У панядзелак, 19 красавіка, адбылася шчырая размова на дыялогавай пляцоўцы, створанай раённым аб’яднаннем прафсаюзаў. На сустрэчу ў кінатэатр “Юбілейны” былі запрошаны кіраўнікі галіновых і буйных пярвічных прафесійных арганізацый, сваімі меркаваннямі падзялілася з прысутнымі намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына.
Размова сапраўды атрымалася адкрытай. Найперш Алена Анатольеўна спынілася, што называецца на бягучым моманце.
Апошнім часам у інтэрнэце адзін за другім з’явіліся тры паведамленні, якія тычыліся працоўных адносін у арганізацыях Брэстчыны, але не адпавядалі рэчаіснасці. Нават хуткай праверкі, якую правялі прафсаюзы, хапіла, каб усвядоміць: перад намі звычайныя фэйкі. Таму за кожным такім выпадкам аператыўна вынікала абвяржэнне і падавалася праўдзівая інфармацыя.
Разам з тым, на думку намесніка старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў, часам сябры арганізацыі занадта сціплыя, хоць ім ёсць чым ганарыцца. Пагэтаму не прайшла незаўважанай ініцыятыва “Прафсаюзы ў асобах”. “Трэба пісаць пра нашых людзей, правільная акцыя ад адукацыі!” — пахваліла Алена Анатольеўна. Да таго ж 7 мая па традыцыі ў горадзе над Бугам будуць ушанаваны каля сарака пераможцаў конкурсу “Умельцы Брэстчыны”. На адным з тэлеканалаў, які прадстаўлены і на ютубе, запускаецца праект, што будзе распавядаць пра тых, хто звязаў свой лёс з прафсаюзным рухам. А ў нашым раёне адначасова абвешчаны фотаконкурс, прысвечаны святу працы.
Зазначым, што сярод прафесійных аб’яднанняў краіны берасцейцы шмат у чым наперадзе. Прыкладам, актыўна дзейнічаюць, ствараючы пярвічкі сярод прыватных арганізацый. Іх за першы квартал гэтага года ўзнікла ўжо 147, прычым 18 — на Жабінкаўшчыне. Гэта сведчыць, што прафсаюзная каманда ў вобласці зладжаная, праца ў кожным раёне наладжана, як належны механізм. “Пазітыўнага, добрага, важнага прафсаюзы маюць шмат як па колькасных, так і па якасных паказчыках. У прафсаюзах, лічу, няма выпадковых людзей. Пярвічкі — наш сапраўдны стрыжань, фундамент, што непасрэдна працуе на месцах, а мы толькі іх памочнікі. Асабліва перажываю за ваш раён — самы лепшы, прыгожы, утульны”, — падкрэсліла госця.
Сярод найбліжэйшых задач, якімі патрэбна заняцца ў бліжэйшы час, — дайсці да кожнага прадпрыемства, цэха, а галоўнае — асабіста да ўсялякага чалавека, каб, шчыра гледзячы вочы ў вочы, выслухаць і, калі ўзнікае патрэба, дапамагчы, растлумачыць сваю пазіцыю. Задача няпростая, бо толькі на Жабінкаўшчыне налічваецца 95 пярвічак, але выканальная.
У рамках дыялогавай пляцоўкі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская нагадала пра гісторыю прафсаюзнага руху ў Беларусі, сучаснае яго развіццё. Напярэдадні 35-х угодкаў чарнобыльскай аварыі не засталіся па-за ўвагай і тыя намаганні, што прадпрымала дзяржава, каб ліквідаваць вынікі трагедыі.
Асобна ўдзельнікі закранулі пытанні ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, санаторна-курортнага аздараўлення, турызму, сённяшняй няпростай сітуацыі, звязанай з пандэміяй. На барацьбу з кавідам у вобласці выдаткавана ўжо больш за два мільёны рублёў. “Гэта ніякі не піяр, а рэальны паказчык нашых спраў”, — зазначыла Алена Гурына. Яе словы дапоўніў загадчык тэрапеўтычнага аддзялення, старшыня прафсаюзнай арганізацыі медыкаў раёна Віталь Вялько. Прынамсі, ён паведаміў, што чакаюцца наступныя хвалі захворвання, калі не пачнецца салідарная вакцынацыя. Ускладненні пасля яе перабольшаныя. Са свайго боку, медыкі гатовыя раз за разам наведваць калектывы, каб расказваць пра неабходнаць прышчэпкі. Задача стаіць вакцынавацца большасці да кастрычніка, тэрмін прыспешвае, таму і прафсаюзам варта быць надзейным памочнікам медыкаў у гэтай справе.
Напрыканцы нагадаем: застаюцца лічаныя дні да Сусветнага дня аховы працы і Першамая — галоўнага свята працоўных. З гэтай нагоды Прэзідыум Савета Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў выдаў адпаведныя пастановы. У іх знайшлі адлюстраванне мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтых памятных дзён.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы БЯЛЯК
Главные новости
