Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Як вядома, каб запаліць іншых, патрэбна самому гарэць, а не тлець. Кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 5 Жабінкі Вераніка Пятрынчык “гарыць” сваёй прафесійнай справай, не шкадуе сардэчнага цяпла ў рабоце з дзецьмі, і тыя адплачваюць свайму педагогу любоўю і павагай.
Калісьці Вераніка наведвала дзіцячы садзік камбікормавага завода ў якасці выхаванкі, у 1991-м шасцігадовай дзяўчынкай выпусцілася з яго, а ў 2007-м вярнулася ў родную ўстанову ўжо як выхавальнік і пазней — кіраўнік фізічнага выхавання. Яшчэ калі вучылася ў трэцяй гарадской адзінаццацігодцы, дзяўчына марыла звязаць сваё жыццё з навучаннем і выхаваннем дзяцей. Каб рэалізаваць свае задумкі і планы ў рэчаіснасці, Вераніка паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Настаўнік англійскай мовы. Выхавальнік”. І вось ужо 11 гадоў яна шчыруе ў родным з дзяцінства садзіку, з задавальненнем займаецца з дашкольнікамі, намагаецца прывіць ім любоў да спорту і здаровага ладу жыцця.
— Мая педагагічная філасофія простая, — кажа Вераніка Пятроўна. — Прыгледзься да таго, хто прыйшоў у спартыўны зал, пакажы і раскажы, акажы дапамогу. Я ўпэўнена ў тым, што кожнае дзіця таленавітае, у кожнага нешта атрымліваецца лепш, чым у іншых. У многіх цудоўныя прыродныя дадзеныя, якія трэба дапамагчы развіць. Вельмі важна знайсці агульную мову з малышамі, зацікавіць іх, увесці ў чароўны свет спорту. А яшчэ я вучу дзяцей перамагаць: кожны дзень рабіць тое, што не атрымлівалася ўчора, і мы разам радуемся гэтым маленькім перамогам і поспехам.
Вераніка Пятрынчык напоўнена планамі і ідэямі, творчым запалам і жыццёвым аптымізмам. Яна з задавальненнем прымае ўдзел у розных мерапрыемствах і конкурсах, абараніла праект па валеалагічным выхаванні, друкуецца са сваімі напрацоўкамі ў рэспубліканскай прэсе і на інтэрнэт-сайтах, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю, з’яўляецца прафсаюзным лідарам ясляў-сада № 5, а таксама ўзначальвае метадычнае аб’яднанне кіраўнікоў фізічнага выхавання раёна. У 2016 годдзе Вераніка Пятроўна стала прызёрам агляду-конкурсу “Электроннае педагагічнае партфоліа” сярод спецыялістаў дашкольнай адукацыі Жабінкаўшчыны. Акрамя таго, сёлета скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Цікаўлюся, як яна ўсё паспявае і дзе знаходзіць час, энергію ды сілы.
— Я педагог новага пакалення, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Сучаснасць патрабуе ад настаўніка мабільнасці, гнуткасці, умення выбіраць правільны накірунак дзейнасці і бачыць блізкую і далёкую перспектывы. Я адчуваю сябе адказнай за здароўе будучага пакалення. Нядаўна зразумела: поспеху ў жыцці дабіваюцца тыя, хто не перастае вучыцца ўсё жыццё. Я і сама “вечная школьніца”: займаюся самаадукацыяй, асвойваю новыя праграмы, вывучаю метадычную літаратуру. Удзячна старэйшым калегам і асабліва загадчыку нашага ясляў-сада Святлане Цімафееўне Лава за парады і падтрымку.
Нават у размове з Веранікай Пятрынчык зараджаешся бадзёрасцю, пазітывам, энергіяй. Адчуваецца, што яна самадастатковая, мэтанакіраваная асоба.
— Я шчаслівая ад таго, што як педагог установы дашкольнай адукацыі пастаянна жыву ў радасным і бесклапотным свеце дзяцінства, — кажа Вераніка Пятроўна. — Люблю дзяцей, выхоўваю іх, укладваю ў іх усю душу. Прыемна, што многія мае выхаванцы актыўна працягваюць займацца спортам у школьныя гады: да прыкладу, Максім Ткачук, Сямён Малашанка, Ягор Шкуратаў. І няма лепшай узнагароды за працу, як усмешкі на тварах дзяцей, якія радуюцца сваім поспехам, паказваюць добрыя вынікі.
