Паўстагоддзя на хлебнай ніве

Хлебаробы ААТ “Арэпічы” сабралі сёлета больш за пяць тысяч тон збожжа. Акурат пятую частку намалаціў Іван Дубіна, што дазволіла яму апынуцца ў кагорце “тысячнікаў”. Дарэчы, ён адзіны змог дасягнуць такога выніку ў гаспадарцы. Павіншавала перадавіка-камбайнера старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук, уручыла заслужаную ўзнагароду і грашовы сертыфікат акурат на полі, дзе Іван Мікітавіч разам з зяцем Ігарам Марчуком дажынаў апошнія гектары з аўсом.
Іван Дубіна — своеасаблівая легенда сельскай гаспадаркі Жабінкаўшчыны: амаль паўстагоддзя ён убірае хлеб! У свае 70 з “хвосцікам” яму ў хаце не сядзіцца: прымае запрашэнне кіраўніцтва гаспадаркі і спяшаецца за руль камбайна, каб унесці свой уклад у агульны каравай раёна.
Дарэчы, дзве дачкі Івана Мікітавіча звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай: Ганна працуе ў ААТ “Жабінкаўскі”, Ларыса — у “Вазнясенскім”, а трэцяя Алена — юрыст. У шчырага рупліўца-бацькі дзяўчатам ёсць чаму павучыцца.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара