Да Міжнароднага дня памяці ахвяр генацыду на Жабінкаўшчыне быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў. Адбыліся круглыя сталы і дыскусійныя пляцоўкі ў працоўных калектывах, урокі памяці і гадзіны патрыятычнага выхавання прайшлі ў школах.
У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ладзілася тэматычная экскурсія. У мерапрыемстве прыняў удзел пракурор раёна Дзмітрый МАРАЧУК. Ён нагадаў навучэнцам Крыўлянскай школы, якія завіталі ў музей у Малых Сяхновічах, што ў красавіку мінулага года Генеральная пракуратура нашай краіны ўзбудзіла крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай і першыя пасляваенныя гады.
— У межах расследавання выяўляецца шмат новых фактаў, у тым ліку і на Жабінкаўшчыне, — сказаў Дзмітрый Юр’евіч. — Мы сустракаемся са сведкамі зверстваў фашыстаў, вывучаем дакументы аб удзельніках карных аперацый. Вы павінны разумець, што такое не павінна паўтарыцца больш ніколі, цаніць і памятаць, што дзякуючы нашым продкам-героям мы жывём у мірнай квітнеючай краіне.
Экскурсію прадоўжыў галоўны захавальнік музейных фондаў Андрэй ЗАХАРЧУК. Дзеці былі ўражаны пачутым і ўбачаным.
Іншыя вучні, як напрыклад, другакласнікі трэцяй гарадской школы, у актавай зале чыталі на памяць вершы, прысвечаныя агнявым саракавым, дзецям вайны, яе героям.
Кожны з чытальнікаў прапусціў праз сябе выбраны твор і перадаў свае пачуцці, эмоцыі аднакласнікам і педагогам.
— Прымаючы ўдзел у такіх мерапрыемствах, падрастаючае пакаленне захоўвае і шануе памяць пра трагічнае мінулае Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвігі і гераізм беларускага народа, — заўважыла дырэктар СШ № 3 Наталля УРБАН.
Не засталіся ў баку ад ушанавання памяці ахвяр генацыду і неабыякавыя актывісткі раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын пад кіраўніцтвам старшыні праўлення Ганны КУЛАГІНАЙ. У нядзелю, нягле-дзячы на непагадзь і завею, жанчыны разам са сваімі дзецьмі наведалі мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, дзе аддалі даніну павагі нявінна загінулым мірным жыхарам. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да манумента і ўшанавалі памяць драмлёўцаў хвілінай маўчання.
— Чырвоныя гваздзікі на белым снезе — нібы кроплі крыві загінулых вяскоўцаў. Трэба памятаць аб гэтай трагедыі і расказваць пра яе дзецям. Толькі сваім прыкладам мы захаваем гістарычную праўду і памяць! — падкрэсліла Ганна Кулагіна.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара


