“О, край родны, край прыгожы!”

Пад такой назвай раённае аб’яднанне прафсаюзаў праводзіла творчы фотаконкурс. У ім паўдзельнічалі сябры галіновых прафесійных саюзаў адукацыі і навукі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму, дзяржаўных і іншых устаноў.

Вынікі падведзены напярэдадні Дня Незалежнасці. У трох намінацыях вызначаны пераможцы.

Шчасцем, радасцю, усмешкамі напоўнены кадр, які паспела занатаваць Алена РАДКЕВІЧ. Фотааматар працуе ў райбібліятэцы і бясспрэчна ўмее прыкмячаць аптымістычныя моманты жыцця, якімі напоўнены будні і святы (так называлася і намінацыя, у якой перамагла Алена Аляксееўна).

Другая намінацыя мела назву “Поры года”. Сваю фотаработу “Люблю наш край” даслала выхавальніца школы-інтэрната Рыта ЯКІМЕНКА. Мабыць, назву аўтару здымка навеяла вядомая песня Міколы Равенскага на верш Канстанцыі Буйло, а сам здымак – родныя жабінкаўскія краявіды.

І нарэшце, намінацыя “Цікавы кадр” прынесла перамогу мастаку-афарміцелю раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Лізавеце ДУЛЕВІЧ. Калі пазіраеш на фота, спярша нават сумняваешся: ці ты глядзіш, ці гэта за табою падглядвае адкрыты дзявочы позірк?..

…Вынікі конкурсу падведзены. Будуць і ўзнагароды. Лепшых фотааматараў чакае ўганараванне ў час урачыстасцяў, якімі звычайна напоўнены Дзень горада Жабінкі.

Анатоль БЕНЗЯРУК

На здымках: фотаработы – пераможцы раённага конкурсу.