НОВЫЯ СТАРОНКІ МІНУЛАГА ЖАБІНКІ

У Год гістарычнай памяці горад-спадарожнік Брэста істотна “пасталеў”!

 

У мінулых нумарах “СП” пісала пра выяўленыя ў архіве дакументы 1765 і 1770 гадоў са згадкамі пра Жабінку. І вось прыйшоў час засяродзіцца яшчэ на адной справе, схаванай у Варшаве ў Цэнтральным архіве старадаўніх актаў. Яна пераканаўча сведчыць: населены пункт пад назвай Жабінка існаваў ужо 275 гадоў таму.

У пошуках старажытнай Жабінкі

Яшчэ ў 1978 годзе выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” выпусціла ёмістую кнігу “Бела-руская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка”. У ёй можна пабачыць карту, якая паказвае эканамічны стан нашай зямлі ў далёкім XVIII стагоддзі. І што цікава: на карце паміж Кобрынам і Брэстам ужо тады пазначана Жабінка. Аднак дакументальных пацвярджэнняў яе існавання ў XVIII стагоддзі раней не было. Існавала толькі разуменне: бясспрэчна наш горад мае гісторыю, якая сягае ў глыбіні вякоў.
Але ж наколькі глыбока?
Гарады растуць, як людзі, і нярэдка далучаюць да сябе суседнія паселішчы. Так здарылася і з Жабінкай, якая ў ХХ і ХХІ стагоддзях увабрала ў свае межы Абрамавічы і Галінова, Купіну і Жабіначку, Мышчыцы і Здзітава, Курпічы і Сцяброва. Кожная з гэтых вёсак мае за плячыма стагоддзі існавання. (Найстарэйшае з іх — колішняе сяло Здзітава, якое ў сёлетнім студзені адзначыла 520-годдзе).
І вось цяпер да спіса старажытных паселішчаў, уключаных у склад Жабінкі, можна па праве дадаць паселішча, з якога, уласна, і пачынаўся сённяшні горад — адміністрацыйны, эканамічны і культурны цэнтр нашага краю.
Мы маем на ўвазе фальварак Здзітавец, які ў дакументах XVIII–ХІХ стагоддзяў меў і другую назву, — Жабінка.

26 мая 1746 года

Запомнім гэтую дату. Бо з яе пачынаецца адлік гісторыі Здзітаўца-Жабінкі.
Аднак — і на тое звяртае ўвагу прафесар Анджэй ВАЎРЫНЮК, што адшукаў дакументы, якія мы разглядалі, — ягоны шматгадовы навуковы вопыт падказвае: не выключана, у будучым некаму з даследчыкаў можа пашанцаваць адшукаць паперы, якія зноў “састараць” Жабінку. А пакуль гэтага не адбылося, 26 мая 1746 года — самая ранняя на сённяшні дзень задакументаваная згадка пра паселішча з назвай Жабінка.
Цяпер дакладна вядома, што першапачаткова ўласнікам маёнтка Здзітавец, альбо Жабінка, быў Марцін КАСЦЮШКА. Ён меў пасаду краўчага берасцейскага, у 1722 годзе ажаніўся з Барбарай — бабуляй знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі.
У 1746 годзе Марцін прадаў маёнтак Тэрэзе ЗБАРОЎСКАЙ, а тая, у сваю чаргу, уступіла у 1770-м
Здзітавец-Жабінку Казіміру ТРЭМБІЦКАМУ — бацьку вядомага палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай Антонія ТРЭМБІЦКАГА, які нарадзіўся ў былым маёнтку Плошча — паміж Жабінкай і Бабрамі.
Калі ў другой палове ХІХ стагоддзя ў жыццё палешукоў літаральна на ўсіх парах ўварваўся чыгуначны рух, наступны ўласнік Жабінкі Адольф ТРЭМБІЦКІ катэгарычна адмовіўся саступаць частку сваёй зямлі пад будаўніцтва чыгункі.
Аднак на той час ужо быў афіцыйна зацверджаны план будоўлі з назвамі станцый. І зрабіў гэта ўласнаручна ў 1868 годзе імператар Аляксандр ІІ. Пад нумарам 80 значылася станцыя Жабінка.
Кампанія, якая будавала чыгунку, вымушана была лічыцца з незгаворлівым Трэмбіцкім. Таму стальныя рэйкі абмінулі панскія землі і прайшлі па сялянскіх. Гэтак непадалёку ад маёнтка Жабінка ўзнікла яшчэ і аднайменная чыгуначная станцыя, а неўзабаве вакол яе стаў расці і пасёлак Жабінка.
Так працягвалася ажно да другой паловы ХХ стагоддзя, калі ўсе тры Жабінкі аб’ядналіся ў адзіны горад. Пакрыху ён разрастаецца і далучае да сябе ўсё новыя землі і вёскі.
А ў кожнай вёскі, як вядома, ёсць свая гісторыя.
Анатоль БЕНЗЯРУК