Ніна КАЛЫБСКАЯ: “Ёсць адчуванне значнасці падзеі”

Ужо заўтра ў Мінску распачынае працу VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Жабінкаўшчыну на гэтым прадстаўнічым адказным мерапрыемстве прадстаўляе старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. З задавальненнем даем слова дэлегату.

— Ніна Уладзіміраўна, якім выдаўся 2019-ы для прафсаюзаў?
— Увесь мінулы год быў вельмі адказны для прафсаюзнага руху. Па ўсёй краіне ладзіліся справаздачна-выбарныя сходы і канферэнцыі прафсаюзных арганізацый, прадпрыемстваў, раёнаў. Мы падводзілі вынікі работы, праведзенай за пяць гадоў, планавалі сваю будучыню. Гэтымі днямі справаздачна-выбарная кампанія падыходзіць да свайго лагічнага фіналу і завершыцца 28 лютага чарговым VIII з’ездам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
— Якою бачыцца гэта падзея літаральна за дзень-другі да свайго пачатку?
— Бясспрэчна, найперш яна ўражвае сваёй маштабнасцю. Выбраны 508 дэлегатаў з усіх куткоў краіны. Мне пашчасціла прадстаўляць Жабінкаўшчыну. Ёсць адчуванне выключнай значнасці мерапрыемства ў грамадскім жыцці краіны. На з’ездзе будуць падведзены вынікі дзейнасці Федэрацыі за апошнюю пяцігодку, вызначаны асноўныя напрамкі работы ў будучым. Плануецца, што ў рабоце прафсаюзнага форуму прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, што яшчэ больш узніме важкасць рашэнняў, якія будуць прымацца на з’ездзе.
— З якімі адчуваннямі вы накіроўваецеся ў сталіцу?
— Для мяне надзвычай ганарова прысутнічаць на з’ездзе, і разам з тым адчуваю вялікую адказнасць, бо давядзецца прадстаўляць тысячы жабінкаўцаў — сяброў прафесійных саюзаў, якія ўваходзяць у склад ФПБ. Разумею, што на з’ездзе будуць вызначаны асноўныя накірункі прафсаюзнай дзейнасці на 2020-2025 гады. Усе яны знойдуць адлюстраванне ў праграме дзейнасці нашай Федэрацыі. Мы ўжо працуем з гэтым дакументам. І для мяне асабіста важна, каб у ім знайшла месца праблематыка, актуальная для нашага раёна.
Лічу, работа, праведзеная ў мінулыя гады, як ніколі паказала сілу прафсаюзнага руху. На сёння гэта аўтарытэтная арганізацыя, пазіцыя якой мае вагу на ўсіх узроўнях — ад мясцовай улады да ўрада. З ініцыятывы прафсаюзаў прыняты важныя змяненні ў заканадаўчыя акты, што паляпшае жыццё працоўных. Упершыню ў гісторыі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі нароўні з органамі выканаўчай і заканадаўчай улады выступіла адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па змяненні Працоўнага кодэкса. Усяго ФПБ былі ўнесены прапановы ў больш чым тры дзясяткі артыкулаў. Усе яны накіраваны на тое, каб дадаць гарантый і палепшыць стан работнікаў. Вялікую дапамогу прафсаюзы аказваюць таксама ў прававой сферы і ахове працы. Адным словам, ёсць станоўчыя вынікі, але спыняцца на дасягнутым нельга.
Упэўнена, што ў наступныя пяць гадоў разам здолеем дасягнуць яшчэ большага.
— Дзякуй, Ніна Уладзіміраўна, за міні-інтэрв’ю. Спадзяемся на сустрэчу пасля паездкі ў сталіцу, каб больш змястоўна распавесці на старонках “СП” пра вашы ўражанні ад VIII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў.
Анатоль РОСТАЎ