Па сцяжынцы да інтэрната

Мабыць, прыгажосць старых фотаздымкаў і іх непаўторнасць хаваюцца ў тым, што пажоўклыя ад часу картачкі дазваляюць пабачыць твары знаёмых і незнаёмых людзей альбо прайсціся праз дзесяцігоддзі па колішніх сцяжынках…

Паміж здымкамі, якія вы бачыце, цэлых 55 гадоў. Першы зроблены ранняй вясной 1967-га, другі — у сённяшнім сакавіку.
Сваю гісторыю Жабінкаўская школа-інтэрнат (на той час яна мела яшчэ і парадкавы нумар 5) адлічвае з 15 лютага 1960 года. У 1970-м да першага юбілею ўстановы яе дырэктар Дзмітрый САМУСІК у “Сельскай праўдзе” змясціў заметку з красамоўнай назвай “Школе-інтэрнату 10 год”. Ён прыгадаў, што спачатку педкалектыў складаўся з 13 выкладчыкаў, назваўшы тых, хто і праз дзесяцігоддзе працягваў настаўнічаць у роднай школе — Праскоўю МЕЛЯНТОВІЧ і Раісу МАРГЕВІЧ, Зінаіду ІВАНЦОВУ і Вольгу БОГДАН, Яўгенію ЯКІМУК і Вольгу ПЫТКОВУ. Дырэктар таксама адзначаў: “Цяпер у школе-інтэрнаце выхоўваецца 300 вучняў. Пераважная большасць — гэта дзеці інвалідаў вайны, адзінокіх маці, дзеці з вялікіх сем’яў рабочых, калгаснікаў”.
Вучэльню нярэдка наведвалі цікавыя госці. Напрыклад, тут пабываў ганаровы грамадзянін горада Брэста Павел Мартынавіч ГУЛАЎ (1893–1972), які восенню 1917 года ў Петраградзе на ўласныя вочы бачыў Леніна. Школьнікі і іх педагогі прымалі ветэрана ў школьным музеі, прысвечаным правадыру Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У лютым 1971 года было вырашана правесці рэарганізацыю навучальнай установы ў спецыяльную школу-інтэрнат. Сёння яна афіцыйна завецца ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат” і разлічана на выхаванне і навучанне дзяцей з парушэннямі зроку.
А цяпер угледзімся ў здымкі.
На фота з далёкіх 60-х бачым зімовы пейзаж, лавачкі, зацярушаныя снегам, пачышчаную ад яго сцяжынку, што вядзе да навучальнага корпуса.
Што змянілася больш чым за паўвека? На другім фотаздымку адразу кідаюцца ў вочы разметкі на дарожцы ды іншыя прыстасаванні, якія дазваляюць невідушчым без перашкод адольваць дарогу. Невялікія бярозкі, што раней толькі пачыналі свой рост, цяпер сталі вялікімі “дарослымі” дрэвамі.
Корпус школы-інтэрната, вядома, дасюль стаіць на ранейшым месцы. Аднак ён ужо прыкметна асучаснены і адрамантаваны. На заднім плане выразна бачны будынак трэцяй гарадской школы. Яна ўзнікла значна пазней, чым аб’ектыў фотаапарата занатаваў для нашчадкаў сцяжынку, што вяла да інтэрната ў 1960-я гады.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: Жабінкаўская школа-інтэрнат раней і цяпер.