“Палтава” з “Аліварыяй” — у гаспадарцы прыбытак

“Восень — работ восем” — сцвярджаецца ў народнай прымаўцы. У ААТ “Вазнясенскі” ў гэтыя пагодлівыя дні кіпіць работа — трэба кукурузу прыбраць з палёў, цукровыя буракі выкапаць, глебу падрыхтаваць пад будучы ўраджай і многае іншае.

Асаблівы гонар гаспадаркі — кукуруза. Дырэктар таварыства падкрэслівае: на палях таварыства “каралева палёў” сорта “Палтава” урадзіла па-каралеўску. З паўтысячы гектараў, што былі адведзены на сілас і зялёны корм, пры ўраджайнасці болей за 400 цэнтнераў на круг заклалі ў траншэі звыш 15 тысяч тон высакаякаснага корму. Будзе што рагулям узімку есці! Астатнія 150 гектараў пасеваў пакінулі на зерне.
— Вынікі нас радуюць. Пакуль стаіць сухое, сонечнае надвор’е, убіраем нізіны, — кажа Надзея Рыгораўна. — Наперадзе ўчасткі з высокай ураджайнасцю — плануем малаціць па 130-140 цэнтнераў з кожнага гектара. Гэта выдатны вынік. Думаецца, што кукурузнага зерня збярэм каля 2000 тон. З улікам “летніх” 6,8 тысячы тон зерневых і зернебабовых пры рэкордных 67,7 цэнтнера з гектара, агульны намалот павінен пераважыць узровень самых ураджайных гадоў.
Уборка кукурузы на зерне ў гаспадарцы выйшла на фінішную прамую.

Механізатар Васіль Альшанец намалаціў звыш тысячы тон зерня. Вадзіцель Аляксей Садаўнічык аператыўна дастаўляе яго ад камбайна на прасушку. На ЗСК-20 яно дапрацоўваецца і частка ўраджаю сплюшчанае закладваецца ў рукавы.
Паралельна з кукурузай убіраецца яшчэ адна прыбытковая культура — цукровыя буракі. Свой выбар сёлета спынілі на гібрыдзе “Аліварыя” і, у якасці экспрерыменту, на палове плошчаў вырошчвалі салодкія карані па тэхналогіі “канвіза”. Вынікам засталіся задаволеныя — ураджайнасць сыравіны для мясцовага завода склала ажно 730 цэнтнераў з гектара. Выдаліся карані не толькі буйнымі па памерах, але і самымі салодкімі ў раёне! Каб выкапаць ураджай, спатрэбіцца яшчэ некалькі дзён.
Вядома ж, у клопатах пра вырашчаны ўраджай не забываюць пра ўраджай будучага года: уносяць тукі і арганіку на палі, вядуць падкормку азімых, паднімаюць зябліва. Дарэчы, плануюць рыхтаваць глебу, каб вясною не стрымліваць тэмпы сяўбы, па-максімуму. Тэхніка і вопыт механізатараў дазваляюць эффектыўна працаваць і зарабляць.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

На здымку: Васіль Альшанец, Аляксей Садаўнічык і Надзея Кандрацюк; Валерый Дзямідчык;  Пётр Чмуневіч і Уладзімір Дземідовіч.