Некалькі яскравых лічбаў

Сёлета 26 красавіка ўжо ў пяты раз паводле рашэння Генасамблеі ААН будзе адзначацца Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе.
У той красавіцкі дзень 1986 года ў выніку аварыі радыяцыі падвергліся амаль 8,4 мільёна чалавек у краінах-суседках — Беларусі, Украіне, Расіі. Нават праз 35 гадоў пасля трагедыі ў Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях на заражаных тэрыторыях пражываюць больш за мільён нашых суайчыннікаў. У атручанай зоне месцяцца дзве тысячы населеных пунктаў.
Вучоныя падлічылі: страты, звязаныя з радыеактыўным выпраменьваннем тэрыторый і сацыяльна-эканамічнымі вынікамі аварыі на ЧАЭС, за гэты час склалі 235 мільярдаў долараў ЗША. Гэтыя сродкі выдзяляліся дзяржавай, а таксама дабрачыннымі замежнымі арганізацыямі і фондамі на ліквідацыю наступстваў катастрофы.
Важным дасягненнем апошняга часу стала завяршэнне ў 2019 годзе ўстаноўкі на месцы 4-га блока ЧАЭС новага саркафага над старым аб’ектам “Сховішча”. На здзяйсненне праекта больш за 45 краін-донараў выдаткавалі 2,2 мільярда еўра. Гэтае мерапрыемства — адзін з найбуйнейшых прыкладаў міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне ядзернай бяспекі.
І праз многія гады чалавецтва разумее і памятае, наколькі вялікую небяспеку могуць несці тэхнагенныя катастрофы, падобныя чарнобыльскай.
Анатоль БЕНЗЯРУК