НЕ ТРЭБА СПЯШАЦЦА ДАДОМУ…

11 верасня 1942 года, калі была знішчана наша “вогненная вёска”, жывымі засталіся зусім няшмат драмлёўцаў. Але няўмольны час забіраў і іх. Мо адной з апошніх пайшла на той свет Марыя Рыгораўна Пасюк, у дзявоцтве — Данілюк, у пашпарце якой месцам нараджэння было пазначана Драмлёва.

Вёска не адрадзілася, засталася толькі памяць ды радок у галоўным дакуменце нямногіх, каму пашчасціла застацца жывымі. Бабуля Марыя больш за паўвека, як выйшла замуж, жыла ў вёсцы Селішчы. У апошнія гады пачувала сябе не лепш: даймалі розныя хваробы, хадзіла з цяжкасцю, але па-ранейшаму лічыла, што Бог уратаваў яе ў той дзень, як палілі вёску. Вось яе расказ.
…Надта ж не пускалі дзяўчыну тады ў Брэст бацькі: час ваенны, небяспечны, а ісці далёка пехатою. Але збіралася ў дарогу стрыечная сястра Вера Юрасік, якая вучылася ў прыватнага майстра на швачку. Вось і ўпрошвала родзічку:
— Маня, давай разам сходзім.
Ды і самой Марыйцы вельмі ж хацелася пабачыць вялікі горад. Дзяўчына — да маці:
— Адпусціце мяне туды.
— Куды?! — ажно ўзвілася Соф’я Сцяпанаўна. — У Брэсце ж немцы! Куды ты пойдзеш? Цябе і бацька не пусціць…
Рыгор Міхайлавіч тады якраз паехаў у поле. Дачка дагнала і сказала:
— Тато, адпусціце ў Брэст. Вера ідзе туды. Я хачу горад паглядзець.
Спярша бацька адмовіў, як адрэзаў:
— Куды цябе нясе? Вось я крышку з гаспадаркаю ўпраўлюся ды завязу цябе, пакажу горад. — Аднак Марыйка так упрошвала, што Данілюк хутка здаўся: — Ну, добра, ідзі. Толькі будзь асцярожней.
Як бегла дамоў, пазней расказвала Марыя Рыгораўна, — пяткі да вушэй даставалі! Імгненна падзялілася сваёй радасцю з маці:
— Мамо, тата адпусціў мяне!
Соф’я Сцяпанаўна толькі рукамі развяла, дала яек, масла, каб дачка прадала на рынку, яшчэ раз нагадала, каб бераглася, і сястрычкі-сяброўкі пайшлі ў Брэст.
Было 10 верасня. А шостай гадзіне — толькі сонца ўзнялося — яны ўжо на нагах, і пешшу рушылі ў горад.
Вера пакінула Маню на кватэры, якую здымала, а сама падалася да майстра, у якога вучылася. Сяброўку папярэдзіла:
— Сядзі, чакай, нікуды не хадзі сама. Як вярнуся, тады і пагуляем.
Але ж гадзіна за гадзінаю мінала, а Вера ўсё не прыходзіла. Марыйка ўжо і хвалявацца пачала, калі надвячоркам сяброўка ўсё ж пераступіла парог.
— Ну, усё. Цяпер і вяртацца можна.
— Як вяртацца?! — запярэчыла Маня. — Вера, я ж і горада не пабачыла. Што ты?! Давай ужо заўтра вернемся, а зараз па Брэсту паходзім.
Быццам нехта падказаў: не трэба спяшацца дадому…
Вера зірнула ў Машыны вочы, напоўненыя такой мальбою, што і адмовіць цяжка, ды згадзілася:
— Ну, добра, але заўтра пабуджу раненька, каб не ныла мне, узнялася без усялякага якага.
І вось яны засталіся, паблукалі па горадзе, прадукты прадалі, а ўжо ранкам, адзінаццатага на світанку, прачнуліся дый рушылі назад дамоў. Калі ўжо зусім нядоўга заставалася да дому, зайшлі ў Навасады, дзе жыў колішні драмлёвец Якаў Шпак. (Матуля Марыі была са Шпакоў). Хацелі трохі адпачыць у сваяка і ад яго пачулі:
— Ужо няма Драмлёва, спалена…
— Як спа-ле-на???
Дзяўчаты — у слёзы, а дзядзька Шпак працягвае:
— …і бацькоў вашых ужо няма…
Вера з Машай забыліся на стому — і бягом у Сцяпанкі. Адтуль відно: Драмлёва дагарае, яшчэ па папялішчы немцы лазяць, перад вачыма — жудасны малюнак: на месцы хат — адны коміны тырчаць… Далей спяпанкаўцы дзяўчат ужо не адпусцілі. Яны вярнуліся зноў у Навасады.
— Галосім, плачам, як нам быць далей, не знаем, куды пайсці, дзе прытуліцца, — прыгадвала праз доўгія гады Марыя Рыгораўна. — Як жыць самой у чатырнаццаць год? Не стала бацькі, маці, сястры малодшай Еўдакіі.
Добра, што адшукаўся меншы брат — Міша Данілюк — той хлопчык, пра каго згадаў аднойчы Міхаіл Іванюковіч, што дажываў свой доўгі век у Горках: “I тут мы бачым: бяжыць па канаве малы. Я кінуўся за ім, дагнаў у Сцяпанках. Гэта быў сын Рыгора Данілюка Міша. Яму было гадкоў сем. Палітко курылася, твар і ногі абпечаны. Страшна пераляканы, усё паўтарае: “Там пух-пух…”
На другі дзень пасля трагедыі Марыя даведалася: у Алізаравым Ставе ляжыць нейкі абгарэлы хлопчык, гавораць, што сын Грышкі. А Рыгора Данілюка ўсе па вулічнаму называлі Грышкам. Марыйка адразу падумала, што гэта яе брат.
— Дабягаю да Става, — успамінала яна пазней, — а наш Міша ляжыць захутаны ўвесь, абпалены. Тут разам — і радасць, і слёзы. І плачам ад таго, што бацькі загінулі, і ад таго, што мы жывымі засталіся.
Са слязьмі прыціскала Марыя да сабе Мішу, разумеючы, што сталі яны ў адначассе сіротамі. Калі ён трохі акрыяў, пайшлі брат і сястра па навакольных вёсках. Трохі пажылі ў дзядзькі Якава Шпака ў Навасадах, пасля — у цёткі Матроны Алізарук у Алізаравым Ставе, а затым забралі іх да сябе ў Жыцінь далёкія родзічы Філіпукі.
У Піліпа Пятровіча і Кацярыны Васільеўны дзяцей не было, і Філіпукі клапаціліся пра сірот, як пра сваіх дзетак: і кармілі добра, і да працы прывучалі, пакуль тыя не падраслі ды ў людзі не выйшлі.
Марыя Пасюк доўга працавала санітаркай у радзільным аддзяленні раённай бальніцы. З мужам вырасціла трох дачок: Надзея — у Чарнаўчыцах, Вера — у Мінску, а старэйшая Галіна — ажно ў Германіі.
Былы старшыня Сцяпанкаўскага сельсавета Іван Макасюк аднаго разу згадаў Марыю Рыгораўну:
— Калісь цікавіўся лёсамі выратаваных, аднак склалася ў мяне ўражанне: не трэба іх трывожыць. На хутарку каля Налезнікаў жыла Марыя Пасюк. Неяк зайшоў да яе ў хату, каб пра Драмлёва распытаць, і, паверце, не змог размову пачаць — пытанні быццам у горле застывалі…
Колькі жыла Марыя Рыгораўна, для яе 11 верасня заставалася чорнай датай. Помніў той Галавасек і муж, Васіль Ігнатавіч Пасюк. Ён падлеткам жыў у Селішчах, бег да Драмлёва на пажар, ды немец з кулямётам не падпусціў блізка…
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: “Апошняя сведка драмлёўскай трагедыі” — так называўся апошні прыжыццёвы артыкул, прысвечаны Марыі Рыгораўне ПАСЮК (2004 год).