Здаецца, зіма вырашыла парадаваць беларусаў калі не марозамі і завеямі, то хаця б пульхным сняжком, які за некалькі гадзін, нібыта па ўзмаху чароўнай палачкі, змяніў усё навокал. Многія жабінкаўцы скарысталіся падарункам прыроды і выдатна правялі вольны час з дзецьмі на свежым паветры — пакаталіся на санках-лядзянках, наляпілі снегавікоў.
А як адчуваюць сябе птушкі? Іх не чакаюць цёплыя пакоі і смачная вячэра… Аднак людзі могуць дапамагчы пярнатым перанесці халодны і галодны час. Для гэтага трэба зусім нямнога: семачкі, дробныя крупы, кавалачак несалёнага сала і кармушка. Прычым апошнюю можна змайстраваць з пластыкавых упаковак ці каробак. Паверце, самаробная “сталовая” прыйдзецца даспадобы птушкам, якім складана адшукаць корм пад снегам.
У другой гарадской школе падчас акцыі “Пакарміце птушак зімой” паклапаціліся пра крылатых жыхароў Жабінкаўшчыны: вучні пачатковых класаў са сваімі бацькамі змайстравалі выдатныя “сталоўкі” — з драўляных брусочкаў, бутэлек ад вады і нават тэтрапакаўскіх упаковак. Не паспела настаўніца 1 “А” класа Кацярына Навумовіч расказаць сваім юным чамучкам, якія птушкі застаюцца зімаваць у Беларусі і як ім дапамагчы, калі разам з вучнямі на школьным падворку развешвалі кармушкі і насыпалі туды семачкі, як іх тут жа аблюбавалі крылатыя. На радасць дзетвары, у новенькія “сталоўкі” прыляцелі ласавацца стайкі сінічак і верабейчыкаў! Дзеці збіраюцца частаваць птушак да наступлення цёплых вясенніх дзянькоў. Далучайцеся і вы!
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
На здымках: Ангеліна АСКОМА і Яраслаў БЯЛЫХ з 3 “Б” сыплюць пачастунак птушкам; школьнікі з кармушкамі.
Главные новости
