Няхай у алеі івы шумяць!

“Маладзёжная алея як памяць будучым пакаленням” — пад такім дэвізам у аграгарадку Ленінскі прайшоў суботнік па пасадцы маладых дрэўцаў.
Работнікі Ленінскага сельвыканкама, мясцовых школы і ясляў-сада на чале са старшынёй сельсавета Мікалаем Лугаўскім, начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ільёй Жуком, намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Сцепанюком і выхаванцамі старэйшай групы сада дружна папрацавалі — на памяць атрымалі фота і шмат пазітыўных эмоцый! Малышы з задавальненнем дапамагалі прытрымліваць маладзенькія дрэўцы, пакуль дарослыя прысыпалі зямлёй лункі і палівалі іх вадою. Дарэчы, хлопчыкі і дзяўчынкі нават далі імёны “сваім” саджанцам і абяцалі клапаціцца пра “падапечных”. Яны выказалі меркаванне, што ўсе дрэўцы прымуцца і, калі падрастуць, вельмі ўпрыгожаць аграгарадок.
Безумоўна, пасадка дрэў — справа высакародная і патрэбная. І няхай вынік будзе бачны не адразу, а праз гады, нашы дзеці і ўнукі скажуць за гэта “дзякуй”.
Як расказаў старшыня Ленінскага сельсавета Мікалай Лугаўскі (дарэчы, менавіта ён на сваім прыдамовым участку займаўся ўкараненнем галінак івы, каб восенню атрымаць з іх паўнавартасныя дрэўцы для азелянення пасёлка), у далейшым плануецца пасадзіць такія ж алеі, прысвечаныя 50-годдзю сельсавета, з маладых дубкоў, соснаў, бярозак не толькі ў Ленінскім, але і ў Чыжэўшчыне, Ёжыках, Філіпавічах, Рагозне і санаторыі “Буг”. Усе жадаючыя могуць паўдзельнічаць у добрай справе. Звяртайцеся ў Ленінскі сельвыканкам!
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара