Пакуль дзеці на канікулах

У школьнікаў — трэці тыдзень вясновых канікулаў. Адны дзеці ўжо засумавалі па ўроках і самастойна займаюцца па падручніках, каб не забыць вывучаны матэрыял, іншыя, наадварот, адчулі асалоду і пра чацвёртую вучэбную чвэрць увогуле не задумваюцца — адсыпаюцца, гуляюць у двары або ў смартфонах.
Настаўнікі ж замест правядзення звыклых урокаў афармляюць неабходныя папкі з дадатковымі матэрыяламі, запаўняюць журналы. Педагогі другой гарадской школы, напрыклад, на гэтым тыдні дружна выходзілі на прышкольны агарод: рыхтавалі глебу і садзілі цыбулю. На чарзе — расада памідораў у цяпліцу. Дарэчы, другая адзінаццацігодка славіцца гэтым агародам: звыш паўвека на ім вырошчваюць вітамінную прадукцыю. А затым стравамі з таматаў, гуркоў, капусты, цыбулі кормяць дзяцей на сняданкі і абеды.
Яшчэ адна частка настаўнікаў занялася не менш карыснай справай: у кабінеце працоўнага навучання яны шыюць маскі. Фасонаў нямнога, затое з разнастайнымі малюнкамі.
Такога, каб тры тыдні доўжыліся канікулы, педагогі не памятаюць. Нічога не зробіш: настаўнікам (дый прадстаўнікам іншых прафесій) даводзіцца прыстасоўвацца да існуючых умоў.
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара