Па свеце з фотакамерай

Даўно вядома: наш край вельмі прыцягальны. За стагоддзі яго наведвала шмат вядомых асобаў, і гэты паток невычарпальны і ў нашы дні.
Пра тое мы размаўлялі з масквічом Вадзімам Шаўчэнкам, які днямі пабываў на Жабінкаўшчыне. Гучалі імёны генералаў Касцюшкі і Суворава, цароў Аляксандра І і Мікалая І, француза Армана Паліньяка і расіяніна Паўла Маслава… Апошняе імя — зусім нездарма, бо сустрэча адбывалася ў колішнім Здзітаве, дзе пахаваны гэты стацкі саветнік.
Як па праўдзе, калі даведаўся, што да нас едзе госць з прозвішчам Шаўчэнка, адразу згадаў, што ў брацкай магіле на вуліцы Кірава захоўваюцца астанкі Івана і Васіля Шаўчэнкаў, якія загінулі ў ліпені сорак чацвёртага. Нашчадкі нярэдка прыязджаюць у Жабінку на магілы дзядоў-прадзедаў. Аднак Вадзім Паўлавіч адказаў:
— Не, гэта толькі аднафамільцы. Мой дзед Рыгор Паўлавіч сапраўды ваяваў у Беларусі, але дамоў вярнуўся жывы, хоць і моцна паранены.
У падарожжа па нашай краіне Вадзім Шаўчэнка выправіўся з жонкай Наталляй Дзмітрыеўнай крыху з іншымі мэтамі. Як аказалася, ён — вядомы фатограф. У аб’ектыў ягонага апарата траплялі, лічы, дзівосы з усіх кантынентаў і акіянаў. Сёлета вырашыў: час занатаваць цікавыя мясціны, на якія багата Беларусь.
На маршруце фотатурыста апынуліся не толькі сталіца, Гродна, Віцебск, Брэст, але й Тураў, Пінск і… наша Здзітава. А калі зусім дакладна — унікальная Свята-Мікіцкая царква. Гэты выдатны помнік палескага дойлідства налетась адзначыць свае 520-я ўгодкі. На Брэстчыне, а мо і ва ўсёй Беларусі няма больш старадаўняга драўлянага збудавання. Такі ўзрост не можа не выклікаць павагу і цікавасць. Фотамайстар з любасцю занатаваў непаўторны помнік. Хто ведае, мо праз час у новым альбоме сярод здымкаў з афрыканскімі ці азіяцкімі матывамі можна будзе пабачыць і старажытны храм, які ўжо больш за паўтысячагоддзя стаіць на беразе Мухаўца.
На развітанне госці шчыра падзякавалі за разуменне і дапамогу благачыннаму Жабінкаўскай царкоўнай акругі, сакратару Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення Сергію Петрусевічу і настаяцелю храма айцу Стэфану, прыхаджанкам Таццяне Аўсянік і Валянціне Рагажынскай.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: госці з Масквы Наталля і Вадзім ШАЎЧЭНКІ ля старажытнай Здзітаўскай царквы.