“Паўналецце” ў гасцей суквецці

Двайная нагода прывяла гасцей у хату жыхаркі Жабінкі Вольгі ІВАНЮК 1 кастрычніка. У гэты дзень Вольга Антонаўна адзначала не толькі свята людзей шаноўнага ўзросту, але й свой прыгожы 85-гадовы юбілей.
З віншаваннямі і цёплымі пажа-даннямі да імянінніцы завіталі прадстаўніцы раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын на чале з кіраўніком Ганнай КУЛАГІНАЙ. Ганна Яўгенаўна патлумачыла, што гэты візіт адбыўся ў рамках акцыі “Дзень дабра і павагі”, прымеркаванай да свята пажылых людзей.
Вольга Антонаўна расказала гасцям, што ўсё жыццё прысвяціла працы ў спажывецкай кааперацыі Жабінкаўшчыны. Рупілася ва ўні-вермагу, у гаспадарчым магазіне ў мікрараёне цукровага завода ды іншых крамах. Юбілярка заўсёды была прафесіяналам сваёй справы, прыветлівай і ўважлівай да пакупнікоў, за тое мела пашану ды аўтарытэт сярод калег.
Разам з мужам, якога ўжо няма побач 23 гады, Вольга Іванюк выгадавала дваіх дзяцей. Сын, дачка і ўнукі не забываюць патэлефанаваць і праведаць любую матулю і бабулю. А яна, усмешлівая, пазітыўная, актыўная, не губляе бадзёрасці духу, зараджае ўсіх сваёй энергетыкай і гумарам. “Сёння я святкую сваё 18-годдзе, паўналецце ў гасцей суквецці”, — пажартавала гаспадыня.
Расчуленая ад увагі і падарункаў ад раённай арганізацыі БСЖ Вольга Антонаўна была падобна на квітнеючы мак. Няхай цвіце яна, як кветка, да свайго стагадовага юбілею, жыве з любоўю ў сэрцы, з вераю і надзеяй!
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара