“Не раз гучала слова «памяць»”

Год таму ў “Сельскай праўдзе” быў надрукаваны артыкул “Не раз гучала слова «пакаянне»”. У ім быў расказ пра сустрэчу з нямецкай дэлегацыяй. Месцам таго спаткання стала былая вёска Драмлёва, спаленая карнікамі 11 верасня 1942 года. Было бачна: расповед пра трагедыю моцна крануў гасцей з ФРГ, таму кіраўнік групы Олівер ШНЕЕМАН паабяцаў вярнуцца праз год. Сваё слова ён стрымаў 25 ліпеня, калі прывёз у “вогненную вёску” новых прадстаўнікоў нямецкай грамадскасці.

На месцы мемарыяльнага комплекса іх сустракалі кіраўнікі раёна Вадзім КРАЎЧУК і Анатоль ШАЛТАНЮК. Сустрэча аказалася карыснай для абодвух бакоў. Яна не толькі дазволіла пазнаёміцца, але — і гэта галоўнае — дапамагла мацней адчуць адказнасць за гістарычную памяць. Нездарма гэтае слова гучала не аднойчы і на рускай, і на нямецкай мовах. Нават арганізацыя, якую прадстаўляюць госці з Германіі, завецца “Памяць дзеля будучыні”.
Па запрашэнні мэра горада Брэста Аляксандра РАГАЧУКА Олівер Шнееман ужо ў шосты раз у нашай краіне і, па ягоных словах, паспеў палюбіць Беларусь і яе цудоўны народ. Ён прэс-сакратар па замежных справах партыі “Дойчэ Мітэ”, якая выступае за добрасуседскія адносіны з нашай дзяржавай.
Звычайна ў маршруце спадара Шнеемана значацца горад над Бугам, Хатынь, Трасцянец. Летась да гэтых памятных мясцін, звязаных з памяццю пра вайну, дадалася і наша “вогненная вёска”. Сёлета быў працяг.
Госці і гаспадары абмяняліся не толькі рукапацісканнямі, але і літаратурай: немцы перадалі ў дар выданні, прысвечаныя іх родным мясцінам, беларусы — кнігу “Жабінка — горад-спадарожнік”, прэзентаваную на нядаўнім Дні горада. Са свайго боку, старшыня райвыканкама запрасіў прадстаўнікоў грамадскасці ФРГ наведаць мемарыял 11 верасня — у дзень, калі будзе ладзіцца рэквіем па “вогненай вёсцы”. Тым больш, што сёлета спаўняецца 80-годдзе трагедыі і сорак гадоў з часу, як на месцы колішняй вёскі паўстаў мемарыяльны комплекс.
Увогуле, цяжка знайсці чалавека, каго пакідае абыякавым лёс Драмлёва і драмлёўцаў. Пра тое, што адбылося на Галавасек, падрабязна расказаў гісторык, пісьменнік і журналіст Анатоль БЕНЗЯРУК. Вынік дзейнасці карнікаў жахлівы. У сваёй справаздачы яны назвалі колькасць ахвяраў: паміж вераснем і лістападам сорак другога года, калі была разгорнута аперацыя пад кодавай назвай “Драек” (“Трохкутнік”) галаварэзы знішчылі 44837 чалавек, у іх ліку — 183 мірныя жыхары з вёскі Драмлёва.
— На жаль, — адзначыў Олівер Шнееман, — у Германіі мала ведаюць пра Беларусь, а інфармацыя аб ёй распаўсюджваецца, як правіла, з негатыўным падтэкстам.
У пацвярджэнне ён прывёў сітуацыю, якая склалася, калі палітык і грамадскі дзеяч размясціў у нямецкамоўнай “Вікіпедыі” артыкул, прысвечаны Драмлёва. Аднак ужо праз лічаныя дні той артыкул быў знішчаны, бо некаму, відаць, вельмі не хочацца, каб распаўсюджваліся звесткі, што нагадваюць пра крывавы след, пакінуты карнікамі на беларускай зямлі.
Таму надзвычай важна, што сярод немцаў дастаткова людзей, якія памятаюць пра падзеі тых часоў і гатовыя дзейнічаць на карысць захавання памяці. За час наведвання Беларусі прадстаўнікі дэлегацыі зрабілі вялікую колькасць відэаматэрыялаў. Яны будуць пакладзены ў аснову дакументальнага фільма, прысвечанага лёсу беларускіх “вогненных вёсак”. І першай у іх спісе павінна стаць нашае Драмлёва.
Антон БЕРАСТОК
Фота Святланы БЯЛЯК