Суботнім ранкам разам са старшынёй Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Любоўю Каберна і старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Нінай Калыбскай спяшаемся ў вёску Селішчы. На вясковай вуліцы зацішна ды на дзіва пуста. А вось і патрэбны дом. Праўда, гаспадыня толькі-толькі ступіла на ганак: Людміла Андрасюк ужо накарміла рагуль на ферме і вярнулася дадому, каб даць корму свінням, трусам і вартаўніку-сабачку на ўласным падворку.
Працоўны дзень у сям’і Андрасюкоў пачынаецца надзвычай рана. Пакуль гараджане яшчэ даглядаюць ранішнія сны, Людміла Міхайлаўна і Іван Іванавіч ужо ўвіхаюцца на ферме — муж на трактары падвозіць кармы, а жонка клапоціцца, каб жывёлы сытна паснедалі, былі своечасова падасланыя і здаровыя. Сын таксама не цураецца простай сялянскай працы — рупіцца вадзіцелем у ААТ “Хмелева”. Гэтая сям’я дружная і працавітая.
Застаць іх траіх разам у хаце нам не ўдалося. Гэта і зразумела: у кругаверці сялянскай працы, лічы, няма выхадных і святаў, жывёла і расліны патрабуюць увагі. Таму віншаванні падчас рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я — мая краіна”, ініцыяванай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, прымала адна Людміла Міхайлаўна. Госці ўручылі руп-лівіцы вазон з кветкамі і набор пасцельнай бялізны. А жанчына, расчуленая ўвагай прэзідыума Жабінкаўскага прафсаюза, расказала, што пяцігадовай дзяўчынкай прыехала разам з бацькамі з суседняй Украіны, атрымала спецыяльнасць кандытара, сустрэла сваё каханне, пабралася шлюбам з Іванам, нарадзілі і выхавалі сына Аляксандра і дачку Алену.
— Дзякаваць Богу, жывём душа ў душу з Іванам 34 гады. Радуемся, калі ўнучачкі прыязджаюць — нашы шчабятушкі Лізачка і Ірынка, — з цеплынёй у голасе кажа жанчына, — цалую-мілую іх, гэта ж такая радасць нам іх бачыць! Шкада, што жывуць далёка і прыязджаюць з Баранавічаў не так часта, як хацелася б. Трымаем тое-сёе з гаспадаркі, каб пачаставаць дзяцей, унукаў хатненькім-смачненькім. Яны планавалі на гэтыя выхадныя прыехаць, разам бы і Дзень сям’і адзначылі. Шкада, не атрымалася…
А вось сям’я Галавейкаў з вёскі Вежкі сустрэла гасцей з горада ў поўным зборы: тата Андрэй, мама Дзіяна, пяцігадовая Паліначка і — куды ж без яго — шэры вусаты кот-“брытанец”. Палінку адразу прывабіў вялізны плюшавы мядз-
ведзь — цярпліва выслухала віншаванні з Днём сям’і і з радасцю прыняла цацку з рук Ніны Калыбскай. Ну, а маме дасталіся кветкі і пасцельны камплект. Тата “па сакрэту” расказаў, што запланаваў сюрпрызы сваім дзяўчаткам з нагоды свята. Праўда, усё адбу-дзецца вечарам, а пакуль ім час спяшацца: Андрэя, як галоўнага інжынера ААТ “Вазнясенскі”, чакаюць справы ў мехмайстэрні, а жонцы, заатэхніку-селекцыянеру, трэба тэрмінова разабрацца з рагулямі на ферме. Палінка ж вырашыла пагуляцца з цацкамі і пахваліцца сяброўкам новым сябрам Мішуткам.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

