Павінны быць даступнымі для ўсіх

Размова пойдзе аб прадуктах харчавання, якія патрэбны людзям практычна кожны дзень, а таксама пра найбольш неабходныя лекі. Яны сапраўды павінны быць даступнымі для ўсіх.
Як вядома, айчынныя прафсаюзы штомесяц аналізуюць кошты на тавары, якія без перабольшвання неабходныя кожны дзень. Нядаўна ўрад краіны прыняў пастанову “Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн на сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці”. На яе падставе з першага веснавога месяца маніторынг цэнавай сітуацыі на спажывецкім рынку будзе праводзіцца штотыднёва.
Нагадаем, пытанне аб неабходнасці ўвядзення абмежаванняў на рост цэн Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзнімала з пачатку года, паколькі аналіз, праведзены спецыялістамі ФПБ, выявіў істотнае павышэнне коштаў на шэраг тавараў. У выніку ўрад пастанавіў з 1 сакавіка не дапускаць у краіне рост цэн на прадукты і лекі першай неабходнасці больш за 0,2 працэнта ў месяц.
У кожным раёне Беларусі вызначаны спісак магазінаў і аптэк, у якіх прадстаўнікі прафсаюзаў раз у тыдзень будуць правяраць фактычную наяўнасць, асартымент і запасы прадуктаў ды медыкаментаў. На Жабінкаўшчыне маніторынгам ахоплены магазін “Бакалея” ў мікрараёне цукровага завода і крама “Родны кут” на вуліцы Кірава. Будзе таксама праводзіцца маніторынг лекаў у Жабінкаўскай цэнтральнай раённай аптэцы № 27 і аптэцы “Белана”, размешчанай на скрыжаванні вуліц Леніна і Свабоды.
Анатоль БЕНЗЯРУК