Не намі падлічана, што Пакровам Прасвятой Багародзіцы прысвечана безліч храмаў. Па колькасці яны саступаюць толькі цэрквам, названым у гонар Мікалая Цудатворца.
І Жабінкаўшчына не стала выключэннем у гэтай статыстыцы: мы маем два Свята-Мікалаеўскія храмы (у Азятах і Вялікіх Сяхновічах) ды два Пакроўскія (у райцэнтры і вёсцы Арэпічы), якія 15 гадоў таму былі ўнесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Цяпер яны знаходзяцца пад аховай не толькі Пакроваў Божай Маці, але і дзяржавы.
Храм у Жабінцы (колішніх Мышчыцах) узнік даўно. Ён існаваў ужо ў XVII стагоддзі. Не толькі мясцовы люд, але і ранейшыя дакументы звалі храм Мышчыцкім (па імені сяла) ці Непакойчыцкім, бо месціўся ў маёнтку Непакойчыцы. Сто гадоў таму нават існаваў тапонім Мышчыцы-Пакроўскія, каб адрозніваць іх ад Мышчыцаў-Успенскіх (сённяшніх Мышчыцаў у Ленінскім сельсавеце), дзе таксама месцілася царква, якая бясследна знікла напрыканцы ХІХ стагоддзя. Той блакітны храм на заходнім ускрайку Жабінкі (паблізу цукровага завода) паўстаў восенню 1885 года і з’яўляецца зараз цэнтрам Жабінкаўскага дабрачыння.
А вось царква ў Арэпічах была пабудавана ў 1721 годзе. Такім чынам, летась ёй споўнілася трыста гадоў. Мабыць, не кожны таксама ведае, што хоць Арэпіцкі Свята-Пакроўскі храм і знаходзіцца на Жабінкаўшчыне ды ўваходзіць у склад нашага дабрачыння, але з’яўляецца прыпісным да прыходу храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Індычы Камянецкага раёна. Відаць, нездарма абедзве царквы шчыльна звязаны з імем Прасвятой Дзевы Марыі.
Гістарычная падзея, якая стала асновай гэтага паважанага свята, адбылася 1120 гадоў назад пры візантыйскім імператары Льве Філосафе. У 902 (па іншых крыніцах у 210-м) годзе Кан-станцінопалю пагражала вялікая небяспека. Горад трапіў у асаду мусульман. Тады святая Дзева Марыя ды яе Пакровы і ўратавалі візантыйскую сталіцу ад бяды, знішчэння і ганьбы.
Гэта адбылося ў нядзелю 1 кастрычніка па старым стылі (або 14-га паводле сённяшняга календара). У тую трывожную ноч, калі пад сценамі Царграда, як яшчэ называлі Канстанцінопаль, стаялі захопнікі, у Влахернскім храме ішла ўсяночная. Царква была перапоўнена людзьмі, якія ўзносілі малітвы з просьбамі пра выратаванне. Сярод вернікаў знаходзіўся і юродзівы Андрэй. Па паходжанні ён быў са славянскага племені, яшчэ ў юнацтве трапіў у палон і быў прададзены ў Канстанцінопалі ў рабства. Андрэю, які вызначаўся сваёй верай, было суджана стаць сведкам сапраўднага цуда.
А чацвёртай гадзіне ночы юродзівы падняў вочы да неба і раптам убачыў асветленую нябесным святлом Багародзіцу, якая ішла па паветры ў акружэнні Анёлаў і суправаджэнні святых Іаана Хрысціцеля ды Іаана Багаслова. Гэта быў добры знак, што Канстанцінопаль пад аховай Божай Маці і яе Пакроваў. У выніку мусульмане сапраўды не здолелі перамагчы візантыйцаў, на чыім баку былі не толькі зброя, але і нябесная заступніца.
Пакровы Прасвятой Багародзіцы (альбо Трэцяя Прачыстая) — свята, якое адзначаюць пераважна на ўсходнеславянскіх землях. У Беларускай праваслаўнай царкве яно завецца адным з Вялікіх святаў. Пры гэтым богаслужэнне на Пакровы шмат у чым адпавядае Багародзічным двунадзясятым святам, хаця самі Пакровы і не адносяцца да іх ліку.
Яшчэ з часоў старажытнай Русі гэты адметны дзень шырока адзначалі не толькі ў храмах, але і ў сялянскім побыце, прынамсі, Пакровы сімвалізавалі заканчэнне напружанай працы ў полі, а таму было надзвычай папулярна ладзіць у гэткі перыяд вяселлі. Такога звычаю нярэдка прытрымліваюцца і ў нашыя часы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: храмы,прысвечаныя Пакровам Божай Маці, у Жабінцы і Арэпічах.

