Пачынаць цаніць ваду трэба раней, чым перасохне калодзеж

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці з прыцягненнем іншых абласных органаў і арганізацый праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па пытанні санітарна-тэхнічнага стану аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення ў сельскіх населеных пунктах рэгіёна.
Нягледзячы на выяўленыя раней нагляднымі органамі парушэнні пры эксплуатацыі аб’ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення, сітуацыя ў асобных раёнах не мяняецца. Тэхнічны стан большасці ачышчальных збудаванняў характарызуецца высокім фізічным зносам, адсутнасцю на іх сучасных тэхналогій і абсталявання для ачысткі сцёкавых вод, у тым ліку ад біягенных элементаў (азоту і фосфару), нізкай ступенню аўтаматызацыі і дыспетчарызацыі тэхналагічных працэсаў, асобныя ачышчальныя збудаванні эксплуатуюцца з парушэннем заканадаўства.
У шэрагу населеных пунктаў Брэсцкага раёна двух’ярусныя адстойнікі, калодзежы, сэптыкі, размеркавальныя і водаадводзячыя латкі знаходзіліся ў паўразбураным стане, вечкі прагнілі, ачышчальныя збудаванні і карты палёў фільтрацыі не абкошаны – зараслі драўняна-хмызняковай расліннасцю, ілавыя пляцоўкі фактычна не эксплуатаваліся (выведзены са складу ачысткі). Аналагічная сітуацыя выяўлена на ачышчальных збудаваннях у населеных пунктах Пінскага і Бярозаўскага раёнаў. У Столінскім і Жабінкаўскім раёнах некаторыя ачышчальныя збудаванні не загружаны. Маюцца рэзервовыя плошчы палёў фільтрацыі, якія не эксплуатуюцца на працягу доўгага часу, у той жа час абслуговыя арганізацыі нясуць выдаткі па іх утрыманні. Пры гэтым, па разліках КУШВП ЖКГ “Столінская ЖКГ” пры памяншэнні плошчаў фільтрацыі гадавая эканомія выдаткаў прадпрыемства складзе больш за тры тысячы рублёў.
Практычна ва ўсіх раёнах вобласці выяўлены шматлікія факты нездавальняючага санітарнага стану памяшканняў павільёнаў свідравін і водаправодных станцый, ухіленне большасці з якіх не патрабуе значных фінансавых выдаткаў.
На момант агляду аднаго з ачышчальных збудаванняў у Кобрынскім раёне выяўлена, што частка сцёкавых вод паступала ў біялагічную сажалку па трубаправодзе праз біяфільтры, якія фактычна знаходзіліся ў разбураным стане (на кансервацыі), а астатнія сцёкавыя воды траплялі туды напрамую. Пры гэтым побач з біяфільтрамі ў памяшканні знаходзіліся зношаныя аўтамабільныя шыны з металакордам і іншыя пабочныя прадметы.
Па выніках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў у адрас органаў выканаўчай улады накіраваны рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў і прыняцці мер па недапушчэнні іх у далейшым. Асобныя арганізацыі ўжо прынялі меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і недахопаў.