Новы квартал да ста “квадратаў”

Жабінка расце і актыўна пашыраецца. Колькасць навасёлаў у бліжэйшы час можа значна павялічыцца — дзякуючы ўводу запланаваных шматпавярховых дамоў і квартала індывідуальных забудоўшчыкаў. А Дырэктыва № 8 “Аб прыярытэтных накірунках будаўнічай галіны” дапаможа матэрыялізаваць жыллёвую мару ў выгля-дзе ўтульнага “гняздзечка” плошчай да 100 “квадратаў” з відам на клумбы і сажалку тым, хто не хоча жыць у кватэры на N-ым паверсе, а марыць пра ўласны дом. Першы на Брэстчыне індывідуальны жылы квартал пачнуць будаваць у гэтым годзе ў Жабінцы.
Ён размесціцца ў Шчэгліках. Пакуль жа спецыялісты УП “УКБ Жабінкаўскага раёна” займаюцца праектаваннем дарогі, электрасетак і водазабеспячэння, каб на ўчастак будучай дзяржаўнай забудоўлі на 60 дамоў хутка прыйшла спецыяльная тэхніка. Згодна з прадпісаннем Дырэктывы № 8, адзіным заказчыкам выступае УКБ, а забудоўшчыкам — КУП “Брэстжылбуд”. Па плане, на васьмі гектарах дамы плошчай да 100 “квадратаў” будуць панэльныя з прысядзібнымі ўчасткамі. Дамы — энергаёмкія: на кухні — электрычная пліта, гарачая вада — ад электрабойлера. Ацяпленне двух відаў: як ад кацельні, так і канвектарнае, аднак з сілкаваннем ад электрасетак. Дарэчы, навасёлы пры жаданні змогуць дабудоўвацца.
Варта адзначыць, што аналагічны праект на 48 дамоў з’явіцца і ў Баранавічах. Забудоўшчыкі могуць не хвалявацца, што іх мара расцягнецца на доўгія гады: атрымаюць ключ ад утульнага дома ў самыя сціслыя тэрміны. Кошт не будзе перавышаць кошт бюджэтных кватэр.