ПАВЕТРАНЫ БОЙ КАЛЯ ЖАБІНКІ

Нарыс

У спякотныя дні сорак першага года горача было не толькі на зямлі. Гарэла і неба, у якім кружылі самалёты з чырвонымі зоркамі і чорнымі крыжамі. Пад Кобрынам, на вайсковым аэрадроме Імянін, месціўся (зусім не дзеля імянінаў) 123-ці знішчальны авіяполк. Яму давялося ўступіць у паветраныя баі ў самыя першыя гадзіны вайны.

І.

Аэрадром прачнуўся яшчэ да вайны.
Да першых выбухаў, што хутка страсануць памежжа, заставалася пара гадзін. На календары чырванеў лісток: нядзеля, 22 чэрвеня сорак першага.
Раптоўна абарвалася сувязь — пад покрывам ночы пашчыравалі варожыя дыверсанты. Эскадрыллі засталіся без слыху, не было чутно загадаў камандавання. Хвіліны набліжалі ўварванне. А затым — рэкі агню хлынулі з-за Буга на Цытадэль, а ў небе закружалілі самалёты з крыжамі. Яны джалілі Імянін, не дазваляючы савецкім летакам узняцца ад зямлі.
Аднак тыя насуперак усяму, пачуўшы на досвітку сігнал трывогі, усё ж узляталі.
…Увысь узняліся лабастыя, шыракакрылыя знішчальнікі “І-153” — так званыя “Чайкі”. Іх вёў кампалка маёр Барыс Сурын. За камандзірам шчыльнымі радамі выстраіліся лётчыкі Калабушкін, Фунтусаў, Украінцаў, Катлінскі, Мажаеў, намеснік камэскі па палітычнай часці Карчагін, камандзір звяна лейтэнант Заўгародні… Полк быў моцна падранены на аэрадроме, і ўсё ж сокалы, што адарваліся ад зямлі, расправілі крылы. Адвагі і мужнасці ім было не займаць, лётнага майстэрства — тым больш.
Сатрасаючы паветра, грозна плылі ў небе “Хейнкелі”. Іх гул быў падобны на гукі “вя-зу”, “вя-зу”. На борце кожнага нямецкага бамбардзіроўшчыка знаходзілася тона фугасных, асколачных, запальных авіябомбаў. Ніжэй за іх жураўліным парадкам ішлі аднаматорныя пікіроўшчыкі — “Юнкерсы”. Нездарма іх называлі паветранымі шакаламі: сваім віскатлівым выццём “Юнкерсы” ўжо наводзілі жах на жыхароў Варшавы і Бялграда, Ротэрдама і Кавентры… Цяпер пад імі была беларуская зямля: нашы Брэст, Жабінка, Кобрын.
Савецкія лётчыкі рашуча ўступілі ў бой, раз за разам ішлі ў атаку. Першым дасягнуў перамогі лейтэнант Іван Калабушкін. З кароткай дыстанцыі ён літаральна ўваткнуў гарачы свінец у бок цяжкага “Хейнкеля”. Той уздрыгануўся, заваліўся на крыло і, пакідаючы за сабой густы шлейф дыму, урэзаўся ў глебу.
Аднак сустрэча з ворагам не абышлася бясследна і для чырваназорнай машыны. Калабушкін пачуў моцны трэск пад сваім самалётам і толькі пры пасадцы пабачыў, што варожыя кулі прабілі скаты. Самалёт-знішчальнік прызямліўся на абады і заціх.
Чэрвеньскае паветра было напоўнена гулам. Адна за адной прызямляліся “Чайкі”. Здавалася, вяртаюцца ўсе. Ды не… Сэрца Івана Мікалаевіча трывожна заныла: з бою не выйшаў камэска Катлінскі. Гэта была першая страта ў палку. Першая, але, на жаль, не апошняя. Жывым не вярнуўся маёр Сурын. Яго месца заняў капітан Міхаіл Саўчанка (праз чатыры дні і ён складзе галаву).
Свой подзвіг у жабінкаўскім небе здзейснілі два старшыя лейтэнанты: ад’ютант эскадрыллі Аляксандр Жмаеў і памочнік штурмана Іван Фядзяй. Гэта быў іх першы і апошні бой. Сёння ў Жабінцы ў гонар адважных сокалаў названы вуліцы.
З баявога задання не вярнуўся і лейтэнант Іван Шамрай. Аднак яго пахавалі заўчасна — той, каго палічылі зніклым без вестак, аказаўся жывым і дайшоў-даляцеў з баямі да Перамогі.

ІІ.

А 22 чэрвеня — гэты амаль бясконцы, самы доўгі дзень года — толькі пачынаўся. Над Брэстам а дзясятай гадзіне адным з першых у той вайне пайшоў на паветраны таран лейтэнант Пётр Рабцаў. Яго імя зараз носіць адна з брэсцкіх вуліц.
Так, перадыху не было. Вайна такой раскошы не давала.
Механікі хутка змянілі шасі на машыне Калабушкіна. А затым — каманда на ўзлёт. І зноў, моцна равучы рухавікамі, падскокваючы на няроўнасцях поля, “Чайкі” ўзмылі ў паветра. Адну з баявых машын вёў Георгій Жыдаў.
Раптам злева з кучавой воблачнасці вынырнулі два “Юнкерсы”. Іван Калабушкін прасігналіў Георгію пакачваннем крылаў. Гэта было “запрашэнне” да атакі. Жыдаў зразумеў сігнал. Але варожыя самалёты вырашылі бой не прымаць і пачалі разварочвацца.
Куды там! У азарце вядучы Іван Калабушкін не мог упусціць “здабычу”. Даўшы поўны газ магутнаму матору, ён першым пагнаўся за няпрошанымі гасцямі. Ззаду прыкрываў Георгій Жыдаў.
Свінцовы дождж кулямётаў Калабушкіна зрабіў сваю справу. Матор “Юнкерса” ў небе над Жабінкай быў прашыты вогненным сцяжком, з раненага чэрава сцярвятніка паказаліся языкі полымя, а затым — гучны ўдар і агнявы слуп узляцеў да самага неба…
Новая перамога прынесла радасць, але сілы ўсё ж былі няроўныя. Авіяполк нёс страты. Прыйшоў горкі час адступлення — пад Пінск, Бабруйск і далей — да Масквы і Ленінграда.
Чырваназорныя машыны ляцелі на ўсход. Вярнуцца на захад вызваліцелямі ім давялося толькі праз дні, месяцы, гады крывавай вайны…

ІІІ.

Два лётчыкі, якія вызначыліся ў жабінкаўскім небе, сталі Героямі Савецкага Саюза.
Іван Калабушкін (1915-1985) сваю “Залатую Зорку” пад нумарам 667 атрымаў 4 сакавіка 1942 года. Хутка яго землякі з вёскі Студні даведаліся пра гераічныя справы Івана Мікалаевіча. Яны сабралі 125 тысяч рублёў на новы самалёт і накіравалі ліст самому Сталіну. У паперы прасілі ўручыць гэтую баявую “птушку” земляку-герою. Просьба калгаснікаў была пачута.
Усяго Калабушкін здзейсніў больш за 200 баявых вылетаў, збіў 15 самалётаў праціўніка. Вайну Іван Мікалаевіч закончыў маёрам, жыццё — генерал-маёрам.
Яго таварыш у тым памятным баі паблізу Жабінкі разанец Георгій Жыдаў (1916-1974) даслужыўся да палкоўніка. Героем Савецкага Саюза Георгій Міканоравіч стаў 14 лютага 1943 года. Яго нумар у геройскім спісе — 808-ы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: лётчыкі-асы Іван КАЛАБУШКІН і Георгій ЖЫДАЎ, якія змагаліся і перамагалі ў нашым небе.