
У народзе прынята лічыць, што добра чалавеку аказацца ў патрэбным месцы і ў патрэбны час. А калі адбываецца наадварот?.. Дык тады, бывае, узнікае канфліктная сітуацыя, якая і да суда можа прывесці. Як у выпадку, пра які ніжэй раскажам.
Аўтамабіль “Пежо” шпарка бег па трасе. За рулём быў Дзяніс К. Каля Федзькавічаў ён рашыў праехаць вакольным шляхам цераз Замошаны, каб не сустрэцца з работнікамі ДАІ і не адказваць, чаму ён за рулём таксі. Праўда, Дзяніс ніколі не быў кіроўцам таксі.
Але ж у жыцці часам бываюць спатканні, якіх чалавек не жадае. Якраз у Замошанах ім выпала сустрэцца з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, нават быў складзены пратакол, бо адзін з пасажыраў не быў прышпілены рэменем бяспекі.
Машына ДАІ паехала, а двое пасажыраў, сярод якіх быў і Уладзіслаў С., папрасілі схадзіць у прыбіральню ў гаспадара дома, насупраць якога стаяла таксі.
Атрымаўшы дазвол, пайшлі, але дзверы ў прыбіральні адкрыць не змаглі і памачылі зямлю побач. З-за гэтага і ўзнік канфлікт, які ўрэшце прывёў да таго, што Уладзіслаў стукнуў адзін раз Андрэю А. у твар, а той раптам адступіў назад і пачаў павольна апускацца да нізу. Падаючы ўніз, схапіўся за агароджу з металапрофілю і моцна параніў руку.
Разумеючы, што нельга да канца накаляць абстаноўку, бо могуць добра намяць бакі няпрошаным “гасцям”, тыя хуценька з’ехалі. Хоць экспертыза прызнала, што Уладзіслаў С. па неасцярожнасці прычыніў Андрэю А. пашкоджанні ў выглядзе скальпіравана-рэзаных ранаў і аднесла іх да менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў, Уладзіславу, аднак, прыйшлося трымаць адказ за свой хуліганскі ўчынак.
Суд прааналізаваў сабраныя па гэтай справе доказы і прыйшоў да высновы, што абвінавачваемы прычыніў пашкоджанні па неасцярожнасці, таму выпраўленне яго магчыма без ізаляцыі ад грамадства. Улічвалася пры гэтым чыстасардэчнае раскаянне вінаватага ў здзейсненым.
Такім чынам, на аснове артыкула 155 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суд раёна назначыў Уладзіславу С. пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ на тэрмін сто гадзін, а таксама спагнаў з яго працэсуальныя выдаткі за правядзенне экспертызы.
Віктар НОВІК, суддзя суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль БЕНЗЯРУК
