Гэты радок з паэмы-дыялога Васіля Сахарчука “Развітанне” мог бы стаць эпіграфам да вечарыны, праведзенай у Жабінкаўскай раённай бібліятэцы з нагоды 65-й гадавіны Паэта. Нягледзячы на тое, што Васіль нарадзіўся ў вёсцы Свадзьбічы Бярозаўскага раёна, але як паэт, перакладчык і журналіст Сахарчук спаўна праявіў сябе менавіта ў Жабінцы. Тут нарадзіліся яго дзеці. Тут ён стаў сваім, і Жабінка памятае Васіля Якаўлевіча, калі яго нават няма з намі: адна з новых вуліц у горадзе носіць ягонае імя, а вершы чытаюцца і перачытваюцца.
Вядучыя вечарыны Валянціна Славуціч ды Таццяна Раманава ўсебакова раскрылі жыццёвы і творчы шлях Васіля Сахарчука. Ён паявіўся ў Жабінцы ў 1979 годзе: яго парэкамендаваў сябар-аднакурснік Іван Зяньковіч, які да таго працаваў у газеце “Сельская праўда”, а цяпер перабіраўся на другую работу. Ён сказаў рэдактару: “Бярыце Васіля: ён чалавек творчы, са студэнцкай пары друкуе вершы, так што яго вучыць пісаць не трэба будзе…”
І сапраўды, непрыкметна і адразу Васіль Сахарчук уліўся ў журналісцкі калектыў, і ў хуткім часе цяжка было пазнаць у ім пачаткоўца. Наадварот, ягоныя публікацыі выдзялялі ў ліку лепшых. Ён быў справядлівым і прынцыповым. Як расказала былая супрацоўніца “Сельскай праўды” Тамара Лісічык, аднойчы Сахарчук не пагадзіўся з рэдактарскай праўкай і заявіў напрамую Міцковічу: “Іван Сямёнавіч, Тамарын варыянт лепшы! Друкуйце яго”. І той паслухаўся.
На вечарыну з Брэста прыехалі Уладзімір Барысюк і Леанід Філатаў. Уладзімір расказаў, як у 1981 годзе, калі стваралася Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў, ён пазнаёміўся з Сахарчуком, разгаварыліся, той спадабаўся яму, як і Васілёва паэзія, і Барысюк пастаянна сачыў за творчасцю сябра.
З напісанага Сахарчуком
Уладзімір Уладзіміравіч прачытаў верш “Ля незачыненых акон”, прысвечаны памяці выкладчыка БДУ Рыгора Семашкевіча, які трагічна загінуў у трыццаць сем гадоў. Барысюк голасам выдзеліў два апошнія радкі: “Спытаюцца: чаму так ціха ў свеце? Скажу, што ты… у вырай паляцеў”, бо трагічны Рыгораў сыход у нечым паўтарыўся ў лёсе аўтара верша.
Леанід Філатаў зачытаў з кнігі “Страла жыцця” некалькі мініяцюр, якія расказалі аб сустрэчах з Сахарчуком. Пісьменнік і журналіст Анатоль Бензярук, які з дня прыходу ў “Сельскую праўду” Васіля Якаўлевіча сачыў за ягонымі публікацыямі, адзначыў, што, пачынаючы з 80-х гадоў, Сахарчук рыхтаваў матэрыялы і на краязнаўчую тэму, дзе неаднойчы выказваўся аб неабходнасці стварэння ў раёне гісторыка-краязнаўчага музея. Музей адчыніў дзверы ўжо пасля Васілёвай смерці.
Жонка Сахарчука Людміла
Іванаўна падзякавала і арга-
нізатарам свята, і ўсім высту-поўцам, і тым, хто прыйшоў паслухаць вершы паэта, за памяць і любоў да Васіля Якаўлевіча і яго паэзіі. На вечарыне Ірына Віткоўская выканала песню на словы В.Сахарчука “Халадок-недавер”, спяваў народны хор ветэранаў “Тонус”. Завяршылася мерапрыемства песняй на верш “Чысціня”, якая даўно ў рэпертуары вядомага беларускага гурта “Сябры”.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Главные новости
