ПЕДАГОГ — АСОБА ТВОРЧАЯ

Першы веснавы месяц стаў для Крысціны ЦЮРКО (на здымку) часам поспеху і прафесійнага росту. Настаўніца СШ № 3 Жабінкі годна паўдзельнічала ў конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны”.

Для яе трэцяя гарадская са-праўды родная. Дзесяць гадоў таму школа дала Крысціне Цюрко пуцёўку ў жыццё, а ў 2017-м пасля Мінскага дзяржаўнага лін-гвістычнага ўніверсітэта стала для яе першым месцам працы. Так, пяць гадоў таму маладым спецыялістам яна вярнулася ў родную школу, каб цяпер самой вучыць дзяцей.
З цеплынёй Крысціна Віктараўна згадвае Ларысу ЦІХАМІРАВУ, якая ў пачатковай школе навучыла англійскаму алфавіту і першым словам на мове Шэкспіра, і свайго класнага кіраўніка Вольгу КАРПУК. Вольга Фёдараўна таксама выкладае замежныя мовы і адразу заўважыла цікавасць дзяўчыны да свайго прадмета. Крысціна мэтанакіравана рыхтавалася да атрымання вышэйшай адукацыі, паспяхова ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах і канферэнцыях.
Крысціне Цюрко заўсёды было прыемна ў роднай школе і цяпер, ужо настаўніцай, яна дапамагае сваім вучням асвойваць нямецкую мову. Летась разам з калегай Інай ПАЎЛЮЧЫК падрыхтавала да перамогі ў раённай навуковай практычнай канферэнцыі сваіх вучаніц — Ганну КОБЕЦ і Ангеліну ГАРАДКАВЕЦ, былі поспехі выхаванцаў Крысціны Віктараўны і ў школьных алімпіядах.
Аднак не толькі вучні, але і сама настаўніца імкнецца да вяршыняў. Восенню мінулага года адбыўся раённы этап абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”, дзе Крысціна Цюрко стала найлепшай. Затым у Брэст даслала заяўку з відэазапісам урока і невялікай прэзентацыяй “Чаму я стала настаўніцай”, каб паўдзельнічаць у абласным этапе. З дваццаці прэтэндэнтаў патрабавальнае журы адабрала для фіналу ўсяго сем удзельнікаў. У гэтай шчаслівай сямёрцы аказалася і педагог з Жабінкі.
У сакавіцкія дні, калі ў горадзе над Бугам ладзілася настаўніцкае спаборніцтва, Крысціне Цюрко давялося даць адкрыты ўрок у незнаёмым класе, затым паўдзельнічаць у конкурсе “Педагог — асоба творчая”. І нарэшце адбыўся заключны і самы запамінальны этап, на якім вялізную падтрымку Крысціна Віктараўна атрымала ад калег і дзяцей. Яны дадалі ўпэўненасці, дапамагаючы і на сцэне, і ў зале.
— Без іх гарачай падтрымкі і веры ў мяне, — прызнаецца настаўніца, — было б значна цяжэй.
Канкурсантка паказала сябе вельмі вынаходлівай, калі ёй давялося разблытваць няпростыя педагагічныя сітуацыі, якія прапанавалася вырашыць у лічаныя хвіліны. Спаборніцтва выдалася сапраўды нежартоўным.
Нарэшце журы выдалілася, каб параіцца і вынесці свой вердыкт. Усе ў нецярплівасці чакалі вынікаў. Каб тое чаканне не стала надта напружаным, юныя выхаванцы абласнога цэнтра моладзевай творчасці прапанавалі сваю канцэртную праграму.
І вось — чаканыя вынікі. Крысціна Цюрко абвешчана пераможцай у намінацыі “Педагогіка творчасці”. Асабістае віншаванне і дыплом яна атрымала з рук начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Юрыя ПРАСМЫЦКАГА. Запомнілася пажаданне Юрыя Мікалаевіча рухацца да наступных поспехаў, не спыняцца на сваім педагагічным шляху.
— Лічу, што гэты поспех агульны, — сказала напрыканцы настаўніца. — Вельмі хочацца прыгадаць усіх, хто дапамог мне ў яго здзяйсненні. Гэта не толькі згаданая раней Вольга Карпук, але й Вольга Уладзіміраўна ЗАВЯРЖЭНЕЦ ды ўсе настаўнікі англійскай мовы і адміністрацыя роднай школы. Жадаю ўсім творчых поспехаў і здароўя.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара