ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ ВАЙНЫ

Верасень 1939 года быў сапраўды бурлівым: вайна — уз’яднанне — пачатак зменаў да новага жыцця — трывожнае чаканне новага ліхалецця…
Пра тое, як 22 верасня трыццаць дзявятага на Жабінкаўшчыне сустракалі прыход Чырвонай Арміі, захавалася нямала ўспамінаў. Прыгадаем з мноства толькі двух сведкаў.

Сведчанні

Яшчэ ў сярэдзіне 90-х, калі настаўнічаў у Якаўчыцах, выпадкова на чыгуначным прыпынку ў Бабрах сустрэўся з немаладымі ўжо мужчынамі. Да дызеля заставаўся час, і яны, не зважаючы на мяне, абменьваліся ўспамінамі.
— …колькі жыву, такога зерня не бачыў: адборнае, вялікае, — казаў адзін. — Як немцы напалі, баржы на Мухаўцы спыніліся і мужыкі ў мяхі тое зерне бралі і дамоў везлі.
— Гэта калі было? У трыццаць дзявятым? — удакладніў другі.
— Не, ужо ў апошнюю вайну. А тады, як немцы першы раз прыйшлі, усё мірна было.
Размова не магла не зацікавіць, вырашыў спытаць, якім дзяды памятаюць час уз’яднання, той памятны верасень 1939 года. Абодва суразмоўцы былі з Залуззя.
Ветэран вайны Канстанцін Буснюк аказаўся больш гаваркім, таму першым і пачаў расповед:
— Упершыню я пабачыў чырвонаармейцаў 21 верасня. Але перад гэтым выпадкова сустрэўся з немцамі. Быў тады малады, пайшоў на танцы, вяртаўся запозна з Чаравачыцаў (гэта вёска цяпер у Кобрынскім раёне). Ішоў дарогаю, раптам абганяюць мяне машыны. Бачу — немцы, і яны мяне пабачылі, таксама спыніліся. Салдаты пацікавіліся, паляк я ці рускі? Адказаў, што рускі, і яны задаволена прамовілі: “Гут-гут!” Мо праз пару гадоў гэтыя самыя салдаты стралялі ў маіх аднавяскоўцаў, але тады яны яшчэ не былі нам ворагамі. І я на ўсё жыццё запомніў гэтую мірную сустрэчу ў дарозе. У той самы час мае сябры рыхтаваліся сустракаць Чырвоную Армію.
Тут словы Канстанціна Паўлавіча дапоўніў аднавясковец Андрэй Кандрацюк:
— У Залуззі ўсе ведалі, што вось-вось з боку Кобрына з’явяцца чырвонаармейцы. Знайшліся арганізатары (Мікола Андраюк ды іншыя), якія казалі: трэба як след сустрэць воінаў-вызваліцеляў. З чырвонымі сцягамі мы пайшлі ў Чаравачыцы. Там адбыўся мітынг, на якім выступіў палітрук. Ён расказваў пра дасягненні Савецкай краіны і моц яе арміі, пра тое, як важна для беларусаў уз’яднанне заходніх земляў з астатняй Беларуссю. Байцоў віталі хлебам-соллю, а яны, са свайго боку, дарылі мясцовым тытунь і цукеркі. На наступны дзень, 22 верасня, мой бацька Іван Трафімавіч на ровары паехаў на шашу — у Хадасы, дзе таксама сустракалі чырвонаармейцаў. Настрой у тыя вераснёўскія дні ва ўсіх быў прыўзняты, радасны, святочны.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: заходнія беларусы сустракаюць прыход Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі.