Дзень Вялікай Перамогі… Для кожнага з нас ён мае сваё значэнне і сэнс. У мяне 9 Мая асацыюецца з сівавалосымі ветэранамі, грудзі якіх упрыгожаны ордэнамі і медалямі, а ў руках — чырвоныя гваздзікі і букеты бэзу, з кароткімі залпамі і хвілінай маўчання, ваеннымі песнямі і вершамі аб саракавых агнявых, ад якіх на вочы наварочваюцца слёзы і да горла падступае камяк… З якім настроем сустракаюць гэтае свята жыхары Жабінкаўшчыны? Што значыць для іх Вялікая Перамога?
Анатоль Аляксандравіч, старшыня раённага савета ветэранаў:
— Мой сябар казаў, што 9 Мая — самае галоўнае свята: без яго не было б Дня Незалежнасці. Гэты дзень навечна ўпісаны ў летапіс нашай краіны. Мы ўспамінаем тых, хто паклаў свае жыцці на алтар Айчыны, і ад усяго сэрца дзякуем ветэранам за іх подзвіг, доблесць і невычэрпны патрыятызм. У нашай сям’і з дзяцінства выхоўвалася стаўленне да гэтага свята як да самага значнага.
У майго бацькі Аляксандра Данілавіча быў ордэн Чырвонага Сцяга, два ордэны Чырвонай Зоркі. Аб ваенных гадах ён не любіў распавядаць. Ведаю, што бацька з 1929 года служыў у пагранвойсках. Усе яго дакументы і ўзнагароды захоўваюцца ў старэйшай сястры, якая жыве ў Брэсце. Калі быў школьнікам, мы часта хадзілі ў госці да ветэранаў і з задавальненнем слухалі іх успаміны. Колькі ім давялося ўсяго перажыць! Шкадую, што не настаяў, каб бацька расказаў пра гады ліхалецця.
На мой погляд, кожны чалавек ганарыцца і шануе гэтую вялікую дату. Дзень Перамогі — свята, якое павінна жыць у сэрцах дарослых і дзяцей.
Аня з братам Раманам, студэнты:
— Сёлета мы адзначаем юбілейную гадавіну Перамогі. Ад страшных падзей саракавых нас аддзяляе практычна цэлае чалавечае жыццё. І толькі ветэраны ведаюць сапраўдную цану міру: яны бачылі жахі вайны на свае вочы. На жаль, з кожным днём іх становіцца ўсё менш і менш. Дзень Перамогі быў і застаецца самым дарагім і шануемым святам. У нашай сям’і беражліва захоўваюць памяць аб прадзедах Нічыпары і Мікалаю Падарэўскіх, якія жылі ў вёсцы Навасады. Калі малодшаму споўнілася васямнаццаць, яго прызвалі ў войска (Нічыпар тым часам ужо служыў). Тры месяцы Мікалай вучыўся, а потым яго накіравалі на фронт. Ён ваяваў у складзе III Беларускага фронту, у 83-й стралковай дывізіі. Зімой 1945-га быў паранены пад Кёнігсбергам, дваццаць дзён лячыўся ў шпіталі, а потым зноў вярнуўся на фронт. Да Перамогі заставалася менш за два тыдні, як яго зноў ранілі ў руку. 9 Мая ён сустрэў на перавязачным пункце ў Жабінцы. Прадзед служыў да 1949 года, затым вярнуўся дахаты. А тут — сюрпрыз: паштальён прынесла на яго “пахавальную”, маўляў, “загінуў Мікалай Сяргеевіч пры ўзяцці нямецкага аэрадрома”. Дарэчы, за гэты аэрадром прадзед атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Дзякуй Богу, абодва браты вярнуліся жывыя, і адзін і другі былі ўзнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны.
Хочацца сказаць дзякуй усім ветэранам за тое, што яны падарылі нам магчымасць жыць пад мірным небам і будаваць будучыню. Нашы прадзеды ваявалі, каб нам лепш жылося, каб на зямлі панаваў мір. Мы павінны гэта цаніць. Нізкі паклон вызваліцелям!
Лідзія, у дэкрэтным адпачынку:
— Мой прадзядуля Савелій Іванавіч Клопат служыў у 23-й танкавай брыгадзе. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Дайшоў да Берліна. Падчас прарыву абароны немцаў на заходнім беразе ракі Одэр праявіў асаблівыя мужнасць і адвагу. Знайшоў і абясшкодзіў сямнаццаць супрацьтанкавых мін. Танкі з артылерыяй прайшлі своечасова, без страт і затрымкі. У красавіку 1945-га прадзед прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве пераправы праз Альт-Одэр. Акрамя гэтага, на працягу ўсіх баёў ад ракі Одэр да Берліна ён прарабляў праходы для танкаў у лясных і вулічных завалах.
Яшчэ адзін мой прадзядуля Апанас Паўлавіч Кісляк быў тэлефаністам, узнагаро-джаны медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”.
Служыў у 82-м гвардзейскім гарматна-артылерыйскім палку. У баях пры фарсіраванні ракі Раба пад моцным агнём праціўніка адважна і мужна, хутка і ўмела праклаў сувязь з батальёнам, бесперабойна і дакладна перадаваў арткаманды.
Для мяне Дзень Перамогі — гэта сімвал стойкасці нашага народа, напамін пра тое, што нашы продкі змагаліся за свабоду краіны і яе будучыню. Гэта вялікае свята, злучанае з горам: гэтулькі крыві было праліта. Я думаю, памяць пра гэта павінна жыць у нашай краіне заўсёды.
Эліна Уладзіміраўна, настаўнік гісторыі:
Дзень Перамогі — святое свята. І гэта не проста прыгожыя гучныя словы. Наш народ заплаціў такую вялікую цану за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, што многія пакаленні будуць у неаплатным даўгу перад пераможцамі.
Мае аднагодкі засталі той час, калі ветэранаў, поўных сіл, было яшчэ шмат, яны ахвотна прыходзілі на сустрэчы з моладдзю. На маё шчасце, я мела магчымасць гутарыць з такімі героямі. Абодва мае дзядулі ўсё жыццё прысвяцілі ваеннай службе. Анатоль Георгіевіч Шавялёў ваяваў у складзе Стэпавага фронту, удзельнічаў у бітве на Курскай дузе, быў паранены. Валянцін Іванавіч Сінельнікаў служыў і ваяваў на Далёкім Усходзе.
Як настаўніку мне важна, каб і сучасныя школьнікі ведалі пра вайну, мелі цвёрдыя перакананні аб значэнні Вялікай Перамогі. Таму кожны год мы з ліцэістамі праводзім даследаванні, а вынікі дэманструем на розных канферэнцыях ад Жабінкі да Мінска. Сёлета да 75-годдзя Перамогі з дапамогай раённай цэнтральнай бібліятэкі атрымалася выдаць “Альбом Памяці” з успамінамі дзяцей ваенных гадоў, якія жывуць на Жабінкаўшчыне. Матэрыял для брашуры ліцэісты збіралі на працягу трох гадоў. Важна захоўваць памяць пра вайну, каб больш ніколі такое не паўтарылася.
Аляксандр, ветэрынарны ўрач:
— Вайна — самае страшнае, што ёсць на свеце! Я нарадзіўся ў мірны час і для мяне расказы ветэранаў падаюцца нібыта сюжэты з нейкага фільма. Асабліва цяжка ўявіць, як маглі ваяваць дзеці. Некаторым давялося змагацца з ворагам у 13-14 гадоў.
Мы не павінны забываць жахі вайны, пакуты і смерць мільёнаў. Гэта было б злачынствам перад загінулымі, перад будучыняй. Змагацца за мір — абавязак усіх, хто зараз жыве на Зямлі.
Майго прадзеда Івана Анісімавіча прызвалі на фронт у 1944 годзе. Радавы Ануфрыюк служыў у 871-м лёгкаартылерыйскім палку ездавым.
Ветэраны… Дзякуючы іх мужнасці на перадавой і гераічнай працы ў тыле дасягнута Перамога. Яны самааддана ваявалі за мір на зямлі, цаной іх крыві аплачана незалежнасць нашай краіны і будучае жыццё нашчадкаў. Нізкі паклон вам, пераможцы, за мужнасць і гараізм! Вялікі дзякуй за мірнае жыццё і свабоду.
Алена СІНЯЎСКАЯ
Главные новости
