Кукуруза — адна з найбольш ужывальных у свеце культур. Пры гэтым асноўнай праблемай пры яе вырошчванні становіцца пашкоджанне надзвычай небяспечным каранцінным шкоднікам — кукурузным жуком.
На сённяшні дзень у нашай вобласці ён зарэгістраваны ў Брэсцкім, Бярозаўскім, Маларыцкім, Кобрынскім і, на жаль, Жабінкаўскім раёнах. На Жабінкаўшчыне выяўлены два ачагі шкодніка ў ААТ “Ракітніца” на плошчы 24 га. Жукі псуюць мяцёлкі і слупкі жаночых суквеццяў, маладыя пачаткі, лісце. Пашкоджанні генератыўных органаў паніжаюць колькасць зярнятак у пачатку і ўраджайнасць. Аднак найбольшую небяспеку нясуць лічынкі, якія сілкуюцца каранямі кукурузы, што замаруджвае рост раслін, памяншае ўраджайнасць. Акрамя таго, лічынкі — пераносчыкі грыбковых, вірусных і бактэрыяльных захворванняў кукурузы.
У сувязі з гэтым распрацаваны комплекс каранцінных, арганізацыйных, агратэхнічных і хімічных мера-прыемстваў па абароне кукурузы ад гэтага масавага шкодніка. Асноўныя і абавязковыя меры наступныя: на працягу трох гадоў забараняецца нязменнае вырошчванне кукурузы; палі гэтай культуры павінны месціцца не менш чым за паўтара кіламетра ад каранціннай фітасанітарнай зоны; пасевы патрабуецца прыбраць ад дарог міжнароднага значэння.
Калі вы любіце вырошчваць кукурузу на дачы, ніколі не сейце яе на адным і тым жа месцы. Вяртайцеся да яго толькі праз 3-4 гады. У прамежкавы перыд пасадзіце там ячмень, пшаніцу, сланечнік, бульбу — культуры, якія непрыдатныя для развіцця лічынак заакіянскага госця. Пазбаўленыя паўнавартаснага харчавання кукурузныя чарвякі загінуць.
Вольга САВАСЦЯНЧЫК, вядучы аграном — дзяржаўны інспектар раённай дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін
Главные новости
