага абумоўлена тым, што пры рэзкім тармажэнні і сутыкненні нават на хуткасці 50 км/г вага пасажыра, у тым ліку з дзіцём на руках, павялічваецца ў некалькі дзясяткаў разоў.
Так, калі вага дзіцяці 10 кг, то ў момант сутыкнення транспартнага сродку яно будзе важыць ужо каля 300 кг і ўтрымаць яго рукамі ад рэзкага ўдару аб пярэдняе сядзенне ці ветравое шкло практычна немагчыма. Акрамя таго, у гэтым выпадку непрышпілены дарослы, які трымае дзіця на руках, можа проста раздавіць яго сваёй вагою.
Вадзіцелі, памятайце: перавозка дзяцей дапускаецца пры ўмове забеспячэння іх бяспекі (з улікам асаблівасцей канструкцыі транспартнага сродку) такім чынам, каб у выпадку рэзкага тармажэння, сутыкнення ці апракідвання аўтамабіля была выключана ці зменшана небяспека траўміравання дзіцяці. Абмежаванне яго рухомасці ў транспарце забяспечваецца прымяненнем спецыяльных дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў: люлькі, здымнага крэсла, дадатковага сядзення, а таксама рэменя бяспекі аўтамабіля. Іншымі сродкамі могуць быць спецыяльная падушка для сядзення (бустар) ці іншае прыстасаванне, якое дазваляе выкарыстоўваць рамяні бяспекі для фіксацыі дзіцяці ў транспартным сродку такім чынам, каб рэмень праходзіў праз плячо і грудную клетку малога і не саслізгваў на шыю.
Супрацоўнікі ДАІ Брэстчыны штомесячна арганізуюць розныя прафілактычныя акцыі, якія заклікаюць вадзіцеляў быць пільнымі за рулём. Так, з 15 па 24 лютага на Жабінкаўшчыне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Зробім дарогу бяспечнай!”, накіраваная на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў.
Раман КРУПКО, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Жабінкаўскага РАУС.
Главные новости
