Крысціна Семянюк. Фота аўтара.
24 верасня, у дзень нараджэння камсамола Беларусі, на Берасцейшчыне стартавала абласная эстафета “Юнацтва камсамольскае маё”. Актыў БРСМ і лідары моладзевага руху розных пакаленняў сустрэліся ў Брэсце каля помніка камсамольцу і абаронцу Брэсцкай крэпасці Аляксею Наганаву, каб разам адправіцца ў тур па памятных мясцінах вобласці.
Спачатку дэлегацыя наведала Жабінкаўскі раён, дзе прыняла ўдзел у рэспубліканскай працоўнай акцыі “#ЗаДело!”. Старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі сустрэў гасцей недалёка ад вёскі Хадасы, дзе за сцяной дрэў “схаваны” помнік трагічным падзеям часоў Вялікай Айчыннай вайны. У мясцовым гета ў верасні 1942 года фашысцкія захопнікі забілі 196 яўрэяў. У 2004 годзе іх астанкі былі знойдзены ў лесе ля вёскі Хадасы, а на месцы захавання ўсталяваны помнік.
Удзельнікі эстафеты ўсклалі кветкі да мемарыяла і ўшанавалі загінулых хвілінай маўчання. Потым прадстаўнікі старэйшага пакалення і моладзь БРСМ сумесна пасадзілі каля помніка алею маладых дубкоў.
Наступны прыпынак дэлегацыя зрабіла на Кобрыншчыне, дзе ўшанавала памяць камсамольцаў-падрыўнікоў, якія вялі “рэйкавую вайну” на тэрыторыі раёна.
Прадстаўнікі розных пакаленняў моладзевых арганізацый Беларусі разам наведалі месца дыслакацыі партызанскай брыгады Пінскага злучэння ва ўрочышчы Акуніна. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі вучні Махроўскай сярэдняй школы ўзнавілі партызанскую зямлянку і добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол яе.
У гэты дзень удзельнікі эстафеты пабывалі таксама ў Махроўскім народным гісторыка-краязнаўчым музеі на базе мясцовай школы, у карціннай галерэі Аляксея Кузьміча і музейным комплексе імя Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне.
З 24 верасня па 29 кастрычніка мерапрыемствы эстафеты пакаленняў пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Брэсцкай вобласці.
На здымках: удзельнікі эстафеты “Юнацтва камсамольскае маё” ўшаноўваюць памяць ахвяр гета недалёка ад вёскі Хадасы.


