Цяжка знайсці чалавека, якога пакідае абыякавым лёс Драмлёва і драмлёўцаў. Прынамсі, я такіх не сустракаў. Вось і 28 чэрвеня, калі мемарыял на месцы спаленай вёскі наведалі госці з Германіі, лейтматывам гучалі словы “памяць” і “пакаянне”.
А яшчэ — пытанне:
— Ці былі тут афіцыйныя дэлегацыі з Германіі?
На жаль, нават неафіцыйных не было, хоць прайшло амаль 79 гадоў, як ператварылася ў попел наша вогненная вёска, і трыццаць дзевяць з часу заснавання на яе месцы мемарыяла.
Гэта гасцей уражвала бязмерна:
— Значыцца, мы першыя, але за намі пойдуць і іншыя. Калі вернемся — абавязкова раскажам пра тое, што пабачылі і пачулі. Але яшчэ раней з дапамогай Аляксандра (ён у нас блогер, які арыентуецца выключна на нямецкую аўдыторыю і мае ўжо 15 тысяч падпісчыкаў). Яго відэасюжэты жыхары Германіі маюць магчымасць бачыць анлайн.
Аляксандр Дэтлефсен — з прыморскага горада Кіль, хоць нарадзіўся ў Валгаградзе — вялікім праслаўленым горадзе на “самай рускай рацэ”. У 1995 годзе яго сям’я пераехала ў Германію. Аляксандр цудоўна валодае рускай і нямецкай мовамі, што называецца лёгка, з чыстага ліста, перакладае вялікія тэксты.
Яшчэ адзін рускамоўны госць — Ігар Весялоў — нараджэнец Рыгі, цяпер жыве ў Кёльне, прадстаўляе арганізацыю “Памяць дзеля будучыні”. У яго ёсць сябар-беларус Валерый Коцель. Той, калі даведаўся, што Ігар бу-
дзе на яго малой радзіме, папрасіў прывезці на памяць хоць жменю беларускай зямлі. Просьбу сябра Весялоў не забыў і ўзяў некалькі жменек глебы паблізу Драмлёва.
— Я по-русски говорю плохо, — сказаў яшчэ адзін кёльнец Олівер Шнееман і папрасіў перакладчыка перавесці канец фразы: — Але абяцаю, што праз год буду гаварыць добра!
53-гадовы Олівер узначальвае ў зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія аддзяленне адной з цэнтрысцкіх партый, якая выступае за паразуменне і сяброўскія адносіны Германіі з Расіяй, Беларуссю, Украінай. Чацвёрты госць — Генры Лоранц — жыве на поўдзень ад Берліна. Ён зусім не разумее рускую мову, але і без слоў бачна, наколькі ўразіў яго расповед пра падзеі 11 верасня 1942 года.
— Мы сябруем ужо не адзін год, — патлумачыў берасцеец Валерый Дзяркач, — нямецкая дэлегацыя ў больш пашыраным складзе прыехала ў Брэст 19 чэрвеня па запрашэнні мясцовых уладаў. Нашы госці ўражаны мерапрыемствамі, звязанымі з Днём смутку і памяці, што ладзіліся ў крэпасці да 80-годдзя падзей першага дня вайны. Цяпер яны ў Драмлёве — на гэтым святым месцы. Плануюць таксама наведаць мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Ёсць задума зрабіць рэпартажы пра ўсе вогненныя вёскі Беларусі, і пачынаем менавіта з драмлёўскай трагедыі.
Больш за гадзіну мы вялі гаворку пра Галавасек, згадваючы лёсы асобных людзей і цэлых сем’яў, забітых карнікамі ў той жудасны дзень, калі на 413-м годзе жыцця перастала існаваць сяло Драмлёва. Гісторыя стварэння мемарыяла ўразіла і прымусіла задумацца, наколькі шмат можа зрабіць чалавек: і разбуральнага, і стваральнага… Хоць ці былі сапраўднымі людзьмі тыя, хто ў сваёй справаздачы пазначалі: падчас аперацыі “Трохкутнік” знішчана 44837 чалавек, з іх толькі 113 партызанаў?..
Нямецкія госці былі ўдзячныя знаёмству, змястоўнаму расказу. Непакоіла іх толькі адно:
— Як жа мы не падумалі пра кветкі?!
Аднак час ужо прыспешваў рухацца далей. І тады было вырашана:
— Калі будзем вяртацца з Мінска, абавязкова яшчэ раз завітаем сюды, каб пакласці ў памяць пра вечнажывых жывыя кветкі мірнага лета.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: госці з нямецкіх гарадоў на месцы спаленай вёскі Драмлёва.
Главные новости
