Незвычайны шлях у прафесію

Днямі карэспандэнт “СП” “завітала на працэдуры” да медыцынскай сястры санаторыя “Буг” Алы Турбіцынай, якая расказала пра свой незвычайны шлях у прафесію, што дорыць людзям здароўе і добрае самаадчуванне, радасць і пазітыў.

Крокі да спецыяльнасці

З дзяцінства Алу Турбіцыну (у дзявоцтве Курыга) вабіла рамантыка чыгункі, таму ніхто і не здзівіўся, калі пасля Ленінскай адзінаццацігодкі яна паступіла ў Брэсцкае чыгуначнае вучылішча на правадніцу. Паспяхова скон-чыўшы вучобу, пачала ездзіць у рэйсы — хуткі цягнік імчаў у расійскую сталіцу, а потым назад у Брэст. Але дзяўчыне хапіла некалькі месяцаў, каб канчаткова зразумець: з выбарам памылілася і гэта прафесія не для яе.
Чым жа займацца далей? Яшчэ ў школьныя гады падчас канікулаў Ала працавала санітаркай і афіцы-янткай у санаторыі “Буг”. Умела спраўлялася са сваімі абавязкамі, дый калектыў добра ведала. Таму доўга не вагалася — папоўніла дружную каманду афіцыянтак здраўніцы амаль на пяць гадоў.
Час ішоў, але думка пра далейшую вучобу і змену прафесіі не пакідала дзяўчыну. Добры прыклад быў побач: яна бачыла, як у санаторыі працуюць медработнікі, таму вырашыла паступаць у Брэсцкае медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць “сястрынская справа” і паспяхова здзейсніла свой намер.
Вучыцца падабалася. У ліку любімых прадметаў значылася хірургія, а вось анатомія была найбольш складанай навукай. Асвойваць яе дапамагала выкладчык і класны кіраўнік у адной асобе Ірына Мазан, якая даступна ўсё тлумачыла. Цікавымі былі практыкі, што праходзілі ў абласной бальніцы. Шмат чаму навучылася Ала ў аддзяленні гнойнай хірургіі — добра атрымліваліся перавязкі. Падчас вучобы дзяўчына неаднаразова абараняла гонар установы на розных спартыўных спаборніцтвах — выдатна бегала, гуляла ў валейбол, таму яе фотаздымак вісеў на Дошцы гонару вучылішча сярод тых, хто славіў яго імя сваімі дасягненнямі ў спорце.

Вяртанне ў родную здраўніцу

У 2000 годзе паводле размеркавання Ала вярнулася ў любімы “Буг”. Пачынала паставой медсястрой. Ва ўсім ёй дапамагала, раіла і падказвала старэйшая калега — Валянціна Сац. У адпаведнасці з назначэннямі ўрача Ала рабіла ін’екцыі, выдавала лекі, вяла журнал засялення, іншае. Затым працавала ў водалячэбніцы, дзе распісвала адпачываючым час на водныя працэдуры, была спецыялістам па падводным душы-масажы. З 2013 года Ала Турбіцына перайшла ў кабінет гразелячэння, дзе рупіцца і цяпер.
— Раней лячэбныя сапрапелевыя гразі мы атрымлівалі са здраўніцы “Радон”, дзе іх здабываюць на во-зеры Дзікім, цяпер іх прывозяць з санаторыя “Прыдняпроўскі” з возера Святога, — расказвае Ала Мікалаеўна. — Хочацца адзначыць, што сапрапелевыя гразі адрозніваюцца высокім утрыманнем жалеза, кальцыю, брому, ёду, фосфару, магнію, серабра, калію, іншых макра- і мікраэлементаў. Мы прымяняем іх у выглядзе
аплікацый, якія кладзем на галёнкаступнёвыя, каленныя, локцевыя суставы, на паясніцу, пазваночнік, кісці, на вобласць страўніка, пячонкі, на іншыя органы і суставы. У выніку паскараецца крываток, тканкі забяспечваюцца кіслародам. Акрамя гэтага, гразі аказваюць супрацьмікробнае, супрацьзапаленчае, абязбольваючае дзеянне, актывізуюць ахоўныя сілы арганізма чалавека і садзейнічаюць яго выздараўленню. Іх можна прымяняць пры захворваннях апорна-рухальнага апарата, цэнтральнай нервовай сістэмы, органаў дыхання і стрававання, гінекалагічных, уралагічных, скураных і іншых захворваннях. Ёсць і супрацьпаказанні пры лячэнні сапрапелевымі гразямі, пра іх важна ведаць, каб сабе не нашкодзіць.
Суразмоўніца расказала і пра
гальванатэрапію, пры якой выка-рыстоўваюцца лячэбная гразь і электрычны ток. Працэдура ў многім нагадвае электрафарэз, толькі замест лекавага раствору на хворы орган або сустаў накладваецца гразевая аплікацыя і падключаецца пастаянны галь-ванічны ток сілай не больш за
1 мА. У кабінеце ажыццяўляецца і азакерыта-парафіналячэнне.
Ала Мікалаеўна праводзіць таксама сеансы лячэння пацыентаў у кіслароднай баракамеры, якая прызначана для аднаўлення пасля траўмаў і нагрузак, хірургічных аперацый, пахудзення і карэкцыі фігуры, амаладжэння скуры, пазбаўлення хранічнай стом-ленасці, іншага.
Мы сустрэліся з ёй у кабінеце ўдарна-хвалевай тэрапіі, дзе яна чакала адпачываючага, каб правесці працэдуру (на здымку).

Верная сваёй справе

На працягу многіх гадоў Ала Турбіцына застаецца вернай сваёй справе, здраўніцы і яе калектыву, які лічыць дружным, згуртаваным і прафесійным. У ім на паса-дзе інжынера па эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў рупіцца муж Мікалай Сяргеевіч. Радуюць сваімі поспехамі ўжо дарослы сын Саша і дачка-дзесяцікласніца Ангеліна. Як прызналася жанчына, калі ў сям’і лад ды згода, то й работа спорыцца, дазваляе прафесійна расці, удасканальвацца і прыносіць вялікае задавальненне.

Алёна НІКАНЧУК