Сярод вядомых нараджэнцаў жабінкаўскай зямлі ёсць і тыя, хто праславіў сваё імя на духоўнай ніве. У іх ліку – святар-пакутнік Антоній Катовіч (1881 – 1938), які 145 гадоў таму прыйшоў на свет у сяле Вежкі і быў ахрышчаны ў Свята-Узнясенскай царкве, дзе служыў яго бацька айцец Пётр Катовіч.
Гэта адбылося 9 (21) ліпеня 1881 года. Сын святара выбраў з маленства асветніцкую дарогу, таму пасля заканчэння Літоўскай духоўнай семінарыі восенню 1903-га Антоній уладкаваўся настаўнікам Васількоўскага мужчынскага народнага вучылішча. А на Прааабражэнне Гасподняе 1905 года нараджэнец Вежак быў пасвечаны ў святары.
Яго першым прыходам стала Свята-Успенская царква ў вёсцы Царкоўнікі (цяпер Зарачаны Камянецкага раёна), а затым айцец Антоній нёс Божае слова вернікам гарадка Кузніца на тэрыторыі сучаснай Польшчы.
Аднак неспакойныя часы надыйшлі з пачаткам Першай сусветнай вайны. Яе моцныя бліскавіцы і гарматныя грымоты ў жніўні 1915-га дакаціліся і да Брэст-Літоўска з наваколлямі. Гэта вымусіла Антонія Катовіча з сям’ёй пакінуць родны палескі край і накіравацца ў бежанцы. Шлях прывёў сям’ю ў Харкаўшчыну, дзе яны знайшлі падтрымку і паратунак. Прынамсі, у гэтых мясцінах служыў швагер айца Антонія іншы святар-бежанец Мікалай Пісканоўскі.
Цярністым аказаўся далейшы зямны шлях нашага земляка святара Антонія Катовіча.
Калі ў Петраградзе восенню 1917 года адбылася рэвалюцыя, у Свята-Пакроўскім храме горада Александрыя Харкаўскай губерні настаяцелем стаў архімандрыт Варсанофій. Другім святаром гэтай царквы прызначылі Антонія, ён стаў бліжэйшым паплечнікам і паслядоўнікам айца Варсанофія.
У 1922 годзе іерэй Антоній Катовіч разам з протаіерэем Мікалаем Пісканоўскім упершыню быў арыштаваны па справе іх настаўніка-архімандрыта. Затым айцец Антоній яшчэ некалькі разоў трапляў пад суд, прынамсі, за тое, што аказваўся сярод святароў, што адмаўляліся прызнаць дэкларацыю мітрапаліта Сергія (Страгародскага), які не толькі сам пайшоў на супрацоўніцтва з савецкай уладай, але і іншых святароў заклікаў да гэтага.
А калі ў яго Пакроўскую царкву быў прызначаны лаяльны ўладзе настаяцель, айцец Антоній стаў служыць літургіі ў сябе дома, куды прыходзілі вернікі, якія вельмі любілі і паважалі свайго бацюшку.
За гэта непазбежна прыйшло пакаранне: нашага земляка не толькі звольнілі з храма, але за непадпарадкаванне экзарху Украіны мітрапаліту Міхаілу (Ермакову) паўторна арыштавалі. Пасля турэмнага зняволення ён быў высланы ў Сібір. Месцам ссылкі з пачатку 1930 года стаў горад Енісейск Краснаярскага краю.
Праз пяць цяжкіх гадоў ён вярнуўся з катаргі, але ўжо ў 1937 годзе зноў быў кінуты за краты. На гэты раз айцу Антонію быў вынесены надзвычай суровы прысуд – вышэйшая мера пакарання. Прыгавор хутка быў прыведзены ў выкананне. Пасля знясільваючых работ, фізічнага і маральнага прыніжэння, якое цягнулася больш за дзесяць гадоў, 27 сакавіка 1938-га протаіерэя Антонія Катовіча расстралялі. Ні магілы, ні мясцовасці, дзе адбылося гэтае злачынства, дасюль нікому не вядома.
14 лістапада 1981 года айцец Антоній у ліку 525 пакутнікаў быў кананізаваны Замежнай рускай праваслаўнай царквой.
Анатоль БЕНЗЯРУК
