Пад рытмы маладосцi…

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

У мінулую суботу адзначалася свята тых, хто не лічыць свае гады, верыць у будучыню, марыць, спадзяецца.
У Жабінцы Дзень моладзі святкаваўся адразу на трох імправізаваных пляцоўках. “Моладзь спартыўную” адкрыла шахматна-шашачнае свята. На алеі ў гарадскім парку стаялі сталы, і любы жадаючы меў магчымасць пешку ператварыць у дамку, альбо аб’явіць шах і мат саперніку. Побач размясціліся любімыя забаўлянкі для дзяцей – батуты, электрамабілі, каруселі, а таксама палаткі з саладосцямі і рознай сувенірнай драбязой. Можна было пастраляць у ціры, праявіць трапнасць у прабіванні паветраных шарыкаў. Юным жабінкаўцам прыйшлася да спадобы гульня ў лазертаг у парку.
Пляцоўка “Моладзь здаровая” прадугледжвала правядзенне квэсту “Выбуховае лета”. Там жа праходзіла сацыяльная акцыя “Здаровая нацыя – гэта мы!”.
А на летняй танцавальнай пляцоўцы праходзілі гульнёвыя праграмы за здаровы лад жыцця. Праўда, удзельнікаў было малавата.
Бадай, найбольшую цікавасць у жабінкаўцаў выклікала пляцоўка “Моладзь адораная”. І не дзіва – у нас столькі таленавітых маладых людзей, якія прыгожа спяваюць, граюць на музычных інструментах, танцуюць!
Адкрылі музычны канцэрт і наладзілі на вясёлы лад гледачоў ансамбль акардэаністаў “Абладыаблада” пад кіраўніцтвам Іны Новік. Музычныя рытмы змянілі звонкія песні юных выканаўцаў – Кіры Рыкавай, Дзімы і Ксеніі Шымбарэвічаў, Ягора Кірылюка, Яўгеніі Зотавай, Аляксандры Скарыны, Лізаветы Галашка, Дамінікі Герасімук. Выступленні юных вакалістаў удзячная публіка ўзнагародзіла бурнымі апладысментамі.
Песенныя нумары змяняліся танцавальнымі. Здаецца, Жабінка – гарадок маленькі, а танцораў – на любы густ і ўзрост (у адной толькі Ірыны Паўлавай некалькі груп). Парадавалі гледачоў сваім уменнем танцавальны калектыў “Непаседы”. Яны заліхвацкі выканалі “Недетское время” і “Весёлый оркестр”. Хлопчыкі і дзяўчынкі танцавальнага калектыву ГДК “Stardas” падарылі танцы “Дежавю”, “Пробуждение” и “Ожившие статуи”. Цікава глядзеліся танцы “Химия” и “Доброе утро” ў выкананні ВІА “В&G”.
Заліхвацкай ігрой на музычных інструментах парадавалі лаўрэат міжнароднага конкурсу “Палескі агеньчык” Кірыл Савянок, Аляксандр Габрынеўскі і Захар Макарук, трыа “Музыка для ўсіх”.
У скарбонку свята добрага настрою моладзі дадалі пажарныя-выратавальнікі. Яны ля гарадскога возера наладзілі воднае шоу. Нават жадаючых пабегаць пад струменямі вады (хаця і з неба марасіў дожджык) аказалася нямала. А там і час доўгачаканага свята фарбаў надышоў. І нават раптоўнае пахаладанне і пахмурнае надвор’е не сапсавала настрой моладзі. Завяршылася свята дыскатэкай на танцпляцоўцы.