У першым паўгоддзі бягучага года пракуратурай Жабінкаўскага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі і дзяржаўнымі органамі, а таксама суб’ектамі прафілактыкі праведзена значная работа па ўмацаванні законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грама-дзян, грамадства і дзяржавы.
Як паказаў аналіз, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на Жабінкаўшчыне павялічылася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў – з 72 да 80, ці на 11,1 %. Паказчык іх раскрывальнасці па накірунку дзейнасці крымінальнага вышуку склаў 73,8 % (сярэднеабласны – 69,3 %).
На тэрыторыі раёна не было зарэгістравана ніводнага цяжкага і асабліва цяжкага злачынства: забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі б да смерці пацярпелага, згвалтаванняў, разбояў і рабаванняў.
Паменшылася колькасць злачынстваў, што былі зарэгістраваны на тэрыторыі Жабінкаўскага сельсавета – з 8 да 2, Азяцкага – з 4 да 3 і Ракітніцкага – з 12 да 5. На ўзроўні мінулага года засталася іх колькасць на тэрыторыі Крыўлянскага сельсавета – 4.
На жаль, павялічылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыі Жабінкі – з 36 да 45, Ленінскага сельсавета – з 4 да 5, Хмелеўскага – з 3 да 5 і Сцяпанкаўскага – з 1 да 11.
З 26 да 36 павялічылася колькасць крадзяжоў, 13 з іх здзейснены з жылля грамадзян. Як паказаў аналіз, узрос лік крадзяжоў, здзейсненых у сельскай мясцовасці, у грамадскіх месцах, з дачных домікаў. Злодзеі сталі красці больш мабільных тэлефонаў, веласіпедаў, грошай і прадуктаў харчавання. Хачу адзначыць, што дзейсным сродкам прафілактыкі дадзенага віду злачынстваў з’яўляецца ўстанаўленне камер відэаназірання каля пад’ездаў дамоў.
У пяць разоў павялічылася колькасць махлярстваў. Прычым усе яны здзейснены адной асобай. Махлярка К. на працягу двух гадоў пад падставай продажу пародзістых шчанюкоў завалодала грашовымі сродкамі грамадзян, якія пражываюць практычна па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
У дзесяць разоў паменшылася колькасць злачынстваў, здзейсненых групай асоб, а таксама раней асуджанымі, але павялічыўся лік тых, што ажыццявілі асобы ў стане алкагольнага ап’янення. Да таго ж, два злачынствы на рахунку непаўнагадовых.
За шэсць месяцаў адбылося пяць дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх тры чалавекі загінулі, чатыры атрымалі раненні. Па віне нецвярозых кіроўцаў ДТЗ не зарэгістраваны.
Аналіз правапарушэнняў і злачынстваў на тэрыторыі раёна сведчыць пра недастатковасць прымаемых прафілактычных мер з боку АУС райвыканкама, сельвыканкамаў і іншых суб’ектаў прафілактыкі. Недастаткова эфектыўна ажыццяўляюць свае задачы добраахвотныя дружыны і саветы грамадскіх пунктаў правапарадку.
Адсутнічае належнае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, арганізацый з праваахоўнымі органамі па правядзенні рэйдаў па дамах і кватэрах, у якіх збіраюцца асобы, схільныя да здзяйснення правапарушэнняў і сістэматычна парушаючыя грамадскі парадак, што таксама спрыяе здзяйсненню ў такіх дамах злачынстваў.
На Жабінкаўшчыне захоўваецца негатыўная тэндэнцыя парушэння (невыканання) патрабаванняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, недастатковы ўзровень працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
У адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 ад 11.03.2004 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.12.2014 № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнічых кадраў і работнікаў арганізацый” кіраўнікі арганізацый абавязаны забяспечыць вытворчую, выканальніцкую і працоўную дысцыпліны.
Акрамя гэтага, пунктам 4 Дэкрэта № 5 замацаваны абавязкі працаўнікоў, якім даручана неадкладна прымаць меры па бяспечным спыненні работы абсталявання, прыстасаванняў, транспартных сродкаў у выпадку іх няспраўнасці і паведамляць пра гэта непасрэдна свайму кіраўніку.
Па выніках праведзеных праверак (маніторынгаў) парушэнні заканадаўства аб ахове працы і тэхніцы бяспекі выяўлены практычна ў кожнай арганізацыі. За шэсць месяцаў 2018 года пракуратура раёна ўнесла тры прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў дадзенага заканадаўства (ААТ “Ракітніца”, “Мацеевічы”, “Азяты Агра”), чатыры прадпісанні, па патрабаванні пракурора раёна да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 18 службовых асоб.
Таксама мелі месца факты незахавання працоўнага заканадаўства ў частцы своечасовасці выплаты грашовых сродкаў пры прадастаўленні працоўных адпачынкаў і пры звальненні работнікаў (ААТ “Азяты Агра”, “Жабінкаўскі”, “Ракітніца” і інш.). Затрымка выплаты ўказаных грашовых сродкаў складала да аднаго месяца.
Выяўлены і парушэнні заканадаўства аб закупках тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў у ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” і “Ракітніца”.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшы саветнік юстыцыі.
Главные новости
