Патрыятызм пачынаецца з кожнага

Прыярытэты патрыятычнага выхавання абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы “Патрыятызм пачынаецца з мяне”, якая ладзілася на базе кінатэатра “Юбілейны”.

Удзельнікі форуму выказалі свае меркаванні аб праекце Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Беларусі на 2022-2025 гады. У прывітальным слове намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна ТАРАСЕВІЧ адзначыла, што тэма дыялогавай пляцоўкі сёння, ва ўмовах геапалітычных выклікаў у адносінах да нашай дзяржавы, як ніколі, актуальная, і мэтавая аўдыторыя дыскусіі абрана не выпадкова: гэта прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, кіраўнікі ваенна-патрыятычнага выхавання, ідэолагі арганізацый і прадпрыемстваў — патрыёты сваёй краіны, сваёй справы. І сапраўды, пад словамі “Патрыятызм пачынаецца з мяне” гатовы быў падпісацца кожны, хто выступаў на форуме.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Анатоль МАНЬКО звярнуў увагу прысутных, што актуальнасць распрацоўкі Праграмы патрыятычнага выхавання абумоўлена неабходнасцю ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі праз кансалідацыю грамадства і народнае адзінства. Анатоль Мікалаевіч агучыў мэты і задачы праграмы, распавёў пра інструменты яе рэалізацыі.
Аб прыярытэтных накірунках патрыятычнага выхавання: духоўна-маральным, гісторыка-краязнаўчым, культурна-, ваенна- і спартыўна-патрыятычных, якія рэалізуюцца ва ўстановах адукацыі Жабінкаўшчыны, расказалі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 1 Таццяна КАЗЕЙ і дырэктар раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Галіна ІВАНОВА. Таццяна Віктараўна падрабязна прааналізавала другую частку праграмы, у якой прыводзяцца вынікі сацыялагічных даследаванняў жыхароў Беларусі. Лічбы сведчаць: больш за палову беларусаў (58,3 працэнта) лічаць сябе патрыётамі, але засмучае той факт, што часцей за ўсё да іх адносяць сябе людзі старэйшага пакалення, а не моладзь. Рэспандэнты адказалі, што быць патрыётам — значыць любіць Беларусь, жыць і працаваць у краіне дзеля яе дабрабыту, любіць беларускую мову і культуру, паважаць дзяржаўныя сімвалы.
Па меркаванні начальніка адасобленай групы Жабінкаўскага раёна ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксея ПЯТРОВА, тры тытаны, на якіх трымаецца патрыятычнае выхаванне, — гэта кадравае і фінансавае забеспячэнне, а таксама інфармацыйнае асвятленне. Дарэчы, матэрыялам патрыятычнай тэматыкі на старонках раённай газеты “Сельская праўда” адводзіцца значнае месца і важная роля. Напэўна, не выйшла ніводнага нумара, у якім не асвятляліся б раённыя патрыятычныя акцыі, праекты БРСМ і БРПА, устаноў адукацыі. У чытачоў карыстаюцца папулярнасцю сумесны праект ваенкамата і раёнкі “Служыце годна, землякі!” пра папулярызацыю службы ў вой-ску, рубрыкі “Год народнага адзінства”, “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, “У нашых вуліц гучныя імёны”, “Раней — цяпер” і многія іншыя.
Але сённяшняя моладзь усё ж аддае перавагу не друкаваным СМІ, а сацыяльным сеткам і месенджарам, дзе нярэдка робяцца спробы дэфармацыі гістарычнай памяці, скажэння гісторыі, навязвання чужых сэнсаў і інтэрпрэтацый. Пра гэта гаварыла ў сваім выступленні першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кацярына АНДРАСЮК. “Адным з першачарговых прыярытэтаў для нас з’яўляецца выхаванне маладога пакалення на подзвігах нашых суайчыннікаў. Перапісванне гісторыі недапушчальнае”, — падкрэсліла маладзёжны лідар.
Першы сакратар абкама ГА “БРСМ” Юрый СЕГЯНЮК акцэнтаваў увагу на патрыятычным выхаванні моладзі, звязаным з гістарычнай спадчынай беларускіх земляў: “Цяпер прыбраць вайсковае пахаванне групай валанцёраў недастаткова, каб лічыць справу зробленай. Мы павінны выклікаць пачуццё патрыятызму, эмоцыі. Для маладых людзей абеліск, магчыма, проста аб’ект уборкі. А вось калі падысці да гэтага працэсу праз жыццёвыя гісторыі, лёсы і трагедыю людзей, у памяць пра якіх усталяваны помнік, то працэс уборкі будзе ўспрымацца школьнікамі зусім па-іншаму. І пачуцці ў маладых людзей стануць іншымі, і мінулае наблізіцца да нас”.
Выказалі сваё меркаванне пра патрыятычнае выхаванне ў цэлым і пра праект праграмы таксама старшыня райсавета ветэранаў Анатоль СТАРЫЦКІ, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна БУРКО, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання першай гарадской школы Алег АНДРАСЮК.
Вынікам працы форуму стала выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота Святланы КІСЛАЙ