Па закліку сэрца

У пятніцу вечарам у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” адбыўся мітынг у падтрымку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Сваю пазіцыю прыйшлі выказаць тысячы чалавек з усіх куткоў Берасцейшчыны. Дарослыя і дзеці рухаліся да плошчы Цырыманіялаў з чырвона-зялёнымі сцягамі, шарамі і стужкамі. Тэрыторыя цытадэлі была напоўнена лозунгамі “За моцную і квітнеючую Беларусь!”, “За незалежнасць!” “За будучыню Беларусі!”. У цэнтры прысутныя разгарнулі шматметровае палотнішча Дзяржаўнага сцяга.
Да прысутных звярнуўся старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс.
— Сёння на гераічнай зямлі Брэсцкай крэпасці сабраліся неабыякавыя людзі — працаўнікі, якія не паддаюцца на правакацыі і замест гучных заяў і крыку на плошчах працуюць, умацоўваюць эканоміку рэгіёну і краіны, — сказаў Анатоль Васільевіч. — За моцную Беларусь прыйшлі сказаць сваё слова людзі старэйшага пакалення, якія, як ніхто іншы, ведаюць кошт міру. Тут і наша моладзь, якая бачыць сваю будучыню ў бяспечнай і незалежнай краіне.
На працягу гэтага тыдня ў мясцовыя органы ўлады паступаюць звароты ад дзясяткаў тысяч грамадзян з просьбай навесці парадкі на плошчах і вуліцах гарадоў нашай вобласці. Нам неабходна вярнуць парадак, спакой у нашы гарады. І гэта будзе зроблена. Тады да нас зноў паедуць турысты, і жыхары будуць адчуваць сябе спакойна.
Апазіцыя заклікае да забастовак на прадпрыемствах, каб людзі спынілі вытворчасць і ішлі на плошчу. І гэта ў той час, калі іх прадукцыя ідзе нарасхват. На шчасце, большасць работнікаў разумеюць, да чаго гэта прывядзе, і не падтрымліваюць заклікі. А прывядзе гэта да разрыву напрацаваных дзесяцігоддзямі партнёрскіх сувязяў і, як вынік, нявыплаты зарплаты, падаткаў і іншых негатыўных наступстваў. Разбурыць лёгка, а вось аднавіць…
З-за мяжы гучаць абяцанні, што пацярпелым ад каранавіруса і тым, хто будзе звольнены, паступіць дапамога ў памеры 53 мільёны еўра. Што гэта за сума? Толькі заробак, які кожны месяц выплачваецца ў нас 583-м тысячам занятых у эканоміцы працаўнікоў, складае ні многа ні мала 200 мільёнаў еўра. Пры спыненні прадпрыемстваў мы можам страціць усё: заробкі, пенсіі, працоўныя месцы, разуменне і мір у сем’ях, сяброўства і згоду, а ў канчатковым выніку — стабільную краіну, якую пабудавалі разам.
Выступленне Анатоля Ліса раз-пораз падмацоўвалася апладысментамі, прысутныя паўтаралі лозунгі за незалежную Беларусь, за палітыку дзеючага Прэзідэнта.
Пасля выступлення губернатара ля мікрафона выстраілася чарга з жадаючых выказацца. Сярод іх людзі розных прафесій і ўзростаў.
— Я простая вясковая жанчына, нарадзілася ў 1941-м, нашу вёску тады захапілі немцы. Маё дзяцінства прайшло ў зямлянках, я басанож хадзіла ў школу. Пачынала працаваць даяркай у калгасе, вучылася і стала галоўным заатэхнікам, — сказала Еўдакія Мікалаеўна Аўдзяюк з вёскі Збураж Маларыцкага раёна. — У мяне трое дзяцей, сем унукаў і сем праўнукаў. За апошнія 26 гадоў нас стала ведаць уся планета: ёсць такі народ беларусы. І цяпер знаходзяцца тыя, хто хоча гэта разбурыць. Знішчаюць клумбы, б’юць вітрыны, ламаюць лаўкі. Калі б нашы загінулыя і пакалечаныя на вайне бацькі ведалі, што робяць сёння іх праўнукі… Не дапусцім разбурыць нашу прыгожую і квітнеючую Беларусь!
Словы пажылой жанчыны падхапілі гучныя апладысменты.
Па закліку сэрца прыехала на мітынг брыгадзір фермы ААТ “АграАзяты” Ганна Шкарупа. “Я за спакойнае жыццё, светлую будучыню і стабільнасць. Няўжо людзі не бачаць, колькі зроблена ў нашай краіне дзеля іх? Мы павінны ганарыцца тым, што нас цэняць у свеце за добрасардэчнасць, спагадлівасць, справядлівасць. Неабходна захаваць гэтыя адносіны. Не трэба дзяліцца на суполкі, мы — адзіныя, мы — беларусы. Паглядзіце, як добраўпарадкоўваюцца абласныя гарады, райцэнтры, вёскі. Жывіце і радуйцеся, дарагія землякі!”
Алена Пятніцкая