«Назаўжды ў маім сэрцы»: 22 гады ў раёнцы — ад першакурсніцы да рэдактара

«Назаўжды ў маім сэрцы»: 22 гады ў раёнцы — ад першакурсніцы да рэдактара

У раёнку я трапіла зусім юнай – мне ледзве споўнілася 18 гадоў. Мяне, першакурсніцу журфака БДУ, прымаў на работу Іван Сямёнавіч Міцковіч. Старэйшыя калегі па журналісцкаму цэху здаваліся мне небажыхарамі, хаця многіх я ведала завочна па артыкулах у газеце (а раёнку ў нашай сям’і выпісвалі больш, чым я пражыла на свеце). Кожны са сваім светапоглядам, меркаваннем і думкамі, аднак усе: Людміла Канстанцінаўна Каско, Васіль Якаўлевіч Сахарчук, Расціслаў Мацвеевіч Бензярук, Святлана Мікалаеўна Вішнеўская, Ірына Фёдараўна Жук – заўжды былі гатовыя прыйсці на дапамогу, тлумачылі, як лепей раскрыць тэму, давалі слушныя парады. Побач з імі я сталела і расла прафесіянальна.

Непрыкметна са спецыяліста рэдакцыйнага персаналу “дарасла” да загадчыка аддзела эканомікі, а ў лістападзе 2021 года ўзначаліла рэдакцыю. Як і мае папярэднікі, я старалася захоўваць творчую, добразычлівую атмасферу ў калектыве. Рэдакцыйны калектыў быў сапраўды маёй другой сям’ёю – часта ўзгадваю Ірыну Міхнюк, Вольгу Гарошка, Уладзіміра Севярынчыка, Анастасію Гатоўчыц, Анатоля Бензерука, Вольгу Закіраву, Наталлю Аляксейчык, Алену Ануфрыюк, Дар’ю і Алёну Ніканчук, кіраўнікоў – Святлану Вішнеўскую, Яніну Кепцюху, Алену Сіняўскую. Мы разам пісалі гісторыю раёна, адлюстроўваючы яе ў артыкулах і фотаілюстрацыях на старонках “Сельскай праўды”.

Прафесія журналіста заўжды падабалася мне сваёй непрадказальнасцю: раніцай плануеш адно, а атрымліваецца зусім іншае. Сустрэчы з незвычайнымі людзьмі, неспадзяваныя паездкі, мерапрыемствы і канферэнцыі… У гэтым калейдаскопе падзей трэба аператыўна выбраць самае галоўнае, “прапусціць” праз сэрца і падаць чытачам маляўніча і зразумела.

За 22 гады маёй працы ў раёнцы змяніліся падыходы да вёрсткі, фармату і падачы матэрыялаў. Мы прайшлі шлях ад масіўных камп’ютараў, дыскет і плёначных фотаапаратаў да лічбавага веку, сацыяльных сетак і імклівых месенджараў. Змяніўся дызайн, змянілася назва, але галоўнае засталося нязменным – людзі і шчырасць кожнага друкаванага радка.

У гісторыі раёнкі я засталася 15-м па ліку рэдактарам. “Сельскай праўдзе” прысвяціла добрую палову свайго жыцця і ганаруся, што гэта было і ёсць у маёй біяграфіі.

Нашы шляхі з раёнкай разышліся, цяпер мае журналісцкія дарогі значна пашырыліся і вядуць да гарадоў і вёсак Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

Усё, што мы рабілі і робім, – гэта дзеля вас, нашы паважаныя і любімыя чытачы. Дзякуючы вашаму даверу, вашым тэлефонным званкам, шчырым размовам у вясковых хатах і на гарадскіх вуліцах нараджаліся лепшыя матэрыялы. Вы былі і застаяцеся галоўным натхненнем і самымі строгімі суддзямі.

Напярэдадні дня нараджэння нашай роднай газеты хачу сказаць асабліва цёплыя словы кожнаму, хто трымае свежы нумар у руках. Дзякуй вам за вернасць! Трымайцеся сваіх каранёў, шануйце сваю малую радзіму і чакайце раёнку кожную сераду!

Што хочацца пажадаць цяперашняй моцнай і творчай камандзе? Не паніжайце высокую планку падпіскі, пішыце пра людзей і для людзей. Няхай ваша пяро будзе вострым, думкі – смелымі, а руку заўсёды трымайце на пульсе жыцця Жабінкаўшчыны! З надыходзячым святам, родная “Сельская праўда” – “Жабінка актуальна”! Дзякуй за гады, якія назаўжды ў маім сэрцы.

Святлана КІСЛАЯ

Фота з уласнага архіва аўтара