Перамога прывяла ў ВНУ

Сёлетнія выпускнікі толькі рыхтуюцца, каб паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, а для Дар’і Балакер з трэцяй гарадской школы гэтая планка ўжо пакарылася.
Справа ў тым, што дзяўчына паўдзельнічала ў заключным этапе рэспубліканскай алім-піяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, які праводзіўся ў Гародні. І не проста прыйшла да фінішу, але перамагла. На алімпіядзе, якая праводзілася ўжо другі год, каля сарака выпускнікоў з усёй Беларусі дэманстравалі не толькі тэарэтычныя веды, але й практычныя ўменні ў спартыўных гульнях, узровень сваёй фізічнай падрыхтоўкі. У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, дзе падводзіліся вынікі, усяго чацвёра з удзельнікаў былі названы найлепшымі. Сярод пераможцаў і наша Даша. Гэты поспех на агульнарэспубліканскім узроўні дазваляе ёй стаць студэнткай ВНУ.
Падрабязней пра Дар’ю Балакер (на здымку разам з настаўнікам Сяргеем Карпуком) і яе шлях у спорце чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў “СП”.
Анатоль БЕНЗЯРУК