Скажыце, калі ідзе гаворка пра Нацыянальны дзіцячы цэнтр “Зубраня”, вам ёсць што расказаць? Можа, нічога не чулі пра яго, а можа, там адпачывалі вашы сябры? Ці самі пакінулі ў ім часцінку дзяцінства, якая назаўжды засталася ў сэрцы і навявае самыя светлыя ўспаміны?
Доўгі час і для мяне гэтае месца было незнаёмым і нязведаным, але нядаўна ўсё змянілася. Я з радасцю прыняла прапанову паўдзельнічаць у рэспубліканскім лідар-форуме “Моладзевае лідарства: сучасны погляд”, які праходзіў з 9 па 17 чэрвеня ў НДЦ “Зубраня”. Спачатку ўдзельнікі сустрэліся ў сталіцы, дзе чакала цікавая экскурсія. Мы пабывалі ля помніка Уладзіміру Мулявіну, у музеі валуноў, але самым запамінальным у той дзень стала наведванне Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Там нам расказалі пра гісторыю стварэння ўстановы, накірунках яе навучання і ўнутранай арганізацыі. Пасля гэтага многія з нас захацелі там вучыцца.
І вось, нарэшце, – прывітанне, “Зубраня”! Наш атрад размясціўся ў палатачным лагеры “Ружа вятроў”. Мы хутка пазнаёміліся і пасябравалі. Самым цікавым падчас змены былі разнастайныя трэнінгі. Нас вучылі, як стаць лідарам, якімі якасцямі ён павінен валодаць, каб павесці за сабою іншых. Мы ўбачылі фільмы і пачулі пра тых людзей, якія займелі лідарскі статус. Бліжэй пазнаёміліся з такімі арганізацыямі як Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, ЮНІСЭФ, Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА. Іх прадстаўнікі правялі пазнавальныя трэнінгі. Мы даведаліся, што такое смехатэрапія і актыўная жыццёвая пазіцыя, пазнаёміліся з ініцыятывай ЮНІСЭФ “Горад, сяброўскі дзецям”, паўдзельнічалі ў рабоце бізнес-кампаніі, гаварылі пра нашы правы і абавязкі, абмяркоўвалі іншыя пытанні. Асабліва спадабаліся дэбаты! Патрэбна было даказаць, што ў буйных гарадах магчымасцяў больш, ці наадварот – многага можна дасягнуць і ў маленькіх населеных пунктах.
Абаранялі і свае ўласныя праекты. Я прадставіла сацыя-культурны “Fancy sitting”, які быў распрацаваны ў нашым ліцэі. Яго мэта: стварыць умовы для фарміравання асобы, якая адчувае прыналежнасць да сваёй краіны, роднага краю, а таксама прыцягнуць увагу дзяцей і моладзі да кнігі і чытання як важнага фактара захавання і развіцця айчыннай культуры. Твар горада ствараюць многія рэчы: будынкі, масты, паркі, скульптуры і нават звычайныя лаўкі! Так, праект прапаноўвае ўсталяваць у гарадскім парку лаўкі-кнігі, прысвечаныя літаратурнаму багаццю нашага народа, якія не толькі ўпрыгожаць Жабінку, але і стануць карыснымі знаходкамі ў развіцці чытацкай культуры.
Прадстаўленую мною работу назвалі адной з самых яркіх і запамінальных. Я атрымала дыплом за актыўны ўдзел у тэматычнай пляцоўцы “Мола-дзевыя творчыя ініцыятывы” у рамках лідар-форуму.
Калі думаеце, што мы толькі вучыліся, займаліся, працавалі, то вы памыляецеся. Удзельнікі сустрэчы маглі праявіць сябе не толькі як лідары, але і спартсмены, прамоўцы, журналісты і лінгвісты.
Цікава, што побач з намі ў “Зубраняці” адпачывалі дзеці з Сірыі. Мы проста ўлюбіліся ў іх! Час, праведзены разам, дапамог бліжэй пазнаёміцца з гэтым народам, яго культурай, зразумець іх звычаі і традыцыі.
Дзевяць дзён у лагеры змянілі нас, яны надоўга застануцца ў сэрцы. Кожны паспрабаваў нешта новае і змог раскрыць у сабе лідарскія якасці. На лідар-форуме нам шмат аб чым гаварылі, але самымі запамінальнымі сталі наступныя словы: “Скажыце, з чаго пачынаецца палёт птушкі? З жадання, бо калі мы вельмі чагосьці хочам і імкнемся да мэты, то абавязкова гэта атрымаем”.
Лізавета ПАПКО, навучэнка гарадскога ліцэя. На хутары «Неслуч» у НДЦ » Зубраня».
Главные новости
