У Беларусі для інвалідаў па зроку з’явіліся новыя тэхнічныя сродкі. З імі пазнаёмілі на нядаўнім семінары-трэнінгу сяброў Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” старшыня абласнога праўлення грамадскага аб’яднання Ірына Юрэня і яе намеснік Андрэй Лявіцкі.
Найперш, гэта тыфлатэхнічны сродак рэабілітацыі — мультымедыйны анлайн-прайгравальнік “Webbox-3”, распрацаваны спецыяльна для лю-дзей з парушэннямі зроку. З яго дапамогай можна чытаць кнігі і газеты, слухаць тэле- і радыёканалы, інтэрнэт-навіны.
Навінка прыйшла да нас дзякуючы міжнароднаму праекту “Штодзённы незалежны безбар’ерны доступ да інфармацыі для невідушчых у Беларусі”, які БелТІЗ рэалізуе сумесна з прадстаўнікамі Швецыі і Фінляндыі пры тэхнічным суправаджэнні мінскага “Цэнтра паспяховага чалавека” і фінансавай падтрымцы “ForumSyd”.
На семінары жабінкаўцы даведаліся, як карыстацца “Webbox-3”, падключаным да інтэрнэту. Інавацыйнае зручнае прыстасаванне ўпэўнена набывае новых прыхільнікаў сярод сяброў раённай арганізацыі БелТІЗ, паколькі аказалася даволі простым у карыстанні нават для пажылых людзей.
Не меншую зацікаўленасць выклікала і навігацыйная сістэма для людзей з інваліднасцю — яшчэ адна навінка ад “Цэнтра паспяховага чалавека”. Гэты праект фінансуецца Пасольствам ЗША пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.
У межах рэалізацыі праекта “Больш свабоды: навігацыйныя сістемы для людзей з інваліднасцю”, сёлета ў кожным абласным цэнтры на сацыяльна значных аб’ектах усталёўваюцца сістэмы “Крокі на Гукі”. Гэтая навігацыя — першы айчынны прадукт, што ўяўляе сабою інфарматар размоўны — гукавы электронны (ІРГЭ) з дыстанцыйным кіраваннем. Ён мае бясплатны мабільны дадатак для татальна невідушчых і людзей з пагоршаным зрокам “BuzzPoint”. Перавага дадзенай сістэмы — мажлівасць дакладна вызначыць аб’ект, прычым “Крокі на Гукі” адначасова раскажуць карыстальніку, што знаходзіцца навокал.
У сталіцы навігацыйная сістэма ўжо дзейнічае ў Нацыянальным аэрапорце і на чыгуначным вакзале, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, дзяржаўным каледжы электронікі ды некаторых тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслуговання насельніцтва. Існуюць “Крокі на Гукі” і ў горадзе над Бугам. Прынамсі, 21 электронны інфарматар — на новым аўтавакзале. Акрамя таго, яны працуюць у Брэсцкай абласной і Баранавіцкай раённай арганізацыях Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, у будынках унітарных прадпрыемстваў “ЭлКіс” і “Вертэкс-Брэст” ГА “БелТІЗ”, на памежным пераходзе “Варшаўскі мост” і ў Жабінкаўскай школе-інтэрнаце.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА
Главные новости
