НЕ ВЕРЦЕ, ШТО ЧАС УСЁ ЗАЛЕЧЫЦЬ

Найстарэйшым з драмлёўцаў, які пазбегнуў знішчэння 11 верасня 1942 года, быў Павел Варфа-ламеевіч Ляўчук. Яму давялося да смерці насіць груз вялікай трагедыі.

На Купалле

Павел нарадзіўся ў Варфаламея і Ульяны Леўчукоў 7 ліпеня 1900 года. Гэта быў асаблівы дзень, якому папярэднічала незвычайная купальская ноч. Таму і свята ў гонар Хрысціцеля Гасподняга ў народзе называлі Іванам Купалам (а яшчэ — Пятроўскім Янам, Іванам Летнім ці Вялікім, Іванам Посным або Злосным і нават Янам Ведзьміным). Царква, якая адзначала Раство Іаана Прадцечы, вядома, сялянскія забабоны асу-джала. Ды ўсё роўна з веку ў век у купальскую ноч моладзь правіла старажытны абрад, вытокі якога сягалі ў паганскія часы. Хлопцы і дзяўчаты палілі вогнішчы, шукалі ў спадзяванні шчасця загадкавую і недасяжную Папараць-кветку, а звонкія дзявочыя галасы спявалі зазыўна-гарэзліва:

Няхай, мальцы, так,
Няхай будзе мір!
Няхай кожны з вас усяк
Возьме на выбор
Любую ад нас!

Менавіта ў такі дзень, калі спявалі пра мір ды любоў, і прыйшоў у свет малы Павел. Не ведаю, ці шукаў ён, як падрос, сваю чароўную Кветку, але 11 верасня 1942 года — у дзень Усячэння галавы Іаана Хрысціцеля, што завецца ў народе Галавасекам ці Галаварэзам, Ляўчук цудам уратаваўся.
Пасля вызвалення ён сведчыў пра жахі, якія здзейснілі карнікі над яго вёскай, знаёмымі, суседзямі, роднымі. У драмлёўскім полымі згарэла не толькі Паўлюкова сям’я, але і сям’я малодшага брата Міхала: жонка Марыя і дзеці: сямігадовая Надзейка, пяцігадовая Валя і маленькі Васька, якому 1 жніўня споўнілася ўсяго тры…

Сам-насам з горам

Перажыць такое гора няпроста… Не, проста немагчыма. І не верце, што час усё залечыць. Каб так было, ім гандлявалі б у аптэках. Усё, што можа час — мо крыху зарубцаваць на сэрцы раны ды папрасіць: “Калі ўжо выжыў — дык жыві далей…” І ён, драмлёвец, жыў, паціху працаваў, стварыў новую сям’ю, якою даражыў да самай смерці. А асабліва — сынам, які цяпер у Паўла быў адзіным…
У сям’і жабінкаўцаў Васіля Паўлавіча і Лідзіі Уладзіміраўны Леўчукоў драмлёўская тэма асаблівая. Аднаго разу яны падзяліліся ўспамінамі пра бацьку і свёкра, які перажыў вялікую жыццёвую трагедыю.
— Бацька быў старэйшым за матулю Лукер’ю на дзесяць гадоў. Яна паходзіла з роду Амельянюкоў. Пабраліся шлюбам у сорак сёмым, а 15 сакавіка наступнага года і я нарадзіўся. Хрысцілі мяне ў Вялікіх Сяхновічах, хроснымі сталі Вера Белавусава і Васіль Вашчук, — прыгадваў сын Васіль. — У Малых Сяхновічах (там, дзе цяпер знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей) тады месцілася Жабінкаўская машынна-трактарная станцыя. У МТС тата працаваў цесляром.
Размову працягнула нявестка:
— Ён прыйшоў у дом да Васевай маці разам з сябрам Гадлеўскім. Лукер’я Ціханаўна мне потым расказвала: “Бачу, ідзе да нас, вядзе з сабой карову і каня. Мне яго так шкада стала”. Яна тады была зусім адна, незамужняя, жыла ў бацькоўскім доме. А Павел прыйшоў — што значыць мужчына! — і ўсю хату перабудаваў. Майстар ён быў выдатны, усё ўмеў рабіць: і столі, і падлогу, і вокны, і дзверы. Гэтага ў яго было ні адняць, ні забраць.
З гэтым згаджаецца Васіль Паўлавіч:
— Так, аднаўляў хату бацька дзесьці ў сярэдзіне 1950-х
гадоў. Раней яна стаяла проста на камянях без фундамента. Калі ён шчыраваў, нават я трошкі дапамагаў. Жылі па-сялянску проста, трымалі гаспадарку. Час ад часу разам з татам ездзілі на цягніку ў Брэст, дзе гандлявалі на рынку мясам. У гэтых паездках заўсёды спыняліся ў Вашчукоў, у майго хроснага Васіля Цімафеевіча. Там начавалі, а раніцай выпраўляліся на рынак. Я за таварам прыглядваў, а бацька гандляваў. Гаспадарлівы быў вельмі, цягавіты.
Для бацькі Сяхновічы сталі новай малой радзі-май, атрыманай замест знішчанай… Яго жыццё скалечыла драмлёўская трагедыя, дзе загінулі і жонка, і дочкі. Пасля знішчэння роднай вёскі тата мог застацца ў сваякоў у Вялікіх Якаўчыцах, а трапіў у Малыя Сяхновічы, бо тут маці знайшоў.
Неяк расказваў пра сваё вяртанне з Якаўчыцаў, пасля таго, як ужо згарэла Драмлёва. Па кавалку тканіны, што захавалася на гарачым яшчэ папялішчы, пазнаў ён і жонку, і сваіх дачушак. Так-так, толькі па кавалку і пазнаў…
Са свайго боку ўспомніла пра тое і Лідзія Ляўчук:
— У свёкра да смерці (а памёр ён 14 снежня 1977 года ў Малых Сяхновічах) заставаліся рукі са слядамі апёкаў, бо, шукаючы сваіх родненькіх, проста далонямі рыўся на гарачым папялішчы.
Сляды былі не толькі на руках, але й на сэрцы…

Даражыў адзіным сынам

— Помню, — гаворыць сын, — было мне яшчэ мала гадоў, але ўжо касіць умеў. У калгасе давалі дзялянкі, каб нарыхтоўваць сена. Тыя сенакосы былі амаль ля самай спаленай вёскі. Пайшлі паглядзець разам з бацькам, і ён мне паказаў: “Вось тут быў мой дом”, — і зрабіўся ўвесь журботны. У той час на месцы Драмлёва не было ніякага знака — нічога не было, а толькі луг, дзе раней драмлёўцы сабе сена касілі.
Доўгі час Васіль і Лідзія Леўчукі лічылі, што раней Павел Варфаламеевіч меў толькі дачок. Мне, як гісторыку, давялося пераканаць іх у іншым:
— Відаць, вы не ведаеце, але першынцам у сям’і Паўла Леўчука і яго першай жонкі Ганны (яна паходзіла з якаўчыцкага роду Канючкаў) быў сын Мікалай. Праўда, ён памёр гадавалым, пахаваны 18 кастрычніка 1937 года на сцяпанкаўскіх могілках. І вось яшчэ адзін збег акалічнасцяў: у той самы дзень, калі хавалі хлопчыка, у Паўла і Ганны нарадзілася старэйшая дачка Ніна… Як гаворыцца: Бог даў, Бог узяў.
Гэтыя мае заўвагі-ўдакла-дненні ўразілі Васіля Леўчу-ка, які ціха прамовіў:
— Я не ведаў… Столькіх згубіў… не дзіва, што быў часам надта нервовы… Калі што не так — ганіць маці, што не ўберагла мяне. Аднойчы, як я зваліўся з каня, бацька моцна папракаў яе. Мне тады было гадоў дванаццаць. Спякота стаяла, жніво ішло. У тыя часы мы, малыя, усё маглі па гаспадарцы рабіць… Коней у калгасе было шмат. У той дзень бульбу акучвалі ці нешта іншае рабілі, а пасля працы косю патрэбна было завесці на пашу. Мы ж хлопцы маладыя, гарачыя: ну і давай навыперадкі — хто хутчэй! Ды конь мне трапіў наравісты, вырашыў на ім канаву пераскочыць, дый не ўтрымаўся і зваліўся, галавой ударыўся, згубіўшы прытомнасць. Як бацька перажываў, як на маці крычаў: “Навошта ты яму дазволіла? Ён жа малы!”
Напрыканцы не мог не запытацца, ці наведваў Павел Ляўчук Драмлёва.
— Так, штогод на Галавасек ён выпраўляўся ў сваю вогненную вёску, заўжды заходзіў на курган, бо не было яшчэ ніякага мемарыяла (той узнік ужо пасля Паўлавай смерці). Дабіраўся веласіпедам, днём выязджаў, пад вечар вяртаўся. У царкву не заходзіў, адразу ішоў у Драмлёва. У Сцяпанках, побач з могілкамі, дзе закапаныя драмлёўцы, жыла яго родная сястра Марыя, і Павел заўсёды заходзіў да яе, а потым крочыў на клады. Хадзіў адзін, людзі потым пераказвалі: плакаў там наўзрыд, а пасля зноў станавіўся нервовым.
…Так, рукі, сэрца, нервы… Памяць.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: сын Паўла Варфаламеевіча ЛЕЎЧУКА Васіль з жонкай Лідзіяй.