Эсэ
Ёсць безліч сведчанняў: калі яна пачынала свае спевы, агнявы смерч ахопліваў не толькі зямлю, але й неба. Магутны ўдар паралізоўваў супраціўленне праціўніка, выклікаючы яго панічны жах.
Легендарнае імя “Кацюша” яркімі літарамі ўпісана ў ваенную гісторыю, з гонарам яе ўзносяць на п’едэсталы. Намаганнямі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі да юбілею Вялікай Перамогі яшчэ адзін помнік “Кацюшы” паўстане пад Мінскам на Кургане Славы. З дапамогаю шматлікіх сяброў Федэрацыі велічны мемарыял, які існуе, каб нагадваць нашчадкам пра подзвіг і ахвяр ліхалецця, усё больш абнаўляецца. Летась, калі краіна адзначала 75-я ўгодкі вызвалення, прафсаюзы паклапаціліся, каб на Кургане паўстаў гераічны штурмавік “Іл-2”. Сёлета па суседстве з “Ільюшам” сваё месца зойме “Кацюша”.
Гэтая знакавая памятка вайны — новы падарунак ФПБ, падрыхтаваны з нагоды Дня Перамогі.
ДОбры пачатак
Рэактыўная сістэма залпавага агню — так звалася яна “па пашпарце”. Але настолькі яе любілі ў войсках, што далі дзявочае імя, узятае з задушэўнай песні.
Ласкавая Кацюша абяцала берагчы каханне, верна чакаць байца дамоў. Магутная “Кацюша” была на перадавой разам з воінамі з першых дзён вайны, змагалася надзейна да самай Перамогі.
21 чэрвеня 1941 года “эрэсы” былі прыняты на ўзбраенне Чырвонай Арміяй, а праз лічаныя гадзіны, памятным нядзельным ранкам, пачалася Вялікая Айчынная.
Ужо ў ліпені — жніўні пад Оршай, Смаленскам, Ноўгарад-Северскім батарэі Флёрава (яму дастаўся гонар першым выпрабаваць “Кацюшы” ў сапраўднай справе), Куна і Дзенісенкі, Набажэнкі і Карсанава паказалі праціўніку сілу новай сакрэтнай зброі. Гэта была гучная песня! “Кацюшы” крушылі нямецкія парадкі так, што “ад агнявога ўздзеяння пяхота праціўніка літаральна ашалела; хто застаўся жывы, бег на злом галавы, нават у бок размяшчэння нашых войскаў…”
Першыя рэактыўныя мінамёты ўладкоўваліся на савецкія ЗІСы, з вясны сорак другога — найчасцей на амерыканскія “студэбекеры”, атрыманыя па ленд-лізу.
РЭха вайны з ёю жыло
Светлую памяць у вёсцы Сакалова пакінула Вольга Аксенцьеўна Андрасюк (на здымку). Яна пражыла багатыя на падзеі 95 гадоў, былі сярод іх і абпаленыя вайной.
Да ліхалецця пайшла замуж за ваеннага медыка Івана Шумчанку, з ім пераехала ў Растоўскую вобласць. Толькі свекрыві сынаў выбар не даспадобы прыйшоўся. Як Ваня загінуў у бранскіх лясах, сказала бы адрэзала: “Ты мне не ўрач і не памагач!” Куды ж маладой жанчыне падацца? Пайшла Оля ў ваенкамат, папрасілася на фронт. Спачатку адправілі на кухню з апалонікамі і міскамі “ваяваць”, затым — пісьманосіцай, пакуль афіцэр-“купец” не прапанаваў разам з пяццю дзяўчатамі сесці за абаранак.
У 1943 годзе Вольга Шумчанка аказалася ў Іране, куды з сяброўкамі яе накіравалі забіраць машыны для “Кацюш”. Як зірнула на вялізны “студэбекер” — заплакала ад нечаканасці:
— Мамачка міленькая, як жа я сяду за гэтую машыну?
Ды камандзір душэўны аказаўся, ушчуваць пачаў, прыкрыкнуў, але ласкава:
— Што гэта за баец такі!? Адставіць слёзы!
Скатаў скінуты шынель, каб невялічкую вадзіцельку з-за стырна было відаць. А тая паспрабавала раз-другі, і ўпэўненасць прыйшла — тое самае, што на малой машыне, што на вялікай. Нават калону павяла. Потым на фронце вадзіла “шэўрале” (праз доўгі час пасля вайны аднойчы ў вясковым клубе нават пазнала сваю машыну ў кінахроніцы). Рэха вайны жанчыну не пакідала. Неяк узгадвала: “Ноч, вязеш раненых з перадавой. І крычаць у тым кузаве, і енчаць, а я ж не вінаватая, Божачкі. Давязеш у медсанбат, здасі, а стуль бярэш снарады — і зноў у рэйс”.
МІнамёты просяць “агуркоў”
На працягу ўсёй вайны “Кацюшы” былі звышсакрэтным праектам. У першы год нават рэактыўныя снарады М-13 для іх перавозілі выключна афіцэры.
Пашчасціла некалі ў Іванаве Брэсцкай вобласці паразмаўляць з Васілём Рубанам, у вайну — старшым тэхнікам-лейтэнантам, які дастаўляў боепрыпасы “Кацюшам”.
Шлях з арсенала да перадавой — сотні кіламетраў. І такое здаралася: у начную пару фары не запальвалі, дый сваіх вачэй не зводзілі па два-тры дні, дастаўляючы “эрэсы”. Частыя бамбёжкі, авіяналёты, а ў кузаве небяспечны груз — грозныя “агуркі”, так патрэбныя гвардзейскім мінамётчыкам, каб біць-крушыць ворага.
Бывалі і горкія выпадкі, прыгадваў Васіль Ільіч. Ехалі аднаго разу дзвюма машынамі, на другой — сябра неразлучны, шчыры таварыш. Ды пачалі ў небе цікаваць “рамы”. Далі ходу, каб схавацца ў лесе. Не паспелі — наляцелі “крумкачы”. З неба са свістам пасыпаліся бомбы, а потым — гулкі выбух. “Быў сябра ў мяне неразлучны, быў-быў — пакуль вайна не разлучыла. Не засталося і следу ад хлопца і яго машыны…” Гэтак
1 жніўня надарыліся ў Васіля адразу тры святы: па-першае, сустрэў пад бомбамі дзень нараджэння, па-другое, займеў медаль “За адвагу”, а галоўнае — жывы застаўся…
ФАшысты зведалі іх моц
Сярод падраздзяленняў, што вызвалялі Беларусь, вызначылася 16-я гвардзейская мінамётная брыгада. У яе складзе ваяваў і наш зямляк, 19-гадовы нараджэнец вёскі Жыцінь Мікалай Іванюк.
Неаднойчы моц гвардзейцаў зведалі гітлераўцы. Сярод шматлікіх дакументаў у Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі беражліва захоўваецца “Кароткая гісторыя 16-й гвардзейскай Чырванасцяжнай мінамётнай брыгады”.
У 1943-1944 гадах было праведзена 96 залпаў, кожны з іх разбуральнай сілы: адначасова на варожыя галовы сыпаліся тысячы снарадаў. Вось толькі адзін прыклад таго, наколькі эфектыўным быў удар “Кацюш”.
“Вялася дзейсная падрыхтоўка да наступлення. Па начах у лесе грукаталі і ляскацелі гусеніцамі нашы танкі, артылерыя займала зыходныя пазіцыі, ішла царыца палёў — пяхота. Праціўнік да гэтага часу стаў у абарону на рубяжы: Халоднікі — Астракорма — Церабня. Яго пярэдні край быў акружаны драцянымі загародамі, траншэямі і міннымі палямі…
11 студзеня 1944 года ноччу атрыманы баявы загад неадкладна выехаць на агнявыя пазіцыі ў раёне Астракормы і падрыхтаваць трохдывізійны залп па вузле супраціўлення праціўніка — Ніжнія Казловічы. Часу на падрыхтоўку залпа было мала. Калоны машын паспешліва выстраіліся і памчаліся на агнявую. Машыны правальваліся ў дрыгву, людзі цягнулі іх на сабе. Разлікі працавалі з поўным напружаннем сіл, не зважаючы на віскат і блізкія выбухі варожых мін. Асабліва старанна маскіравалі ўстаноўкі, праца праходзіла ў цішыні, бо перадавая немцаў была паблізу, усяго за 1,5 км. Зрэдку ўспыхне ракета спужанага ворага, тады з цемры вымалёўваюцца засяро-джаныя твары бясстрашных гвардзейцаў. Завіднела. Нават вопытнае вока не вызначыла б, што ў лагчыне хаваецца грозная сіла, гатовая прарвацца ва ўсялякую хвіліну і ўзняць у паветра ўмацаванні ворага. Ужо сонца ўзнялося ў найвышэйшую кропку сваёй арбіты. У многіх закралася сумненне: “Няўжо не стрэлім?” Але ж у 12.00 — каманда “агонь” і каля тысячы мін паляцела на вышыні, занятыя немцамі. Неба зацягнула дымам. Танкі рынуліся на штурм умацаванняў пярэдніх ліній, не сустрэўшы ніякага супраціўлення. Абарона на ўчастку цэлі была цалкам разбурана. Пяхота без перашкод прай-шла пярэдні край і працягвала рухацца на захад у накірунку Мазыр — Калінкавічы. Праз некалькі дзён чырвоны сцяг — сцяг перамогі — лунаў над Калінкавічамі”.
СОЛЬ зямлі
За гэты цудоўны залп вайсковую часць прадставілі да найменавання “Калінкавіцкая”.
Не засталіся без ушанаванняў таксама камандзіры і салдаты. Да пачатку пераможнага сорак пятага ўзнагароды атрымалі амаль 600 чалавек, у тым ліку 489 сяржантаў і шарагоўцаў. Іх, найлепшых, з біблейскіх часоў звыкла зваць соллю зямлі.
Сярод тых, на чыіх кіцелях зазіхацелі ордэны і медалі, прозвішча гвардыі радавога Мікалая Канстанцінавіча Іванюка не сустракаецца. Знаходзім яго, на вялікі жаль, у зусім іншых дакументах — сярод тых, хто прапаў без вестак на пакручастых дарогах вайны. Апошні ліст ад юнака палявая пошта данесла ў Жыцінь у сакавіку 1945 года. Больш вестачак ад жывога сына маці Варвара Лявонцьеўна не мела…
ЛЯці, ракета, з гвардзейскім прыветам!
Наша жабінкаўская зямля моцна паяднана з імем Тадэвуша Касцюшкі. Асобны вялікі пакой у раённым краязнаўчым музеі ў вёсцы Малыя Сяхновічы прысвечаны асобе вядомага генерала. У час экскурсіі музейшчыкі абавязкова згадаюць не толькі падзеі XVIII–XIX стагоддзяў, але й пра восень 1943-га, калі мацнела баявое савецка-польскае братэрства.
Камандзір 7-й гвардзейскай мінамётнай дывізіі Казбек Карсанаў, які стаў Героем Савецкага Саюза яшчэ за фінскую вайну, у сваіх мемуарах распавядае пра славуты бой пад мястэчкам Леніна, дзе ў чарговы раз з найлепшага боку праявілі сябе “Кацюшы”.
Хоць палова боепрыпасаў знаходзілася яшчэ пад Ельняй, на падрыхтоўку залпаў вышэйшае начальства адвяло ўсяго два дні. Вадзіцелі па размытых дажджамі дарогах, ратуючыся ад авіяналётаў, спехам адольвалі дзвесце кіламетраў, каб у мінамётчыкаў з’явілася праца.
Сваім агнём гвардзейцам выпаў гонар падтрымліваць атаку І-й польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі, якую ўзначальваў палкоўнік Зыгмунт Берлінг. Напярэдадні бою пры сустрэчы савецкіх і польскіх камандзіраў не было ні застолля, ні афіцыйных прывітанняў. Усё выключна па-дзелавому. І разам з тым, згадвае Казбек Карсанаў, гэтая нарада стала “жывым увасабленнем братэрства па зброі Чырвонай Арміі і Войска Польскага”. Для касцюшкаўцаў наступны дзень — 12 кастрычніка 1943 года — стаў часам баявога хрышчэння. Дарогу палякам сваім агнём пракладвалі “Кацюшы”. Такога прывітання ад гвардзейцаў немцы яўна не чакалі. Дзякуючы моцным ударам “эрэсаў” касцюшкаўцы адолелі раку Мярэя, зачапіліся за кромку лесу і авалодалі важнай вышынёй 215,5. Архівы захавалі лаканічнае сведчанне справы мінамётчыкаў, падпісанае Берлінгам і камбрыгам гвардыі падпалкоўнікам Мартынавым: “Залп быў дадзены своечасова, цэль накрыта добра”.
СІла, што вяла да Перамогі
Праз Беларусь і Украіну, Прыбалтыку і Польшчу гвардзейцы-мінамётчыкі імкнуліся да самага “логава”. Паўсюль сваімі грознымі спевамі магутныя “Кацюшы” дапамагалі рухомым палкам ісці наперад.
Ужо калі разгарнулася Берлінская наступальная аперацыя, артылерысты і мінамётчыкі нярэдка перад адпраўкаю снарадаў у вогненны іх шлях фарбаю пісалі на боепрыпасах “адрас ды адрасата”, кшталту, “Берлін. Рэйхстаг. Асабіста Гітлеру”.
“Пасылкі” ад гвардзейцаў траплялі ў самы яблычак…
Анатоль БЕНЗЯРУК

