4 кастрычніка ў нашай краіне стартаваў перапіс насельніцтва. Упершыню прыняць удзел у ім можна па інтэрнэце. Гэтай магчымасцю на сайтах census.by і перепись.бел толькі за першыя суткі скарысталіся звыш 160 тысяч чалавек.
Інтэрнэт-перапіс прадоўжыцца да 18 кастрычніка. Потым абодва сайты будуць зачынены. Белстат адсарціруе адрасы, па якіх людзі перапісаліся або анлайн, або праз стацыянарныя і мабільныя ўчасткі, якія працуюць паралельна з інтэрнэт-перапісам.
Жабінкаў-шчына таксама ўключылася ў перапісны працэс. Як паведаміла начальнік аддзела статыстыкі нашага раёна Алена Асадчая, жабінкаўцы даволі актыўна адказваюць на пытанні анкеты ў інтэрнэце, іншыя спяшаюцаа на стацыянарныя ўчасткі або да перапісчыкаў, якія заходзяць непасрэдна на прадпрыемства.
Напрыклад, Віталь Касцючык працуе ў філіяле КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскага ДРБУ № 103. Ён, як перапісчык, зможа дапамагчы сваім калегам адказаць на пытанні анкеты (здымак 2). “Вельмі зручна — нікуды не трэба ісці, — кажа Віталь Іванавіч. — Мне выдзелілі актавую залу, дзе можна размясціцца з планшэтам за сталом. Многія рэспандэнты адзначылі, што гэта добрая ідэя — паўдзельнічаць у агульнарэспубліканскай справе без адрыву ад вытворчасці, дый верагоднасць няправільна націснуць нейкую ўкладку ў апытальніку зводзіцца да нуля”.
Святлана Ляшук таксама перапісвае людзей на сваім працоўным месцы — у санаторыі “Буг”. Акрамя калег, яна анкетуе і замежных грамадзян, што аздараўліваюцца ў санаторыі на кантрольную дату 4 кастрычніка, і грамадзян Беларусі, у якіх няма магчымасці перапісацца па месцы жыхарства. Напрыклад, Святлана Уладзіміраўна перапісала Уладзіміра Мароза (здымак 1), які прыехаў у санаторый “Буг” з Падмаскоўя. Ён ужо другі раз адпачывае ў Беларусі, а жабінкаўская здраўніца паланіла яго чыстым паветрам і ветлівым персаналам.
Людміла Цывілька працуе лабарантам-мікрабіёлагам у Жабінкаўскай ЖКГ. На час перапісу яна змяніла свае штодзённыя абавязкі: наведвае адзінокіх, адзінока пражываючых, інвалідаў, пажылых людзей, якім цяжка самастойна рухацца і якіх абслугоўваюць спецыялісты Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу-гоўвання насельніцтва. Яе задача — перапісаць гэтых людзей. Людміла Васільеўна — жаданы госць у іх дамах. Напрыклад, пенсіянерка Ніна Аляксандраўна Какуша, жыхарка райцэнтра, з задавальненнем адказала на пытанні анкеты і выказала ўдзячнасць за тое, што не абмінуў яе хату перапісчык (здымак 3).
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Главные новости
