“ПАМЯТАЕМ! ГАНАРЫМСЯ! ШАНУЕМ!”

Пад такой назвай 21 снежня прафсаюзны актыў Брэсцкага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў ладзілі мерапрыемства, прымеркаванае да Года гістарычнай памяці. Месцам іх наведвання стала Жабінкаўшчына, якая вызначаецца не толькі сваім цікавым разнастайным мінулым, але і сённяшнім паслядоўным развіццём.

У гэтым брастаўчане цалкам змаглі ўпэўніцца ў падарожжы, якое можна адначасова назваць гістарычным і сучасным.

Нездарма першым месцам, якое яны наведалі, стала наша “Драмлёва” – попельная вёска, дзе жыццё абарвалася восем дзясяткаў гадоў таму. Тут гасцей сустракалі старшыння раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна КАЛЫБСКАЯ і кіраўнік раённага галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла ВАЛЕТАВА. Да іх далучыўся старшыня Сцяпанкаўскага сельвыканкама Віктар МАРКОВІЧ. Яму асаблівая ўдзячнасць за тое, што паспрыяў, каб нават у галалёд і снежную замець стала магчыма бесперашкодна наведаць мемарыяльнае месца.

Своеасаблівую экскурсію па вёсцы, спаленай 11 верасня 1942 года, правёў гісторык, пісьменнік і журналіст Анатоль БЕНЗЯРУК. Ён распавёў, як клопатам шматлікіх неабыякавых людзей ствараўся мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, урачыста адкрыты сорак гадоў назад. Берасцейцы даведаліся пра некаторыя шчымлівыя моманты таго трагічнага ранку, калі карнікі бязлітасна знішчылі палескую сястру Хатыні, а затым у жалобным маўчанні ўсклалі чырвоныя гваздзікі да помніка.

Наступнай кропкай знаёмства брэсцкай дэлегацыі, якую ўзначальвала старшыня гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Валянціна ЦІМАШУК, з мінулым Жабінкаўшчыны стала наведванне раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах. У яго залах захоўваюцца экспанаты, якія расказваюць пра родны край, пачынаючы ад першабытных часоў да нашых дзён. Асаблівая ўвага была скіравана на асвятленне падзей ваеннай гісторыі, паколькі Жабінкаўскі раён адчуў на сабе агнявыя маланкі Вялікай Айчыннай літаральна з першых гадзін нямецкага ўварвання. Таму так шмат памятных месцаў на Жабінкаўшчыне звязана з падзеямі 1941-1944 гадоў. І старонкі таго ліхалецця дасюль папаўняюцца намаганнямі краязнаўцаў, музейшчыкаў, супрацоўнікаў пракуратуры, якія сёлета прэзентавалі ў музеі выставу, прысвечаную тэме генацыду беларускага народа. Разглядаючы экспанаты, перададзеныя пасля раскопак на месцах масавых знішчэнняў мірных грамадзян, міжволі кожны адчувае, наколькі шмат для асобных людзей і цэлых народаў азначаюць словы “мір” і “свабода”.

Мабыць, нездарма наступным прыпынкам вандроўкі стала перакрыжаванне вуліц Міру і Свабоды ў Жабінцы. Тут месціцца адно з буйнейшых прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны – вядомы ў Беларусі і за яе межамі камбікормавы завод.

На прадпрыемстве, якое сёлета адсвяткавала 65-я ўгодкі, прафсаюзных лідараў з горада над Бугам сустракалі дырэктар Ігар ЛАБАДА, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце і бяспецы Уладзімір ЧАРНАВОКІ, начальнік аддзела кадраў Людміла МАЦЮХЕВІЧ і старшыня прафкама Аксана ЯХАЛКОЎСКАЯ. З іх удзелам адбыўся семінар па абмене вопытам прафсаюзнай работы, развіцці і ўмацаванні сацыяльнага партнёрства.

Гэткім чынам час, праведзены брастаўчанамі на гасціннай жабінкаўскай зямлі, быў напоўнены карыснымі справамі і пазнавальным падарожжам, прысвечаным Году гістарычнай памяці.

Антон БЕРАСТОК

Фота аўтара