У цэнтры Жабінкі прышвартаваліся два “караблі”. Кожны з іх ішоў сваім “галсам”. Вецер дзьмуў то ў левы борт, то ў правы, але апынуліся яны ў адной гавані, імя якой “Вуліца Свабоды”.
Больш за трыццаць гадоў стаіць на якары “карабель” пад назваю “Сярэдняя школа № 3 Жабінкі”. А Жабінкаўская агульнаадукацыйная спецыяльная школа-інтэрнат сёлета святкуе паўвекавы юбілей.
З рэарганізацыі ўсё і пачалося
Напрыканцы 1970/1971 навучальнага года тагачасны дырэктар Дзмітрый Самусік афіцыйна паведаміў пра рэарганізацыю папярэдняй установы ў спецыяльную школу-інтэрнат, хоць адпаведныя дакументы прыйшлі яшчэ ў лютым. Таму настаўнікам трэба было ехаць у Ленінград паступаць у інстытут імя Герцэна на дэфекталагічны факультэт, на тыфлааддзяленне, вывучыць галоўныя хваробы і асаблівасці карэкцыйнай работы з навучэнцамі ў залежнасці ад захворванняў вачэй. Неабходна было стаць знаўцам тыфлапедагогікі і тыфлапсіхалогіі, авалодаць лагапедыяй, адолець шрыфт Луі Брайля. Да слова, вядомы французскі тыфлапедагог жыў у ХІХ стагоддзі. Ён аслеп у раннім дзяцінстве, а рэльефна-кропкавы шрыфт вынайшаў у 1829 годзе. Гэтым шрыфтам друкуюць кнігі для сляпых і сёння.
Першымі ў Ленінград у 1971 годзе паехалі настаўнік матэматыкі Ніна Гямбіцкая і аўтарка гэтых радкоў. Следам накіраваліся настаўнік фізікі Мікалай Клімук, біёлаг Надзея Небялюк, гісторык Раіса Андрасюк, настаўнік нямецкай мовы Вікторыя Ліс, дырэктар школы Дзмітрый Самусік, яго намеснікі Яўгенія Сасноўская і Вольга Дошчык, выхавальнік Раіса Юрчук ды іншыя. Вынікам навучання сталі дзяржаўныя экзамены і ў 1976 годзе Усесаюзная нарада педагогаў і кіраўнікоў спецшкол і навуковых прадстаўнікоў кафедраў Ленінградскага педінстытута на базе Жабінкаўскай спецшколы-інтэраната. З усяго Савецкага Саюза — ад Камчаткі да Брэста — з’ехаўся народ у Жабінку. Цяпер нават цяжка ўявіць аб’ём усёй работы па падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства: добраўпарадкаванне тэрыторыі, стварэнне і афармленне кабінетаў па навучальных прадметах, навядзенне парадку ў вучэбным і спальным карпусах, харчаблоку і медкабінеце, на школьным стадыёне. У кабінетах з’явіліся новыя тэхнічныя сродкі: чатыры кінаапараты, эпіскопы, прайгравальнікі і іншыя. Настаўнікі рыхтавалі адкрытыя ўрокі пад кіраўніцтвам метадыстаў з горада на Няве.
Дзень сённяшні, або Праз 50 гадоў
Сёння, як і паўвека таму, “карабель”-спецшкола ўсё яшчэ не спускае ветразі. На змену папярэдняму прыйшло новае пакаленне педагогаў, якое таксама закончыла дэфекталагічны факультэт, цяпер ужо ва педуніверсітэце Мінскага педінстытута імя Максіма Танка ў Мінску.
Завітаўшы на тэрыторыю школы-інтэрната, нельга не заўважыць спецыяльнае афармленне: ад навучальнага корпуса да спальнага ўздоўж харчаблока па абодва бакі дарожкі ўсталяваны каляровыя поручні. З дапамогай іх сляпыя і слабавідушчыя дзеці вучацца арыентавацца і самастойна перамяшчацца. Каля спальнага корпуса абсталявана сэнсарная клумба, дзякуючы якой хлопчыкі і дзяўчынкі пальчыкамі вучацца адрозніваць розныя віды грунту: пясок, гліну, чарназём, гравій… Вясной выхавальнікі высяваюць на клумбе насенне мяты, кропу, пятрушкі, лаванды, календулы. Такім чынам развіваецца ўласцівасць успрымаць раздражненні са знешняга асяроддзя і адрозніваць расліны па паху. Побач з клумбай падарунак ад італьянскіх сяброў — дзіцячая пляцоўка і міні-футбольныя вароты.
У сталовай школы-інтэрната ўсё чыста, акуратна, новая мэбля, сталы і крэслы. А прыемны інтэр’ер, як вядома, спрыяе добраму апетыту. Меню для навучэнцаў школы-інтэрната распрацоўвае дыетсястра, стравы смачныя, карысныя і разнастайныя.
Як казаў герой аднаго мультфільма: “Ну, паелі, можна і паспаць”. Раней у дартуары (спальным корпусе), пабудаваным у 1962-1964 гадах, з вялікімі казарменнага тыпу пакоямі, размяшчаліся па 18-20 ложкаў. Зараз тут невялікія святлічкі з двума-чатырма дряўлянымі ложкамі, памер якіх залежыць ад росту дзіцяці. Ёсць у школе і асобныя туалетныя пакоі, душавыя кабіны. Усё зроблена і аформлена з густам, у адпаведнасці з санітарнымі нормамі.
Пункт медназначэння: дыягностыка і лячэнне
Медыцынскі пункт школы-інтэрната — гэта асобная старонка, навука, лячэнне, клопат, санітарыя, кантроль за захаваннем усіх нормаў і патрабаванняў. У ім працуюць два ўрачы — акуліст і педыятр, дапамагае сярэдні медперсанал. Ёсць апаратура для дыягностыкі: набор пробавых акуляравых лінзаў, колератэст для даследавання бінакулярнага зроку, перыметр настольны, лямпа шчылінавая, індыкатар унутрывочнага ціску партатыўны, афтальмаскоп галагенавы, камплект лінеек скіяскапічных ды іншае. У фізіятэрапеўтычным кабінеце маецца элекрафарэз, УВЧ, кварц, магніт.
Для лячэння выкарыстоўваюцца камп’ютарныя праграмы. Каб развіваць мышцы вачэй, прымяняецца мускултрэнер для дыягностыкі і лячэння касавокасці — сінаптафор і іншая апаратура ў залежнасці ад захворвання.
Па апошнім слове тэхнікі
Кабінеты аформлены, як кажуць, па апошнім слове тэхнікі: новае абсталяванне, павелічальныя прылады, спецыяльныя трэнажоры для вачэй, маюцца спецыяльна абсталяваныя куткі для аўтыстаў. У камп’ютарным класе — інтэрактыўная дошка, брайлеўскі радок і прынтар.
Не забыліся ў школе-інтэрнаце і пра працоўнае навучанне. У былыя часы яго арганізацыю ажыццяўляла Ала Мяцішкіна, цяпер работай кіруе Валянціна Хітрынцава. На першым паверсе ў спальным корпусе абсталявана кухня-лабараторыя з дзвюма электраплітамі, дзе дзяўчынкі навучаюцца кулінарнаму майстэрству і вядзенню хатняй гаспадаркі. Побач размешчана майстэрня, дзе працуюць тры найноўшыя швейныя машыны, якія самі запраўляюць нітку ў іголку. Аформлена пастаянная выстава работ, зробленых рукамі дзяўчат.
Не абысціся ў нашай установе і без бухгалтэрыі, бо ёсць расходы на ацяпленне, халодную ваду і каналізацыю, паслугі сувязі, электраэнергію, паштовыя транспартныя расходы, бягучы і капітальны рамонты, абслугоўванне і рамонт абсталявання, харчаванне дзяцей, дапаможнікі і адзенне для дзяцей-сірот і на іншае. Школа-інтэрнат знаходзіцца на бюджэце вобласці.
Чытаць можна… рукамі
З 2017 года бібліятэкай школы-інтэрната загадвае Галіна Шалягейка. Яе папярдніцай на працягу 33 гадоў была Валянціна Грачанік. Камплектаваўся тады фонд звычайнымі падручнікамі і вучэбнай літаратурай з узбуйненым шрыфтам.
З 2006-га на пастаяннай аснове стаў афармляцца кніжны фонд па Брайлю. Галіна Міхайлаўна сцвярджае: на пачатковым этапе такіх падручнікаў мелася 1380, а сёлета — 3737 экзэмпляраў, колькасць мастацкіх кніг павялічылася з 1154 адзінак да 1653.
Школьная бібліятэка размяшчаецца на першым паверсе спальнага корпуса. На пачатак гэтага навучальнага года яе наведвалі 114 хлопчыкаў і дзяўчынак (у тым ліку 11 невідушчых) і 30 настаўнікаў. Чытальная зала на 20 месцаў сумешчана з абанементам. Для падручнікаў, надрукаваных шрыфтам Брайля, ёсць асобнае кнігасховішча на другім паверсе. Яны даволі дарагія: кошт аднаго экзэмпляра, атрыманага летась, вагаўся ад 250 да 700 беларускіх рублёў. Усе падручнікі па Брайлю паступаюць у рамках дзяржзаказу.
У бібліятэцы ўстаноўлены дзве электронныя павелічальныя лупы для слабавідушчых, ёсць камп’ютар з выхадам у інтэрнэт. У 2018-2019 гадах за кошт спонсарскіх сродкаў у “храме кніг” была абноўлена ўся мэбля і мастацкае афармленне інтэр’еру. Тут пастаянна дзейнічаюць выставы “Літаратурны каляндар”, “Краязнаўчы куток”, “У дапамогу педагогам”, “Свет праваслаўнай кнігі”, “Тут Радзімы маёй пачатак”, “Разам мы краіна Беларусь”. Традыцыйна праходзіць Тыдзень дзіцячай кнігі, адзначаецца Дзень праваслаўнай кнігі, пасвячэнне ў чытачы першакласнікаў.
Школа імі ганарыцца
У кабінеце дырэктара ўстановы на стэндзе “Нашы дасягненні” размешчаны дыпломы і граматы, якія навучэнцы здабываюць на розных спаборніцтвах сярод школ такога тыпу.
Таленавітыя навучэнцы школы-інтэрната: Вераніка Анташок, Сафія Марцішка, Аляксандр Ляшко, Іван Рудзін і многія іншыя — вядомы далёка за межамі Жабінкі.
Гаворачы пра школу, нельга не сказаць дзякуй выхавальнікам, прыгадаць іх важную і няпростую работу, вынік якой уплывае на далейшы лёс навучэнцаў. Педагогаў заўсёды хвалюе не толькі навучанне дзяцей, але і харчаванне, самаадчуванне, знешні выгляд.
Прыемна, калі праз адлегласці і гады прыязджаюць да сваіх выхавальніц — другіх мам выпускнікі, каб расказаць, як склалася жыццё, параіцца, пахваліцца дасягненнямі. Напрыклад, у 2018 годзе наш выпускнік, які працуе масажыстам у Смаргоні, са сваімі аднакласнікамі арганізаваў у школе сустрэчу з настаўнікамі і сваімі выхавальнікамі Людмілай Кандрацюк і Аляксандрам Кавальчуком.
Адзін з самых вядомых нашых выпускнікоў — Эдуард Пішчык — педагог па дадатковай адукацыі Жабінкаўскай школы-інтэрната і Брэсцкай санаторнай школы. Ірына Юрэня — старшыня абласнога праўлення ГА “БелТІЗ”, а Вера Шурхай узначальвае Брэсцкую раённую арганізацыю. Расказаць пра ўсіх выпускнікоў не хопіць газетных старонак: за 50 год іх было каля 600.
Ва ўстанове вядуцца дзённікі назіранняў і развіцця асобы. Бо ў першы клас сюды прыходзіць маленькі чалавечак, а выпускаецца ў вялікае жыццё дарослы чалавек. Азірніцеся і ўбачыце стваральную працу, клопат і цяпло, святло і дабро людзей, якія тут працуюць і даюць дзецям магчымасць паверыць у свае сілы і перамагчы хваробу.
Капітану першага ранга “карабля” “Жабінкаўская спецшкола-інтэрнат” Аляксандру Кавальчуку, яго намеснікам-памочнікам Людміле Леановіч і Алене Ніканоравай ды ўсёй дружнай прафесійнай камандзе ў сувязі з залатым юбілеем роднай установы жадаем здароўя, поспехаў і творчых перамог!





