ПА-ГАСПАДАРСКУ ШЧЫРАВАЛІ І ЎЗНАГАРОДЫ АТРЫМАЛІ

21 лістапада ў ГДК ладзілася святкаванне з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, на якім заслужана ўганараваны лепшыя прадстаўнікі галіны.

Свята на дары багата

Яшчэ да яго пачатку гасцей сустракаў, ствараючы ў фае лірычны настрой, музычны дуэт дзіцячай школы мастацтваў. Для многіх свята распачалося з выставы ў гарадскім Доме культуры, на якой аграрыі дэманстравалі сваю прадукцыю. Вытворчыя дасягненні ў тых, хто шчыруе на зямлі, вядома, звязаны са справамі, патрэбнымі людзям штодня.
Такую багатую прэзентацыю даводзілася бачыць толькі ў сталіцы. Хоць хто скажа, што Жабінка не стольны горад? Тут застолле заўжды поўніцца, і ёсць каму яго напаўняць сваімі шчадротамі ва ўсялякую пару.
На свята ў ГДК свае вырабы прывезлі сельгаспрадпрыемствы, камбікормавы і цукровы заводы, “КонсулАгра” і фермерская гаспадарка “ЯКВІЛ”. Да іх далучыліся замежнае ўнітарнае гандлёвае таварыства “СВ Машыны” з Чыжэўшчыны і ляхавіцкая фірма “Фермент”, якая прадставіла лінейку прадукцыі для свойскай жывёлы.
А залу, між тым, паступова запаўнялі лепшыя працаўнікі палёў і ферм, работнікі прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельскагаспадарчую сыравіну.
На ўрачыстасць, арганізаваную з нагоды іх пра-фесійнага свята, былі запрошаны і ганаровыя госці: кіраўнік раёна Вадзім КРАЎЧУК, намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнік райсавета Анатоль ШАЛТАНЮК, выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей АШМЯНЦАЎ, кіраўнікі прадпрыемстваў вобласці і раёна.

Цэлы карагод узнагарод

Цудоўным пралогам урачыстасці стаў народны танец “Кросны” ў выкананні ўзорнага калектыву “Каруначкі”.
Затым на ўпрыгожаную сцэну ўзняўся старшыня райвыканкама Вадзім Краўчук. Адкрываючы ўрачыстасць, ён адзначыў: сённяшняе свята — даніна павагі нялёгкай сялянскай працы, знак удзячнасці людзям, якія штодня забяспечваюць наш дабрабыт. Сёлетнія іх працоўныя здабыткі важкія як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, але планы на будучыню яшчэ больш смелыя і амбіцыйныя. Вадзім Васільевіч прывёў яскравыя лічбы, якія сведчаць пра поспехі раёна. Прыкладам, Жабінкаўшчына выпрацоўвае тры працэнты валавай прадукцыі вобласці. Па прадукцыйнасці кароў наш раён трэці на Брэстчыне і 11-ы ў краіне. Па якасці малака, якое рэалізуецца сортам “Экстра”, жабінкаўскія жывёлаводы на чацвёртай пазіцыі ў вобласці. Прыемна зазначыць, што ў сярэднясутачным прыросце буйной рагатай жывёлы раённыя паказчыкі вышэй за абласныя, а па сярэднясутачным прыросце свіней жабінкаўцы займаюць другі радок. Паспяховым можна назваць і раслінаводства, асабліва ўраджай рапсу, а цукровых буракоў у гэтым сезоне сабрана на 10 адсоткаў больш, чым летась.
Кіраўніку Жабінкаўшчыны выпала ганаровая місія адзначыць найлепшых. Гэтага яны заслужылі сваёй адданай працай, і цяпер пад апладысменты ўзнімаліся на сцэну па ўзнагароды. Граматы райвыканкама атрымалі дзесяць найлепшых працаўнікоў, занятых у розных сферах сельскагаспадарчай дзейнасці: начальнік супрацьэпізаатычнага аддзела раённай ветстанцыі Ірына МІЦКЕВІЧ, намеснік кіраўніка рамонтна-энергетычнай службы камбікормавага завода Аляксандр КАЛПАК, аграном Таіса КУЛІК, трактарысты-машыністы Раман КЛІМОВІЧ, Максім АНІСКЕВІЧ і Васіль ЯВОРСКІ, вадзіцель Аляксандр МЯЦЕЧКА і заатэхнік-селекцыянер Марыя ПУКАЧ, жывёлавод Наталія МАНДРА і вядучы юрысконсульт Вольга ХАРЫТАНОВІЧ. Яшчэ шэсць працаўнікоў адзначаны Лістамі падзякі райвыканкама.
Неўзабаве карагод віншаванняў і ўзнагарод працягнуў Дзмітрый Гарадзецкі. Лейтматывам прамовы намесніка старшыні аблвыканкама стаў шчыры зварот да земляробаў:
— У сённяшнім мабільным, дынамічным часе ўсё ж сельская гаспадарка застаецца найгалоўнейшай галіной. Паколькі без хлеба на стале жыць немагчыма. Гэта ўзвышае вашу ролю, робіць яе непаўторнаю. На сяле жывуць галоўныя людзі, самыя адказныя, патрыятычныя, якія ўсяму забяспечваюць надзейную аснову.
Дзмітрый Мікалаевіч агучыў Прывітальны адрас аграрыям Жабінкаўшчыны ад кіраўніка Брэсцкай вобласці Юрыя ШУЛЕЙКІ, а затым з прыемнасцю назваў імёны вадзіцеля ААТ “Ракітніца” Генадзя СТЭЛЬМАШУКА, які атрымаў з яго рук Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, і дырэктара сельгастэхнікі Уладзіміра ДЗЕМІДЗЮКА, уганараванага знакам “За заслугі ў сельскай гаспадарцы”.
Былі, вядома, узнагароды і абласнога ўзроўню. Грамату аблвыканкама атрымаў Леанід ДЗЕНІСКАВЕЦ з “Мацеевічаў”, Ліст падзякі абласнога Савета дэпутатаў — Уладзімір ДЗЕМІДОВІЧ з “Вазнясенскага”, а працаўнікі ААТ “Жабінкаўскі” і “Арэпічы” Васіль СЕЛЯХ і Мікалай АНАЦКІ, галоўны інжынер раённай сельгастэхнікі Павел ПРЫБЫШ і галоўны аграном Сяргей ЗІНКЕВІЧ з “АграАзятаў” займелі ў скарбонку сваіх узнагарод Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні.
Такое ўрачыстае мерапрыемства нельга ўявіць без віншаванняў ад прадстаўнікоў заканадаўчай улады. Так, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк з прыемнасцю абвясціў Падзяку кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны, адрасаваную галоўнаму эканамісту ААТ “Вазнясенскі” Марыі ГАЛАВЕЙКА. Акрамя таго, аграрыяў Васіля АНДРАЮКА, Лідзію КАЦЭВІЧ, Святлану ПАСТУШЫК, Жанну ВАСІЛЕЎСКУЮ і Вячаслава СЯРГЕЕВА чакалі ўзнагароды ад Анатоля Вітальевіча, які ўручыў ім Ганаровыя граматы райсавета.
Са свайго боку, першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Андрэй КУЗЬМІЧ уручыў заслужаныя ўзнагароды пераможцам раённага спаборніцтва. Асабліва ўражвае поспех брыгадзіра малочнатаварнай фермы “Агароднікі” Марыны МІХАЙЛОЎСКАЙ, якая стала найлепшай адразу ў трох намінацыях.

Прафесіяналам — ад прафсаюза

На старшыню раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Любоў КАБЕРНУ быў ускладзены прыемны абавязак уручыць Ганаровую грамату рэспубліканскага камітэта прафесійнага саюза работнікаў АПК дырэктару ААТ “Жабінкаўскі” Міхаілу ВЯЧОРКУ, а таксама абласныя прафсаюзныя ўзнагароды кіраўніку ААТ “Арэпічы” Паўлу ШЫДЛОВІЧУ, бухгалтару камбікормавага завода Таццяне ПЯТРУЧЫК, загадчыцы аптэкі раённай ветстанцыі Ганне ЯДРЭЎСКАЙ і трактарысту-машыністу з “Арэпічаў” Анатолю ПРАЖЫЖКУ. На сцэну ўзнімаліся таксама пяцёра вяскоўцаў, адзначаных Ганаровай граматай райкама прафсаюза работнікаў АПК. Акрамя таго, Любоў Антонаўна павіншавала 16 учарашніх маладых спецыялістаў, а сёння майстроў сваёй справы, лёсам якіх стала жабінкаўская зямля. Усе яны атрымалі добрыя пажаданні і падарункі ад прафсаюза.
Акрамя таго на сцэну ўзнімаліся і вучні аграрнага класа, які дзейнічае ў Крыўлянскай школе. Маладых людзей, якія ўжо сёння маюць жаданне звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай, асабіста павіншаваў кіраўнік раёна Вадзім Краўчук.
Жывы водгук у зале выклікала таксама выступленне Сяргея Ашмянцава. Выканаўчы дырэктар абласнога аграпрамысловага саюза кранальна, сапраўды душэўна павіншаваў аграрыяў, падкрэсліўшы ў захапленні, што ў Жабінкаўскім раёне ёсць сапраўдныя флагманы сельскагаспадарчай галіны: “101 цэнтнер азімага зерня ў “Вазнясенскім” — гэта сапраўдны сусветны ўзровень!”. Сяргей Дзмітрыевіч з задавальненнем уручыў Ганаровую грамату абласнога аграпрамысловага саюза начальніку аддзела ветстанцыі Ларысе АЛЕКСЯЮК і галоўнаму інжынеру ААТ “Жабінкаўскі” Віктару МАЙШУКУ, трэці ўганараваны — жывёлавод з “Вазнясенскага” Сцяпан ЛІТВІНЧУК — на ўрачыстасці, на жаль, адсутнічаў, аднак узнагарода, вядома, знойдзе героя.
А вадзіцель Віктар ВАСІЛЬЧЫК ды механізатары Сцяпан ХОМІЧ і Валерый ПІШЧЫК атрымалі Ганаровыя граматы з рук кіраўніка раённага аграпрамысловага саюза Паўла Шыдловіча.
Так, добрай традыцыяй прынята прынародна ўслаўляць перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. А яшчэ — прыгожымі і гарэзлівымі спевамі, танцамі, жартамі — гэты заўсёдны падарунак ад калектываў мастацкай самадзейнасці Жабінкаўшчыны быў надзвычай багатым у святочны дзень. Разнастайныя музычныя нумары выклікалі захапленне. Радасны настрой узнімалі “Хмелеўскія валацугі” і “Спявай, душа!”. Удзельнікі свята не шкадавалі гарачых апладысментаў, калі на фінальнай песні цудоўнага “Каларыту” і “Золака” закружыліся ў танцы непаўторныя “Каруначкі”. А затым сваё майстэрства прадэманстравалі госці з Брэста — шоу-балет “Фантазія”.

Святочныя ўражанні

У незабыўны дзень для кожнага аграрыя і ўсіх, хто непасрэдна звязаны з іх працай, пацікавіліся пра іх уражанні.
Ігар БАЛТРАМЯЮК, генеральны дырэктар цукровага завода:
— Свята сустракаем у добрым настроі. За дзевяць месяцаў атрымалі чыстага прыбытку больш за 20 мільёнаў рублёў, выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі. Адгружаем прадукцыю ў Расію, Казахстан, Малдову, а жом грануляваны і мелес бураковы дастаўляем на продаж у краіны Прыбалтыкі.
Сёлета павялічылі пасяўныя плошчы салодкіх карэнняў да 1500 га, а ў наступным годзе плануем вырошчваць іх ужо на 2000 гектараў.
У гэтыя дні жадаем калегам выдатных прыбыткаў, усім жабінкаўцам — шчасця, здароўя, мірнага неба і душэўнага спакою.
Алена КАСМАЧОВА, галоўны бухгалтар, і Аксана ЯХАЛКОЎСКАЯ, начальнік вытворчасці, старшыня прафкама камбікормавага завода:
— Мы дасягнулі высокіх паказчыкаў, выканалі ўсе планы, з надзеяй глядзім як у сённяшні, так і заўтрашні дзень. Наш завод нездарма № 1 сярод падобных прадпрыемстваў у камбікормавай галіне. У свята жадаем міру, здароўя, поспехаў і добрых заробкаў.
Валянцін КАЗЛЮК, аграном ААТ “Хмелева”:
— Пасля заканчэння ў 2016 годзе сельгасакадэміі ў Горках першым месцам маёй працы стала “Хмелева”. Тут і справу па душы знайшоў, і сям’ю стварыў. Разам з жонкай Кацярынай гадуем дзвюх дзяўчынак Ксенію і Віку. Вясковае жыццё падабаецца, бо і продкі на зямлі шчыравалі, а цяпер мой час настаў.
Заўсёды радасна бачыць вынік сваёй працы. Лічу, яна самая важная на зямлі, паколькі мы вырошчваем хлеб, бульбу ды іншыя культуры, патрэбныя чалавеку.
У святочны дзень усім жадаю шчасця, радасці, удачы і, канечне, міру.
Марыя ГАЛАВЕЙКА, галоўны эканаміст ААТ “Вазнясенскі”:
— Пытаецеся, што для мяне гэты дзень? Самае галоўнае свята! Працаўнікі сельскай гаспадаркі з нецярпеннем чакаюць яго штогод. Прыемна чуць віншаванні ў твой адрас, яшчэ больш радасна самому рабіць прыемнае іншым. Да слова, я ж не толькі эканаміст — яшчэ і старшыня прафкама. Таму напярэдадні давялося выканаць прыемную справу: сумесна з дырэкцыяй ушаноўваць людзей, звязаных з гаспадаркай. Штогод уручаем ім падарункі, сёлетні, вядома, не стаў выключэннем: прэміравалі сваіх працаўнікоў, да таго ж усім без выключэння, у тым ліку і нашым ветэранам, перадалі харчовыя прадуктовыя наборы. Усім-усім жадаю здароўя, удачы, цярплівасці, дабрабыту і міру.
Юлія МАРЧУК, вучаніца агракласа Крыўлянскай СШ:
— Вельмі падабаюцца біялогія і хімія, а ў такім класе іх выкладаюць больш грунтоўна. Думаю пасля школы звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Мне ёсць з каго браць прыклад: мама Ларыса Іванаўна працуе ў “Вазнясенскім” галоўным аграномам, дзядуля Іван Мікітавіч ДУБІНА — трактарыст у “Арэпічах”, а цёця Ганна ПЛЫТНІК — намеснік дырэктара ў ААТ “Жабінкаўскі”.
Аднакласніцу дапоўніла Дар’я ДЗЕНІСОВІЧ:
— І ў маёй сям’і ёсць земляробы. Нарыклад, дзядуля Мікалай Сцяпанавіч ІВАНЮК шмат гадоў адпрацаваў у нашай гаспадарцы. Добрыя веды нам дае настаўніца Марыя КУЛЬГАЎЧУК. Мару пасля школы стаць тэхнолагам малочнай перапрацоўкі.
Павел ШЫДЛОВІЧ, дырэктар ААТ “Арэпічы”:
— Усё ў нас у гаспадарцы добра, а будзе яшчэ лепш! Ураджай радуе, тым больш, што здабылі яго 186 працавітых людзей, якія шчыруюць зараз у “Арэпічах”. Кожны з іх на сваім месцы, добрасумленна працуе. А лепшыя з лепшых сёння адзначаны годнымі ўзнагародамі. У святочны дзень жадаю ўсім аграрыям быць здаровымі, жыць і працаваць у радасць!

ПЕРАМОЖЦЫ РАЁННАГА СПАБОРНІЦТВА
ЗА ДАСЯГНЕННЕ ВЫТВОРЧЫХ ПОСПЕХАЎ У АПК

Сярод сельгасарганізацый па вытворчасці малака:
ААТ “Вазнясенскі” (дырэктар Надзея КАНДРАЦЮК).

Сярод сельгасарганізацый па вытворчасці мяса:
СУП “АграАзяты” (дырэктар Святаслаў АЛЯШКЕВІЧ).

Сярод калектываў малочнатаварных ферм па вытворчасці малака:
МТФ “Агароднікі” ААТ “Вазнясенскі” (брыгадзір Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ).

Сярод жывёлаводчых ферм па вырошчванні і адкорме маладняка буйной рагатай жывёлы:
Ферма № 1 СУП “АграАзяты” (брыгадзір Ларыса ВЕСНІНА).

Сярод жывёлаводчых ферм па вырошчванні рамонтных цялушак:
Ферма “Агароднікі” ААТ “Вазнясенскі” (брыгадзір Марына МІХАЙЛОЎСКАЯ).

Сярод аператараў машыннага даення ў даільнай зале:
Звяно МТФ “Агароднікі” (у складзе Марыны ПОЗДНЫШАВАЙ, Святланы СТОЦІК, Таццяны ВАЙТОВІЧ, Таццяны МАЦВІЙЧУК і Ірыны БАХУРЭВІЧ).

Сярод аператараў па вырошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы:
1-е месца — Любоў ЧАРНАК (“АграАзяты”), 2-е месца — Раіса КАШАЛЮК (“Хмелева”).

Сярод аператараў па вырошчванні рамонтных цялушак:
Аксана ШАСТАЧУК (“Хмелева”).

Сярод аператараў па вырошчванні цялят у радзільных аддзяленнях:
Іна КАНАНОВІЧ (“Рагазнянскі”).

Сярод аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы:
1-е месца — Віталіна ТАРАСЮК (“Вазнясенскі”), 2-е месца — Леанід ДЗЕНІСКАВЕЦ (“Мацеевічы”).

Сярод гаспадарак за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў:
1-е месца — ААТ “Рагазнянскі” (дырэктар Віктар ДРОБЫШАЎ), 2-е месца — ААТ “Арэпічы” (дырэктар Павел ШЫДЛОВІЧ), 3-е месца — ААТ “Жабінкаўскі” (дырэктар Міхаіл ВЯЧОРКА).

Сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў:
1-е месца — Юрый АХРЫМУК (“Жабінкаўскі”).

Сярод вадзіцеляў, якія перавозілі травяныя кармы ад камбайнаў:
1-е месца — Вячаслаў ПЯСЕЦКІ (“Жабінкаўскі”), 2-е месца — Іван ПЕТРУСЕВІЧ (“Вазнясенскі”) і Мікалай ТАРАСЮК (“Рагазнянскі”), 3-е месца — Віталь ЗДЗЯРУК (“Рагазнянскі”).

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Васіліны ВАЙТОВІЧ